Пиши Дома Нужные Работы

Обратная связь

Сац.-экан. і палітычнае развіццё БССР у др. палове 60-х – перш. Пал. 80-х гг. XX ст.

Да пачатку 1960-х гадоў Савецкі Саюз ператварыўся ў магутную індустрыяльна-аграрную дзяржаву. Тэмпы роста нацыянальнага дахода складалі да 10% у год. Змянілася структура эканомікі. З’явіліся нафтахімічная прамысловасць, вытворчасць штучных матэрыялаў, радыёэлектроніка. Усё гэта было характэрна і для БССР, як часткі СССР.

Але краіна развівалася пераважна па экстэнсіўнаму шляху. У канцы 1950-х гг. пачаліся шматлікія эканамічна непрадуманыя рэформы і рэарганізацыі, накшталт кукурузнай эпапеі, фарсіраваная пабудова камуністычнага грамадства і г. д. Краіну ліхарадзілі розныя раздзяленні раёнаў на прамысловыя і сельскагаспадарчыя, узбуйненні раёнаў, калгасаў, ліквідацыя хутароў. З пачатку 1960-х гг. пачалі нарастаць крызісныя з’явы ў сельскай гаспадарцы. Яна таксама развівалася пераважна па экстэнсіўнаму шляху, за лік засваення новых зямель. Мінеральных і арганічных угнаенняў уносілася ў глебу яшчэ недастаткова. Нягледзячы на ўзросшую колькасць сельскагаспадарчых машын, механізацыя асноўных тэхналагічных працэсаў была яшчэ недастатковай. Калгасы не мелі поўнай самастойнасці, яны часта залежылі ад валюнтарысцкіх загадаў зверху; аплата працы, хаця і павысілася, але заставалася нізкай. У выніку развіццё аграрнага сектара адставала ад прамысловага, ураджайнасць збожжавых культур не перавышала 10 – 12 цэнтнераў, бульбы – 70 – 100 цэнтнераў. Гэта ўспрыймалася як правал аграрнай палітыкі М.С. Хрушчова. З 1961 года пачаў адчувацца дэфіцыт прадуктаў харчавання, павысіліся цэны на мяса і масла. Краіна пачала закупляць збожжа за мяжой.

У кастрычніку 1964 года М.С. Хрушчоў быў абвінавачаны ў “валюнтарызме і суб’ектывізме” і вызвалены з займаемай пасады першага сакратара ЦК КПСС. Генеральным сакратаром ЦК КПСС стаў Л.І. Брэжнеў, старшынёй Савета Міністраў СССР – А.М. Касыгін.



Новае кіраўніцтва пачало эканамічныя рэформы. Іх пачатак быў пакладзены сакавіцкім (1965 г.) пленумам ЦК КПСС, які абмеркаваў пытанні развіцця сельскай гаспадаркі. Была зменена сістэма нарыхтовак сельскагаспадарчай прадукцыі, уводзіўся цвёрды і нязменны план на пяць гадоў для кожнага суб’екта гаспадарання, вызначаліся меры матэрыяльнага стымуліравання за звышпланавую праданую прадукцыю (50% надбаўка). Пры гэтым дзяржаўныя планы закупак збожжа зніжаліся. У паўтары-два разы павышаліся закупачныя цэны, павялічваліся капіталаўкладанні ў сельскую гаспадарку, пастаўкі сельскагаспадарчай тэхнікі. Павышалася самастойнасць калгасаў і саўгасаў, уводзіліся элементы гаспадарчага разліку.

У верасні 1965 года Пленум ЦК КПСС абмеркаваў праблемы кіравання прамысловасцю, удасканалення планавання і ўзмацнення матэрыяльнага стымуліравання прамысловай вытворчасці. З больш чым 100 паказчыкаў для справаздачнасці, якія спускаліся прадпрыемствам зверху, былі пакінуты толькі 8, прычым галоўным крытэрыем ацэнкі эффектыўнасці работы завода або фабрыкі станавілася не валавая вытворчасць прадукцыі, а аб’ём яе рэалізацыі. Павышалася самастойнасць прадпрыемстваў, уводзіўся гаспадарчы разлік. Прадпрыемствам дазвалялася самастойна расходваць частку сродкаў для развіцця вытворчасці, матэрыяльнага стымуліравання, будаўніцтва жылля, развіцця сацыяльнай сферы.

Была зменена сістэма кіравання прамысловасцю. Былі ліквідаваны саўнаргасы і адноўлены міністэрствы. Павялічваліся капіталаўкладанні. Праведзеныя рэформы ў цэлым станоўча адбіліся на эканамічным развіцці як Савецкага Саюза ў цэлым, так і БССР. Восьмая пяцігодка (1966 – 1970 гг.) стала адным з самых дынамічных перыядаў развіцця СССР. Сярэднегадавыя тэмпы прыроста прамысловай прадукцыі ў БССР складалі 12%. Былі ўведзены ў эксплуатацыю 78 буйных прадпрыемстваў. Удасканальвалася сістэма дзейнасці існуючых заводаў і фабрык. Новым стала стварэнне 222 вытворчых і навукова-вытворчых аб’яднанняў, напрыклад, створанае на базе радыёзавода аб’яднанне “Гарызонт”, на базе Мінскага механічнага завода – Беларускае оптыка-механічнае аб’яднанне, а таксама буйнейшае прадпрыемства Усходняй Еўропы – навукова-вытворчае аб’яднанне “Інтэграл”, Мінскае вытворчае аб’яднанне вылічальнай тэхнікі і інш. Многія прадпрыемствы пераходзілі на выпуск новай прадукцыі. Рост аб’ёмаў прамысловасці працягваўся і ў наступныя гады. За 1971 – 1985 гг. на развіццё прамысловасці было затрачана 23 млрд. рублёў, у тры разы больш, чым за 15 папярэдніх гадоў. За гэты час былі ўведзены ў эксплуатацыю 136 буйных фабрык і заводаў. Даволі высокімі заставаліся тэмпы роста аб’ёмаў прамысловай вытворчасці – у сярэднім каля 10% кожны год, прычым асноўную долю прадукцыі выраблялі буйныя прадпрыемствы, пабудаваныя ў пасляваенныя гады. Вынікам развіцця эканомікі БССР да сярэдзіны 1980-х гадоў з’явілася стварэнне буйнага тэрытарыяльна-галіновага прамысловага комплекса, у якім у 1985 годзе налічвалася 1500 прадпрыемстваў. Больш паловы іх уваходзіла ў склад вытворчых і навукова-вытворчых аб’яднанняў. Вызначальны напрамак набылі такія галіны прамысловасці, як энергетыка, машынабудаванне і прыборабудаванне, хімія і нафтахімія, электроніка і радыёэлектроніка, вытворчасць мінеральных угнаенняў і інш. Агульны аб’ём прамысловай прадукцыі ў 1985 годзе перавысіў даваенны ўзровень ў 38 разоў. Разам з тым прамысловасць Беларусі ўсё больш інтэгрыравался ў агульнасаюзную.

Значныя змены ў 1970 – 1980 гг. адбыліся і ў сельскай гаспад. У гэты час была значна ўмацавана матэрыяльна-тэхнічная база калгасаў і саўгасаў, да 1985г. яны валодалі 88 тысячамі аўтамашын, 131 тысячамі трактараў, 35 тысячамі збожжаўборачных камбайнаў. За 15 гадоў у сельскую гаспадарку было ўкладзена 18 млрд. рублёў, але і аддача была адпаведнай. Практычна ўсе калгасы і саўгасы сталі рэнтабельнымі, праўда, гэтаму спрыяў вельмі танны кошт энерганосьбітаў.

Пачалі будавацца жывёлагадоўчыя комплексы з адносна высокай ступенню механізацыі асноўных працаёмкіх працэсаў. Перавод сельскай гаспадаркі на прамысловую аснову, стварэнне буйных спецыялізаваных аграпрадпрыемстваў, павялічэнне аб’ёмаў сельскагаспадарчай вытворчасці прывялі да стварэння ў канцы 1970-х гг. адзінага аграпрамысловага комплексу ў Беларусі.

У гэтыя гады ў рэспубліцы шырока разгарнуліся меліярацыйныя работы. У 1985 годзе плошча меліярыраваных зямель была даведзена да 2,8 млн. гектараў зямлі. Яны давалі амаль трэцюю частку ўсёй прадукцыі раслінаводства і 40% кармоў. Значна павялічыліся аб’ёмы ўнясення ў пасяўныя плошчы арганічных і асабліва мінеральных угнаенняў. Усё гэта вяло да парушэння экалогіі. Але, з другога боку, павышэнне ўрадлівасці глебы ў спалучэнні з палепшанай агратэхнічнай культурай працы, увядзеннем матэрыяльнага стымуліравання праз канчатковыя вынікі працы (гаспадарчы разлік, брыгады і звенні канечнай прадукцыі) у цэлым спрыяльна адбіліся на развіцці сельскай гаспадаркі. Ураджайнасць збожжавых культур павысілася з 10 – 12 цэнтнераў з гектара ў 1960-я гады да 25 – 30 цэнтнераў у сярэдзіне 1980-х гг., таксама амаль удвая павялічылася ўраджайнасць бульбы. У пачатку 1980-х гадоў па вытворчасці мяса і малака на душу насельніцтва Беларусь дагнала развітыя краіны Захаду і ЗША. Але тэмпы роста аграпрамысловага сектара запавольваліся. Калі ў 8-й пяцігодцы аб’ёмы валавага прадукта павялічыліся на 21%, то ў 11-й – толькі на 6%. Неэфектыўна выкарыстоўваліся крэдыты і капіталаўкладанні, раслі затраты.

Паступова паляпшаўся дабрабыт працоўных. Рэальныя даходы павысіліся амаль у два разы. За 1960 – 1985 гг. сярэднямесячная зарплата ў прамысловасці вырасла з 63 р. да 173 р., аплата працы сельскіх працаўнікоў амаль дасягнула ўзроўню прамысловых рабочых і склала ў сярэднім 154 р. Гэта з улікам прадастаўлення бясплатнага жылля, сімвалічнай платы за камунальныя паслугі, іншымі сацыяльнымі льготамі дазваляла дасягнуць хаця і небагатага, але даволі прыстойнага ўзроўню жыцця.

Але ў гэтыя ж гады ўжо намецілася тэндэнцыя да зніжэння тэмпаў развіцця: з 9 – 10 сярэднягадавых працэнтаў да 5,6% ў сярэднім за год у 1981 – 1985 гг. Гэтыя тэмпы роста былі тым не менш вышэйшымі за агульнасаюзныя, якія знізіліся да 3,5% у сярэднім за год. Праўда, трэба ўлічваць важкасць гэтых працэнтаў з улікам павялічэння агульнага аб’ёма вытворчасці. З-за складанай сістэмы цэнтралізаванага кіраўніцтва навейшыя навуковыя дасягненні часта марудна ўкараняліся ў вытворчасць, што не дазволіла ў поўнай меры забяспечыць выхад эканомікі БССР, як і ў цэлым СССР, на сусветны ўзровень навукова-тэхнічнага прагрэса. За кошт навукова-тэхнічных мерапрыемстваў забяспечвалася толькі 50% прыросту прадукцыйнасці працы, па-ранейшаму яшчэ была высокай доля ручной працы.

Рост рэальных даходаў працоўных і, як вынік гэтага, павышэнне пакупной здольнасці, з аднаго боку, і, з другога, недастатковая пераарыентаванасць з цяжкай прамысловасці на вытворчасць тавараў народнага спажывання прывялі да з’яўлення дэфіцыту і ўтварэння ў гандлёвых крамах чэргаў. За 1971 – 1985 гг. грашовая маса павялічылася больш чым у 3 р., а таварная – толькі ў 2 р.

50. Развіццё беларускай культуры і мастацтва ў пасляваенны час (1945-1985 гг.)

Культура Беларусі ў пасляваенны час (1945-1990 гг.) Адукацыя За гады вайны былі знішчаны дзе трэціх школьных будынкаў, амаль уся вучэбна –метадычная база. Але ўжо да 1945 года былі адноўлены 11 тысяч школ, амаль усе яны былі з беларускай формай навучання. Поўнасцю ж сетка адукацыі была адноўлена да 1950 г. Не хапала памяшканняў, падручнікаў, педагагічных кадраў.

Улічваючы, што многія деці не маглі набыць адукацыю у гады акупацыі, да 1950 года былі адкрыты 950 школ рабочай і сялянскай моладзі. За кошт вяртання педагогаў з дзеючай арміі і падрыхтоўцы іх у ВНУ, быў значна палепшаны якасны склад настаўнікаў: да 1955 года каля 50% з іх мелі вышэйшую і няпоўную вышэйшую адукацыю. У 1958 г. у БССР быў прыняты Закон аб увядзенні ўсеагульнай 8-гадовай адукацыі замест сямігадовага навучання. У 1962 г. праведзена рэформа сярэдняй школы, яна была пераведзена на 11-гадовае навучанне з ухілам на працоўную адукацыю. Але з 1964 г. было вырашана зноў вярнуцца да 10-гадовага навучання. У 1966 г. была пастаўлена задача перахода да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. Яна была выканана да 1975 г. За гэты час значна ўмацавалася матэрыяльная база сістэмы адукацыі, большасць школ працавалі ў тыпавых будынках, дзе былі таксама спортзалы, майстэрні. Новым стала адкрыццё школ-інтэрнатаў, прадметных кабінетаў. 65% настаўнікаў мелі вышэйшую адукацыю. Але былі і праблемы. Абавязковае 10-ігадовае навучанне часам прыводзіла да прыніжэння патрабавальнасці за якасць ведаў. Паступова зніжалася сфера выкарыстання беларускай мовы ў сістэме адукацыі, хаця прамых забарон на яе ўжыванне ў вучэбным працэсе з боку ўлад не было. У 1984 г. была праведзена яшчэ адна рэформа агульнаадукацыйнай школы, згодна з якой навучанне пачыналася з 6 г. і працягвалася 11 гадоў. У цэлым да 80-х гадоў у СССР, у т. л. і ў Беларусі, склалася ў цэлым якасная сістэма школьнага навучання, якая была прызнана адной з лепшых у свеце.

Развівалася сістэма вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Хуткае эканамічнае развіццё БССР вызывала неабходнасць падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў. Таму пасля вайны былі адкрыты рад ВНУ і адпаведна расла колькасць студэнтаў, якія вучыліся ў іх. У пасляваенные годы былі адчынены 7 новых ВНУ па тэхнічным спецыяльнасцям, 5 гуманітарных. Агульная ж колькасць ВНУ у Беларусі павялічылася з 21 у 1946 да 33 у 1985 г., а колькасць студэнтаў адпаведна з 13 тыс. да 184 тысяч. Вядучымі навучальнымі установамі ў рэспубліцы былі і застаюцца БДУ і БНТУ. У політэхнічным інстытуце, напрыклад, у 80-я годы набывалі веды і спецыяльнасці каля 27 тысяч студэнтаў. Па ўзроўню развіцця сістэмы вышэйшай адукацыі Беларусь выйшла на ўзровень развітых краін свету.

З 31 да 139 павялічылася ў пасляваенные годы колькасць сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. У сярэдзіне 80-х гадоў у іх займаліся каля 150 тысяч навучэнцаў. Паспяхова развівалася навука. У 1944 г. была адноўлена дзейнасць Акадэміі навук, прычым ў яе структуры былі створаны ряд новых навукова-даследчых інстытутаў. Навуковыя распрацоўкі рабілі і супрацоўнікі ВНУ. Напрыклад, пры БПІ былі створаны рад навукова-даследчых праблемных лабараторый, пачаў дзейнічаць эксперыментальны завод “Політэхнік”. Менавіта БПІ стаў ініцыятарам стварэння першага ў рэспубліцы вучэбна-навуковага вытворчага аб’яднання БПІ-МАЗ-БЕЛАЗ. Ствараліся і іншыя галіновыя навукова-даследчыя інстытуты, іх колькасць у 1985 г. склала каля 200, а колькасць навуковых работнікаў павялічылася з 7тыс. у шасцідзесятые гады да 42,5 тыс. У 1985 г. У Еўропе добра вядомы беларускія навуковыя школы ў галіне матэматыкі, фізікі. Высокага ўзроўню дасягнулі геалагічная, біялагічная, сельскагаспадарчая, геаграфічная і іншыя галіны навукі. Пэўныя поспехі былі дасягнуты ў гуманітарных навуках, хаця яны былі ў большай ступені, чым іншыя, палітызаваныя.

Літаратура і мастацтва

У літаратуры пасляваенных гадоў выразна праслежваліся некалькі напрамкаў: узвелічэнне подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, пафас стваральнай працы і маральна-этычныя праблемы сучасніка. Пры гэтым трэба адзначыць, што на змену апісальнасці літаратурных твораў 50-х гадоў у наступныя дзесяцігоддзі прыйшло больш глубокае асэнсаванне падзей і людскіх характараў, іх унутранага свету. Апошняе стала больш характэрным у 60-я гады, калі ХХП з’езд у якасці адной з галоўных трох задач паставіў праблему выхавання “новага чалавека”. У цэлым, нягледзячы на ідэалагічны кантроль з боку партыйных органаў і галоўліта, літаратура развівалася досыць паспяхова, перш за ўсё таму, што літаратары менш былі залежны ад фінансавых праблем, іх рашала дзяржава.

Глыбокае асэнсаванне падзей Вялікай Айчыннай вайны, псіхалагічных партрэтаў людзей у годы ваенных выпрабаванняў характэрны для празаічных твораў В. Быкава, М. Лынькова, І. Навуменкі, І. Чыгрынава, А. Адамовіча. Маральна-этычным праблемам сучаснасці прысвечаны раманы І. Мележа, Я. Брыля, І. Шамякіна. Гістарычную тэматыку развіваў у сваіх раманах, аповесцях, п’есах У. Караткевіч. Даволі паспяхова развівалася беларуская паэзія.

У пасляваенные дзесяцігоддзі шырока раскрыўся талент беларускіх паэтаў К. Крапівы, А. Куляшова, П. Броўкі, П. Панчанкі, Н. Гілевіча, М. Лужаніна і іншых. У васьмідзесятыя гады з’явіўся шэраг твораў паэтаў новага пакалення А. Вялюгіна, К. Кірыенкі, Р. Барадуліна, У. Някляева, Я. Сіпакова, В. Зуёнка. Тэма Вялікай Айчыннай вайны была вядучай ў беларускім кінематографе і тэатры. Да асэнсавання гэтых незабываемых падзей звярнуліся драматургі К. Крапіва, А. Маўзон, К. Губарэвіч, А. Кучар.

У 60 - 70 -я гг. папулярнасць набылі вакальна-інструментальныя ансамлі, найбольш вядомыя з іх – гэта ансмаблі “Песняры”, “Верасы”, “Сябры”, фальклорна-харэаграфічны ансабль “Харошкі”. Развівалася выяўленчае мастацтва. Як і ў іншых жанрах, тут пераважала гістарычная і ваенна-патрыятычная тэматыкі, а таксама партрэтны жанр і пейзаж. Тэме вайны прысвечаны палотны мастакоў М. Савіцкага, Я. Зайцава, В. Волкава, Я. Ціхановіча, І. Давідовіча, А. Шыбнёва, гісторыі – Я. Кудрэвіча, П. Сергіевіча. У жанры пейзажа плённа працавалі мастакі І. Ахрэмчык, У. Кудрэвіч, В. Цвірка, М. Данцыг. Ярка праявілася таксама творчасць беларускіх скульптараў З. Азгура, А. Бембеля, С. Селіханава і іншых. У архітэктуры першых пасляваенных гадоў прадаўжалі пераважаць рысы так званага “сталінскага барока”, але з 50-х г пачынаецца мяняцца архітэктурны воблік гарадоў. З адн. боку, пачынаецца масавая застройка мікрараёнаў згодна з тыпавымі праектамі, з другога, з’яўляецца шэраг пабудоў ў стылі мадэрн паводле індывідуальных праектаў. Гэта, напрыклад, палацы мастацтва і спорту, павільён ВДНГ, кінатэатр “Кастрычнік”. Значнае развіццё ў пасляваенные дзесяцігоддзі атрымала манументальнае мастацтва Беларусі. У гэты час ствараюцца рад мемарыялаў і помнікаў, прысвечаных подзвігу савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны. Найбольш значнымі з іх з’яўляюцца помнік Перамогі ў г. Мінску, мемарыяльныя комплексы “Хатынь”, “Курган славы”, “Брэсцкая крэпасць-герой” і інш., а таксама помнікі Я. Купалу, Я. Коласу ў Мінску, Ф. Скарыне ў Полацку.

Т. ч., пасляваенны перыяд адрозніваецца значным уздымам беларускай прафесійнай культуры.

51. Палітыка перабудовы і спробы мадэрнізацыі савецкай грамадска-палітычнай і эканамічнай сістэмы ў другой палове 1980-х гг.

Паступова нарасталі негатыўныя з’явы, прычым не толькі ў эканоміцы, але і ў грамадска-палітычным жыцці. Замест пошуку шляхоў мадэрнізацыі эканамічнай, грамадска-палітычнай і дзяржаўнай сфер КПСС замацавала сябе як стрыжань адміністрацыйна-каманднай сістэмы. Гэта знайшло заканадаўчае замацаванне і ў прынятай ў кастрычніку 1977 г. новай Канстытуцыі СССР. Саветы былі адціснуты на задні план. Узмацніўся ідэалагічны кантроль за прэсай, да народа даводзілася толькі пазітыўная інфармацыя аб поспехах краіны “развітога сацыялізма”.

З прыходам у красавіку 1985 г. да ўлады М.С. Гарбачова пачаліся эканамічныя і палітычныя рэформы, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай “перабудова”. Гарбачоў аб’явіў курс на развіццё галоснасці, дэмакратыі, павышэнне самастойнасці суб’ектаў гаспадарання. Асновай эканамічных рэформ сталі прынятыя ў 1987 г. законы аб дзяржаўным прадпрыемстве. Згодна з імі пачаўся перавод прадпрыемстваў і аб’яднанняў на гаспадарчы разлік. На гэтыя ўмовы з 1988 г. ў Беларусі перайшлі прамысловасць, аграпрамысловы комплекс, транспарт, будаўнічыя арганізацыі. Пачатак рэформ ажыццяўляўся ў рамках існаваўшага гаспадарчага механізма і пачаўся супярэчліва. З аднаго боку, укараняўся гаспадарчы разлік і самастойнасць, з другога боку, ён стрымліваўся амаль 100% дзяржаўным заказам. Акрамя таго, прадпрыемствы, атрымаўшы адносную свабоду, пачалі ўзвінчваць цэны на сваю прадукцыі, здымаць з вытворчасці танныя вырабы. Дэфіцыт тавараў дайшоў да такой ступені, што ўлады пачалі ўводзіць розныя карткі і купоны для рэгламентаванага размеркавання. Пачаліся рост цэн і інфляцыя. Палажэнне яшчэ больш пагоршылася ў сувязі з Чарнобыльскай аварыяй, якая здарылася 26 красавіка 1986 г. 23 % тэрыторыі Беларусі аказаліся радыёактыўна забруджанымі. У зоне адсялення апынуліся звыш 2 млн. чалавек, былі выведзены з сельскагаспадарчага звароту больш за 20% сельскагаспадарчых угоддзяў, ліквідаваны 415 населеных пунктаў. Агульныя страты склалі каля 235 млрд. доллараў ЗША або 32 гадавых бюджэты БССР. У першыя гады было адселена 27,7 тыс. чалавек. У 1989 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў доўгатэрміновую праграму мінімалізацыі вынікаў аварыі на 1990 – 1995 гг., згодна з якой было адселена яшчэ 300 тыс. чалавек, пачала ажыццяўляцца праграма аздараўлення людзей, пражываючых на забруджанай тэрыторыі і ў першую чаргу дзяцей. Але распад СССР пакінуў Беларусь па сутнасці адзін на адзін з гэтай бядой, тым больш, што першая палова 1990-х гг. вельмі цяжка адбілася і на эканамічным развіцці рэспублікі з-за непрадуманых рэформ. Меры па ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай АЭС прымаюцца увесь час, але на гэта ідзе значная частка рэспубліканскага бюджэта.

У цэлым, нягледзячы на ўсе гэтыя праблемы, Беларусь у другой палове 1980-х гадоў за кошт накопленага раней эканамічнага і навукова-тэхнічнага патэнцыяла развівалася ў параўнанні з іншымі рэспублікамі СССР адносна стабільна. Кожны год ажыццяўляўся прырост прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі. У 1989 г. вытворчасць прамысловай прадукцыі ў адносінах да 1985 г. складала 122%, сельскагаспадарчай – 136%. У 1986–90 гг. ураджайнасць збожжавых склала 29,5 центнераў з гектара супраць 21,5 цэнтнераў з гектрара ў годы папярэдняй пяцігодкі. Але з к. 1980-х гг. рэформы пачалі суправаджацца паступовым разбурэннем эканамічнаага механізма і палітычнай сістэмы. У галіне эканомікі гэта адбілася ў пераходзе да рыначнай эканомікі. Былі прыняты шэраг законаў (“Аб уласнасці”, “Аб прадпрымальніцтве”, “Аб арэндзе” і інш.).

Змены ў эканоміцы суправаджаліся дэмакратызацыяй і ў выніку гэтага разбурэннем старой палітычнай сістэмы. Курс на пербудову пачаўся з аб’яўлення М. Гарбачовым галоснасці і дэмакратызацыі. Важнае значэнне мела работа па рэабілітацыі грамадзян – ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Галоснасць адкрыла магчымасць крытыкі дзейнасці уладных структур. Паступова пачала фарміравацца палітычная апазіцыя. Гэты працэс пачаўся з хуткага роста нефармальных аб’яднанняў, напрыклад, “Талака”, “Альтэрнатыва”, “Тутэйшыя”, якія займаліся пытаннямі мовы, літаратуры, гісторыі і культуры. Аднак з другой паловы 1987 года іх дзейнасць станавілася ўсё больш палітызаванай і накіраванай на крытыку ўлад. У кастрычніку 1988 года быў праведзены несанкцыяніраваны мітынг, дзе галоўнай тэмай сталі палітычныя рэпрэсіі і крытыка кіраўніцтва краінай. Улады ўпершыню задзейнічалі сілавыя структуры. Канец 1988 і першая палова 1989 гадоў праходзілі пад знакам узмацнення апазіцыі, што вылілася ў стварэнне палітычнай арганізацыі – Беларускага народнага фронту, які з 1990 года стаў ужо выступаць з яўна антысавецкіх і антыкамуністычных пазіцый.

У 1988 годзе Вярхоўны Савет СССР прыняў закон аб выбарах народных дэпутатаў на альтэрнатыўнай аснове, а ў 1989 годзе аналагічны закон прыняў Вярхоўны Савет БССР. На праведзеных 4 сакавіка 1990 года выбарах у Вярхоўны Савет апазіцыя, якая выступала пад лозунгам крытыкі ўрада, здолела правесці значную колькасць сваіх прадстаўнікоў у Савет і стварыць там даволі моцную парламенцкую апазіцыю. Пад яе уплывам 27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю “Аб дзяржаўным суверэнітэце БССР”.

Такім чынам, на рубяжы 1980 – 1990-х гг. у БССР, як і ў цэлым у СССР, узмацніўся эканамічны і палітычны крызіс, якія затым выліўся ў ліквідацыю савецкай эканамічнай і палітычнай сістэмы.

52. Распад СССР. Абвяшчэнне суверэнітэту і станаўленне дзяржаўнасці Рэспублікі Беларусь у першай палове 90-х гг.XX ст.






ТОП 5 статей:
Экономическая сущность инвестиций - Экономическая сущность инвестиций – долгосрочные вложения экономических ресурсов сроком более 1 года для получения прибыли путем...
Тема: Федеральный закон от 26.07.2006 N 135-ФЗ - На основании изучения ФЗ № 135, дайте максимально короткое определение следующих понятий с указанием статей и пунктов закона...
Сущность, функции и виды управления в телекоммуникациях - Цели достигаются с помощью различных принципов, функций и методов социально-экономического менеджмента...
Схема построения базисных индексов - Индекс (лат. INDEX – указатель, показатель) - относительная величина, показывающая, во сколько раз уровень изучаемого явления...
Тема 11. Международное космическое право - Правовой режим космического пространства и небесных тел. Принципы деятельности государств по исследованию...



©2015- 2024 pdnr.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.