Пиши Дома Нужные Работы

Обратная связь

Заходняя Беларусь у складзе Польшчы (1921-1939 гг.) Уз’яднанне Заходняй Беларусі і БССР

Заходняя Беларусь у складзе Польшчы

Згодна з умовамі Рыжскага міру, заключанага ў 1921 г. Заходняя Беларусь, дзе пражывала каля 5 млн. чалавек, аказалася пад уладай Польшчы. Яна была падзелена на 4 ваяводствы: Палескае, Навагрудскае, Беластоцкае і Віленскае, якія ў сваю чаргу дзяліліся на гміны. Паколькі гэтая тэрыторыя гранічыла з СССР і заставалася небяспека аддзялення Крэсаў Усходніх, то польскія ўлады не імкнуліся развіваць тут прамысловасць. Структура эканомікі захавала асноўныя рысы дарэвалюцыйнага часу. Прамысловасць была прадстаўлена прыкладна 2 тысячамі прадпрыемстваў, але 80% з іх былі дробнымі, а агульны аб’ём вытворчасці ў 1939 г. не дасягнуў узроўню 1913 г. і ў 9 разоў быў меншым, чым у БССР. Асноўнымі галінамі вытворчасці былі перапрацоўка сельскагаспадарчай сыравіны і лесу. Цяжкае эканамічнае становішча прымушала жыхароў Заходняй Беларусі мігрыраваць за мяжу ў пошуках сезоннай працы або на пастаяннае месца жыхарства. З 1921 па 1939 гг іх колькасць склала 130 тысяч чалавек. Польскія ўлады праводзілі на землях Заходняй Беларусі паланізатарскую палітыку і акаталічванне. З 500 праваслаўных храмаў 300 былі пераўтвораны ў касцёлы. 359 беларускіх школ, якія існавалі ў 1919, былі закрыты. Толькі дзякуючы намаганням Таварыства беларускай школы, якое дзейнічала з 1921 па 1937 гг, у 1927 г. урад дазволіў адкрыць 24 беларускія і 49 змешаных польска-беларускіх школ. Але і польскіх школ не хапала.

Складанае эканамічнае, культурнае, нацыянальнае становішча насельніцтва падштурхоўвала народныя масы да рэвалюцыйнай і нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Перыядычна, асабліва ў гады крызісаў, актывізоўваўся стачачны рух. Ужо з 1921 г. разгарнулася партызанская барацьба, удзел у ёй прынялі каля 6 тысяч чалавек. Паводле афіцыйных звестак, у 1922-1923 гг. партызаны здзейснілі 1380 нападаў на памешчыцкія маёнткі, паліцэйскія ўчасткі. У 1923 г. была ўтворана Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). Нягледзячы на тое, што згодна з крымінальным кодэксам прыналежнасць да камуністычнай партыі каралася пажыццёвым турэмным зняволеннем, у яе шарэнгах налічвалася да 4 тысяч чалавек. Восенню 1925 г. узброеная барацьба ў Заходняй Беларусі, па сутнасці, спынілася. На першы план сталі выходзіць легальныя формы барацьбы.



У 1921-1923 гг. значны ўплыў сярод сялянства мелі беларускія эсеры. Але ў 1924 г. БПС-Р спыніла сваю дзейнасць, а група каля 300 чалавек - левых эсераў утварылі Беларускую рэвалюцыйную арганізацыю (БРА) і ўліліся ў склад КПЗБ. Нацыянальны ўхіл, але зусім другі праграмны напрамак мела Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД). Яна выступала за эвалюцыйны шлях развіцця, агранічаныя рэформы, у прыватнасці, за надзяленне сялян зямлёй, але за выкуп, дэмакратычныя свабоды, захаванне духоўных каштоўнасцей.

Летам 1925 г. левыя сілы кансалідзіраваліся ў масавую легальную арганізацыю – Беларускую сялянска-работніцкую грамаду (БСРГ). Яна дзейнічала легальна, выкарыстоўваючы сродкі масавай прапаганды, сеймавую фракцыю – Беларускі пасольскі клуб (БПК). БСРГ дабівалася дэмакратычных свабод, перадачы зямлі сялянам без выкупу, скасавання асадніцтва, васьмігадзіннага рабочага дня, аб’яднання беларускіх зямель у адзінай незалежнай рэспубліцы. Хутка колькасць членаў грамады дасягнула 120 тысяч чалавек. Занепакоеныя ростам папулярнасці БСРГ, улады ў 1927 г. распусцілі грамаду і арыштавалі каля 500 яе актывістаў. Пасля ліквідацыі грамады адзінай легальнай формай барацьбы стала дэпутацкая фракцыя, якая пасля выбараў у сейм ў 1928 г. склала 10 чалавек. Яны ўтварылі Беларускі сялянска-рабочы пасольскі клуб “Змаганне”, але шырокага ўплыву сярод насельніцтва гэтае згуртаванне не мела. У першай палове 30-х гадоў нацыянальна - вызваленчы і рэвалюцыйны рух перажывалі крызіс. Узмацнілася рэпрэсіўная палітыка ўлад, у 1934 г. ў г. Бяроза-Картузская быў створаны першы ў Еўропе канцэнтрацыйны лагер. Сейм быў распушчаны. Пачаліся арышты. КПЗБ зрабіла спробу стварыць адзіны рабочы і антыфашысцкі Народны фронт, але пасля некаторага ажыўлення ў 1936-1937 гг. пачаўся спад рабочага і сялянскага руху. У верасні 1939 г. Заходняя Беларусь была ўз’яднана з БССР.

У другой палове верасня ўсходнія вобласці Польшчы былі заняты Чырвонай Арміяй. У некаторых населенных пунктах мяжа, пазначаная ў сакрэтным пратаколе да пакта 23 жніўня, была парушана германскімі войскамі, але пасля перамоў савецкіх і нямецкіх прадстаўнікоў усё было прыведзена ў адпаведнасць з папярэднімі пагадненнямі. У Брэсце адбыўся шырока вядомы цяпер сумесны парад савецкіх і германскіх войскаў, які прымалі генерал Г. Гудэрыян і камбрыг С. Крывашэін.

10 кастрычніка 1939 года, згодна з рашэннем урада СССР, Літва атрымала Вільню і Віленскае ваяводства, а летам 1940 года – яшчэ некалькі раёнаў Заходняй Беларусі.

Большасць сялян, рабочых, рамеснікаў, беларускай інтэлігенцыі Заходняй Беларусі сустракала Чырвоную Армію як вызваліцельніцу. Аднак партыйнае кіраўніцтва не мела да іх даверу, таму вырашыла на дзяржаўныя і партыйныя пасады ў мясцовай адміністрацыі прызначыць спецыялістаў з іншых рэгіёнаў СССР. 20 верасня 1939 года ЦК кампартыі Беларусі склаў спісы прадстаўнікоў для часовага кіраўніцтва, былі падабраныя на адказныя пасады партыйныя, савецкія і гаспадарчыя кадры. Усяго да 10 кастрычніка 1940 года ў Беластоцкую вобласць было накіравана 12 396 чалавек, Брэсцкую – 5 989 чалавек. Ва ўсіх гарадах і паветах былі створаны часовыя ўправы, у вёсках – сялянскія камітэты з мясцовых актывістаў, прадстаўнікоў Чырвонай Арміі і накіраваных з усходніх раёнаў камуністаў і камсамольцаў. Яны наладзілі працу прамысловых прадпрыемстваў, займаліся медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва і адчынялі школы для дзяцей.

1 кастрычніка 1939 года Палітбюро ЦК УКП(б) прыняло пастанову “Пытанні Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны”, у якім абавязала склікаць Украінскі і Беларускі Народныя сходы. 22 кастрычніка 1939 года ў Заходняй Беларусі былі праведзены выбары ў Народны сход (выбрана 929 дэпутатаў). Фактычна ад гэтых выбараў былі адхілены варожыя савецкай уладзе колы, таму асноўную масу дэлегатаў склалі прадстаўнікі былых КПЗБ і камсамольскай арганізацыі Заходняй Беларусі, збяднелага сялянства, пралетарыяту. Па нацыянальным складзе асноўная маса дэпутатаў (621 чалавек) былі беларусамі, на другім месцы – палякі (127 чал.), на трэцім – украінцы (53 чал.), рускія – усяго 43 чалавека, таксама налічвалася невялікая колькасць прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў.

28 – 30 кастрычніка ў Беластоку адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. Ён прыняў дэкларацыю аб устанаўленні савецкай улады на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі, аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель, нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці, аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад СССР і БССР, абраў паўнамоцную камісію, якая павінна была перадаць Вярхоўным Саветам СССР і БССР яго рашэнні. 2 лістапада 1939 года сесія Вярхоўнага Савета СССР і 12 лістапада сесія Вярхоўнага Савета БССР прынялі законы аб далучэнні Заходняй Беларусі да складу СССР і ўз’яднанні яе з БССР. У выніку гэтага тэрыторыя БССР павялічылася з 125,5 тыс. кв. км да 225,7 тыс. кв. км, а колькасць насельніцтва ўзрасла ў 2 разы і склала 10 200 000 чалавек. У снежні 1939 – студзені 1940 гг. быў праведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, створаны Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская вобласці і 101 раён. У лютым – сакавіку 1940 года былі заснаваны адпаведныя партыйныя і камсамольскія арганізацыі, мясцовыя органы ўлады. Паўсюдна пачаліся сацыялістычныя пераўтварэнні.

У лістападзе – снежні 1939 года былі нацыяналізаваны не толькі буйныя і сярэднія прадпрыемствы, але і частка дробных, аднак гэта не супадала з рашэннямі Народнага Сходу Заходняй Беларусі. Аднаўляліся і рэканструяваліся прамысловыя прадпрыемствы, будаваліся новыя фабрыкі і заводы. Да канца 1940 года ў Заходняй Беларусі дзейнічалі 392 прамысловых прадпрыемстваў, на якіх было занята каля 40 тысяч чалавек. Аб’ём прамысловай прадукцыі, у параўнанні з 1938 годам, вырас у 2 разы. Да вайны было створана 1115 калгасаў, якія аб'ядноўвалі 6,7% гаспадарак і 7,8% усёй зямлі. У адносінах да кулацтва праводзілася палітыка абмежавання яго ў маёмасных і палітычных правах. З раду раёнаў заходніх абласцей Беларусі органамі НКУС была выселена частка заможнага сялянства. У красавіку 1941 года былі ўсталяваныя нормы землекарыстання на сям’ю ў памеры 10, 12, 15 гектараў зямлі ў залежнасці ад мясцовых умоў.

У заходніх абласцях была створана савецкая сістэма сацыяльнага забеспячэння, уведзена бясплатнае медыцынскае абслугоўванне насельніцтва, адчынена шмат паліклінік, шпіталей. У 1940/41 вучэбным годзе дзейнічалі 5958 агульнаадукацыйных школ, 5 інстытутаў, 25 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Працавалі 5 драмтэатраў, 100 кінатэатраў, 92 дамы культуры, 220 бібліятэк. У беларускую савецкую літаратуру прыйшлі новыя людзі: П. Пестрак, М. Танк, У. Таўлай і інш.

Адначасова з мерапрыемствамі па пашырэнню сацыяльнай базы новай улады пачалася барацьба з “ворагамі народа". У канцы верасня 1939 года былі арыштаваныя, а затым рэпрэсіраваныя шэраг беларускіх дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху – А. Луцкевіч, У. Багдановіч, А. Станкевіч, І. Пазняк і інш. Паводле сакрэтнай пастановы НКУС СССР з Заходняй Беларусі высяленню падлягалі працаўнікі лясной аховы і асаднікі. З лютага 1940 па 20 чэрвеня 1941 гг. было рэпрэсіравана каля 100 тыс. чалавек. У 1939 – 1941 гг. на тэрыторыі заходніх абласцей дзейнічалі польскія падпольныя арганізацыі "Саюз барацьбы за незалежнасць Польшчы", "Саюз узброенай барацьбы", "Саюз польскіх патрыётаў", "Стральцы" і інш. Яны вялі антысавецкую прапаганду, стваралі таемныя сховішчы зброі.

Уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР было актам гістарычнай справядлівасці. Яно паклала канец падзелу Беларусі, аднавіла яе тэрытарыяльную цэласнасць, аб'яднала беларускі народ у адну сям'ю. Заходнія вобласці БССР за 1 год і 9 месяцаў зрабілі значны крок у сацыяльна-эканамічным развіцці і ажыццяўленні культурных пераўтварэнняў.






ТОП 5 статей:
Экономическая сущность инвестиций - Экономическая сущность инвестиций – долгосрочные вложения экономических ресурсов сроком более 1 года для получения прибыли путем...
Тема: Федеральный закон от 26.07.2006 N 135-ФЗ - На основании изучения ФЗ № 135, дайте максимально короткое определение следующих понятий с указанием статей и пунктов закона...
Сущность, функции и виды управления в телекоммуникациях - Цели достигаются с помощью различных принципов, функций и методов социально-экономического менеджмента...
Схема построения базисных индексов - Индекс (лат. INDEX – указатель, показатель) - относительная величина, показывающая, во сколько раз уровень изучаемого явления...
Тема 11. Международное космическое право - Правовой режим космического пространства и небесных тел. Принципы деятельности государств по исследованию...



©2015- 2024 pdnr.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.