Пиши Дома Нужные Работы


Артыкуляцыйная класіфікацыя галосных

  Рад
Пад'ём пярэдні сярэдні задні
  Нелабіялізаваныя Лабіялізаваныя
Верхні [і] [ы] [у]
Сярэдні [э]   [о]
Ніжні   [а]  

Можна вылучыць таксама акустычную класіфікацыюгукаў.У аснове акустычнай класіфікацыі гукаў ляжаць аб'ектыўныя акустычныя ўласцівасці гукаў, выяўленыя пры дапамозе спецыяльных электраакустычных прыбораў па дыхатамічным прынцыпе.

Асноўныя акустычныя ўласцівасці гукаў прадстаўлены ў выглядзе дыхатамічных, двухчленных, проціпастаўленняў. Пры апісанні гукаў беларускай мовы істотнымі з'яўляюцца 9 пар акустычных прымет: вакальнасць / невакальнасць, кансанантнасць / некансанантнасць, дыфузнасць / кампактнасць, нізкая танальнасць і высокая танальнасць, бемольнасць / небемольнасць, дыезнасць / недыезнасць, перарванасць / неперарванасць, рэзкасць / нярэзкасць, звонкасць / глухасць. Усе гэтыя акустычныя прыметы, паводле якіх праводзіцца класіфікацыя, маюць выразныя адпаведнасці ў спектры гука і разам з тым яны пэўным чынам суадносяцца з артыкуляцыйнай характарыстыкай гукавых адзінак.

2.6. Змены гукаў у моўнай плыні

Пры напісанні раздзела быў выкарыстаны матэрыял дапаможніка «Сцяцко П.У. Уводзіны ў мовазнаўства: Дапаможнік. – Гродна: ГрДУ, 2001. – 231 с.».

Паколькі гукі вымаўляюцца не ізалявана, а ў гукавым ланцугу, то яны могуць змяняць свае якасці пад уплывам суседніх гукаў або агульных умоў вымаўлення. Такія змены называюцца фанетычнымі, боабумоўлены фанетычным прычынамі: або ўздзеяннем суседняга гука, або націску або паўзы (калі гук стаіць у пачатку ці ў канцы слова). Фанетычныя змены ў залежнасці ад умоў праяўлення падзяляюцца на камбінаторныя і пазіцыйныя. Для беларускай мовы характэрнымі фанетычнымі працэсамі з'яўляюцца акамадацыя, асіміляцыя, дысіміляцыя, рэдукцыя, метатэза, пратэза, эпентэза, дыярэза, гаплалогія, кантракцыя.

Камбінаторныміз'яўляюцца змены, якія ўзніклі пад уздзеяннем суседняга гука. Звязаны такія змены з работай органаў мовы. Перад вымаўленнем кожнага наступнага гука органы мовы не вяртаюцца ў зыходнае становішча, як пры вымаўленні ізаляванага гука, а паступова перабудоўваюцца для ўтварэння наступнага гука. Кожны гук моўнай плыні складаецца з экскурсіі (пачатковага ўчастка), вытрымкі (найбольш характэрнай часткі гучання) і рэкурсіі (канцавога ўчастка). Таму ў моўнай плыні часта атрымліваецца так, што артыкуляцыі суседніх гукаў часткова супадаюць, г. зн. экскурсія або рэкурсія аднаго гука можа злівацца з экскурсіяй або рэкурсіяй другога гука. Такое «накладанне» артыкуляцый суседніх гукаў прыводзіць да іх узаемапрыстасавання; адаптацыі. Так, напрыклад, пры вымаўленні зубных выбухных [т, д] перад пярэднепаднябеннымі [ш, ж] кончык языка, рыхтуючыся да вымаўлення наступнага шчыліннага, датыкаецца не да зубоў, а да альвеол. У выніку на месцы [т, д] перад [ш, ж] вымаўляюцца пярэднепаднябенныя афрыкаты [ч, ž]: мало[чш]ы, а[žж]аць (малодшы, аджаць).

Камбінаторныя змены здзяйсняюцца ў такіх фанетычных працэсах, як акамадацыя, асіміляцыя, дысіміляцыя.

Акамадацыя (лац. accomodatio 'прыстасаванне') – узаемадзеянне суседніх разнатыпных гукаў зычных і галосных, частковае прыстасаванне артыкуляцыі зычных да галосных і наадварот. Гэтае прыстасаванне ўзнікае ў выніку накладання рэкурсіі папярэдняга гука на экскурсію наступнага гука; гэтае ўздзеянне, аднак, адбываецца паміж разнатыпнымі гукамі, таму суседнія гукі змяняюцца толькі часткова і не становяцца іншымі гукамі (фанемамі).

Найбольш часта пры акамадацыі вылучаюць: 1) уплыў галосных на вымаўленне зычных: пярэднія галосныя [і], [э] уплываюць на зычныя змякчаюць іх (палаталізуюць): дом [дом] домік [дом'ік], пры доме [дом'э]; 2) уплыў мяккіх зычных на галосныя, у выніку чаго апошнія становяцца больш вузкімі і закрытымі, асабліва ў іх становішчы паміж двума мяккімі зычнымі. Параўнайце вымаўленне гука [а] у словах мата, мята і мяць: у першым слове [мата] гук [а] вымаўляецца найбольш выразна (амаль так, як ізаляваны [а]), у другім [м'.ата] менш выразна, як больш вузкі гук у пачатку яго вымаўлення (абазначаецца кропкай злева над літарай), а ў трэцім [м'äц'] яшчэ больш вузка (абазначаецца дзвюма кропкамі справа і злева над літарай), бо на яго вымаўленне ўздзейнічаюць і мяккі гук перад ім, і мяккі гук пасля яго.

Асіміляцыя (лац. assіmilatio 'прыпадабненне') гэта адзін з найбольш пашыраных відаў камбінаторных зменаў гукаў: артыкуляцыйнае і акустычнае прыпадабненне ў маўленні гукаў аднаго тыпу (галосных да галосных, зычных да зычных) у межах слова і словазлучэння. Напрыклад: ка[с']іць і ка[з']ба прыпадабненне глухога [с'] да звонкага [б] і пераход у парны па звонкасці-глухасці [з']; пад колы [пат-кoлы].

Асіміляцыя мае некалькі відаў паводле наступных адзнакаў: 1) выніку (ступені) прыпадабнення: поўная і няпоўная (частковая), 2) адлегласці гукаў: кантактавая (сумежная) і дыстактавая (несумежная), 3) кірунку: прагрэсіўная і рэгрэсіўная. Пры поўнай асіміляцыі адзін гук цалкам прыпадабняецца да другога, у выніку чаго звычайна з былых двух гукаў утвараецца адзін доўгі гук: з жыта [жжыта], кулямётчык [кул'ам'оччык], купаешся [купаjэс'с'а], сшытак [шшытак]; Пры няпоўнай асіміляцыі адзін гук прыпадабняецца да іншага толькі часткова, звычайна па адной прымеце: звонкасці або глухасці, цвёрдасці або мяккасці. Напрыклад, у слове просьба [проз'ба] глухі [c] набыў перад звонкім [б] звонкасць і ператварыўся ў парны звонкі [з]; у словаформах казна – казне цвёрды [з] стаў мяккім [з] у выніку асіміляцыі па мяккасці [каз'н'э].

Пры кантактавай (лац. contactus 'датыканне') асіміляцыі прыпадабняюцца сумежныя гукі; такая асіміляцыя найбольш пашыраная (гл. папярэднія прыклады); пры дыстактавай (лац. dis 'раз' і tactum 'датыкацца') прыпадабняюцца гукі несумежныя, г.зн. раздзеленыя іншымі гукамі; такая асіміляцыя рэдкая ў мове, сустракаецца ў прастамоўі і народных гаворках: [л]аба[р]аторыя – [л]аба[л]аторыя, [к]а[т]лета – [к]а[к]лета.

Прагрэсіўная асіміляцыя (лац. progressus 'рух наперад') – гэта прыпадабненне наступнага гука да папярэдняга. Вынікам прагрэсіўнай асіміляцыі ёсць падаўжэнне канцавога гука ў аснове зборных назоўнікаў, калі да асновы адзіночнага ліку далучаецца суфікс зборнасці [j]: звер – звяр'ё [зв'арjо] і варона – вараннё [варан'н'о]. Або асіміляцыя суфікса -j- пры прыставачна-суфіксальным утварэнні назоўнікаў з прасторавым значэннем: гара – уз'гор'е [узгорjэ] і мяжа – узмежжа, лес – палессе. Рэгрэсіўная (лац. regressio 'рух назад') – прыпадабненне папярэдняга гука да наступнага: наступны гук уплывае на папярэдні і робіць яго падобным да сябе. Так, у слове касьба [каз'ба] звонкі гук [б] уздзейнічаў на папярэдні глухі гук [с'] і ператварыў яго ў звонкі [з'].

Дысіміляцыя (лац. dissimilatiо 'распадабненне') – фанетычны працэс, адваротны асіміляцыі, калі адбываецца распадабненне гукаў: замена ў слове аднаго з аднолькавых ці блізкіх гукаў іншым, менш падобным. Напрыклад, у прастамоўным транвай (літар. трамвай) на месцы двух губных гукаў [мв] узнік адзін негубны – пярэднеязычны [н]. Або ў дыялектным піднаваць (літар. пільнаваць) адбылося распадабненне двух сумежных змычна-праходных [л] і [н]: замест першага з іх гука [л] з'явіўся змычны [д]. У літаратурнай мове ў выніку дысіміляцыі з даўнейшых спалучэнняў тт і дт узніклі сц(ст): мяту і месці, пляту і плесці, іду і ісці: каранёвы гук [т] або [д] перад інфінітыўным паказчыкам ти распадабніўся: са змычна-выбухнога [т] або [д] (ён перш аглушыўся ў [т]), узнік працяжна-шчылінны [с].

Сярод гукаў, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, адрозніваюць актыўны (які ўздзейнічае) і пасіўны (на які ўздзейнічае іншы гук). Напрамак уздзеяння можа быць розным – ад пачатку слова да яго канца і наадварот. Уздзеянне, што ідзе ад папярэдняга гука на наступны, называецца прагрэсіўным (уздзеянне наперад). Уздзеянне наступнага гука на папярэдні называецца рэгрэсіўным (уздзеянне назад) .

Пазіцыйныя зменыгукаў залежаць ад агульных умоў вымаўлення, або фанетычнай пазіцыі гука ў слове, напрыклад пазіцыі адносна месца націску (для галосных), пазіцыі пачатку і канца слова. Так, націскныя галосныя адрозніваюцца ад ненаціскных большай напружанасцю артыкуляцыі, большай даўжынёй і гучнасцю. У ненаціскным становішчы галосныя з-за вялай артыкуляцыі моўных органаў у той ці іншай ступені трацяць сваю выразнасць. Таму не пад націскам галосныя становяцца больш кароткімі, чым пад націскам (л[у]г л[у]гавы, тр[а]вы тр[а]ва), або зусім змяняюць сваю якасць (к[о]лас к[а]ласы, р[э]кі р[а]ка). Такое змяненне колькасных і якасных характарыстык галосных называецца адпаведна колькаснай або якаснай рэдукцыяй.

Рэдукцыя (лац. reductio 'памяншэнне, скарачэнне') – паслабленне, змяненне гучання ненаціскных складоў (гукаў у слабай пазіцыі). Яна выклікана тым, што ў мовах з інтэнсіўным (моцным) дынамічным націскам асноўнае напружанне прыпадае на націскны склад, а ненаціскныя склады маюць больш «вялую», ненапружаную артыкуляцыю. Рэдукцыі найперш падлягаюць галосныя гукі (як вяршыні складу) у слабай пазіцыі не пад націскам. Адрозніваюць рэдукцыю колькасную і якасную. Пры колькаснай рэдукцыі галосныя менш напружаныя і карацейшыя, але якасць іх, тэмбр захоўваюцца: сад – садок – садавіна. Пры якаснай рэдукцыі ненаціскныя галосныя змяняюць свой тэмбр, якасць і супадаюць з іншым гукам: ненаціскныя галосныя сярэдняга пад'ёму [о], [э], якія вымаўляюцца як [а]: воды – вада, вадаспад, шэсць – шaснаццаць.

Пазіцыяй канца і пачатку слова (дакладней, уздзеяннем паўз) абумоўлена аглушэнне звонкіх шумных зычных у канцы слова і ўзнікненне прыстаўных гукаў. Фанетычныя змены ў залежнасці ад іх вынікаў падзяляюцца на частковыя і поўныя. Пры частковых фанетычных зменахзмяняюцца толькі асобныя бакі якасцяў гука, у выніку чаго ўтвараюцца пэўныя разнавіднасці, або мадыфікацыі, аднаго і таго ж гука. Частковыя камбінаторныя змены праяўляюцца звычайна ў акамадацыі. Напрыклад, у спалучэннях «зычны + галосны» на характар вымаўлення зычнага можа ўплываць наступны галосны – рэгрэсіўная акамадацыя (параўн. вымаўленне гукаў [к] і [к°] у словах [каса] [к°осы]; [с] і [с°]: [са]д [с°у]д – перад лабіялізаванымі галоснымі зычныя лабіялізуюцца). Для галосных істотным з'яўляецца ўздзеянне папярэдняга зычнага – прагрэсіўная акамадацыя (напрыклад, суседства з губнымі зычнымі выклікае лабіялізацыю галосных, параўн. [ба]к [ла]к; насавыя зычныя надаюць галоснаму насавое адценне, параўн.: [н'о]с [л'о]с; пасля мяккіх зычных галосныя набываюць больш пярэднюю артыкуляцыю [во]з [в'·о]з, [лу]к [л' ·у]к. У транскрыпцыі гэтыя адценні не адзначаюцца.

Частковыя пазіцыйныя змены галосных праяўляюцца ў колькаснай рэдукцыі, калі галосныя не пад націскам крыху скарачаюцца, але сваю асноўную якасць захоўваюць. Як відаць, ва ўсіх прыведзеных прыкладах пры частковых фанетычных зменах якасць гука застаецца нязменнай, утвараюцца толькі камбінаторныя адценні, або пазіцыйныя разнавіднасці, якія носьбіты мовы, як правіла, не заўважаюць.

Пры поўных фанетычных зменах якасць гука змяняецца настолькі, што ён супадае з іншым гукам. Гэты від фанетычных змен называюць інакш, пазіцыйнай менай гукаў. Поўныя камбінаторныя змены праяўляюцца ў асіміляцыі – поўнай (два розныя гукі прыпадабняюцца: поўнасцю, становяцца аднолькавымі) і няпоўнай (адзін гук прыпадабняецца да другога па якой-небудзь прымеце: спосабе або месцы ўтварэння (лё[чч]ык (лётчык)), звонкасці-глухасці (ры[пк]а (рыб-ка), ка[ск]а (казка)), цвёрдасці-мяккасці ([дв]а ([z'в']е), мо[ст] (мо[с'ц']ік)), а таксама ў дысіміляцыі зычных.

Фанетычныя змены дысімілятыўнага характару сустракаюцца рэдка ў літаратурнай мове, яны ўласцівы пераважна неўнармаванаму маўленню (дыялекты, прастамоўе, мова дзяцей), напрыклад: пра[л]убка замест пра[р]убка (прагрэсіўная дысіміляцыя), тра[н]вай замест тра[м]вай (рэгрэсіўная дысіміляцыя).

Поўныя пазіцыйныя змены зычных абумоўлены пазіцыяй канца слова. Так, звонкія зычныя змяняюцца на глухія ў канцы слова (перад паўзай). Гістарычна гэта мена таксама звязана з падзеннем рэдукаваных. Да страты рэдукаваных кожнае слова канчалася галосным.

Поўныя пазіцыйныя змены галосных (пазіцыйная мена галосных) з'яўляюцца вынікам іх якаснай рэдукцыі, калі галосныя не пад націскам страчваюць сваю асноўную якасць і вымаўляюцца як іншы гук. У беларускай мове якасную рэдукцыю зведваюць галосныя сярэдняга пад'ёму [о], [э], якія ў ненаціскным становішчы вымаўляюцца як [а]: л[о]м л[а]мы, ш[э]пт ш[а]птаць. Неадрозненне гукаў [о], [э], [а] у ненаціскным становішчы называецца аканнем.Тут тэрмін «аканне» ўжыты ў шырокім значэнні. У лінгвістычнай літаратуры гэты тэрмін ужываецца і ў больш вузкім значэнні, калі ён абазначае супадзенне адзначаных галосных у ненаціскным становішчы ў гуку [а] пасля цвёрдых зычных, а таксама ў пачатку слова і пасля галосных. Для абазначэння гэтай з'явы пасля; мяккіх зычных ужываецца тэрмін «яканне». Яканне– гэта змяненне гукаў [о], [э] на [а] пасля мяккіх зычных у першым пераднаціскным складзе.

Такім чынам, поўныя фанетычныя змены зычных і галосных гукаў, як правіла, адбываюцца ў строга акрэсленых фанетычных умовах і маюць абавязковы характар для ўсіх носьбітаў мовы. Менавіта яны ў значнай ступені ствараюць спецыфіку фанетычнай сістэмы беларускай мовы.

Пераважная частка адзначаных фанетычных змен у сучаснай беларускай мове мае характар чаргавання, г. зн. у выніку такіх змен у розных формах аднаго і таго ж слова ўзнікаюць гукавыя чаргаванні.

Акрамя разгледжаных відаў фанетычных змен, існуюць і іншыя, напрыклад, сцяжэнне гукаў на стыку марфем, спрашчэнне груп зычных, развіццё прыстаўных гукаў і інш. Многія з іх маюць асімілятыўную або дысімілятыўную аснову і гістарычна таксама звязаны з падзеннем рэдукаваных галосных. Гэтыя змены ў чаргаванні не выліваюцца.

Сцяжэнне гукаў (кантракцыя)– фанетычная з'ява, у выніку якой два аднолькавыя або блізкія ў якіх-небудзь адносінах гукі сцягваюцца ў адзін. У сучаснай беларускай мове сцягваюцца звычайна зычныя гукі, якія знаходзяцца на стыку кораня і суфікса. Сцяжэнне адбываецца ў спалучэннях каранёвых [д], [т], [з], [с], [ц], [ж], [ш], [ч], [к] з суфіксальным [с], у выніку чаго на іх месцы ўзнікаюць гукі [с] і [ц]: [зс с]: каўка[з + с] каўка[с]кі; [кс ц]: батра[к + с]кі батра[ц]кі. Непасрэднае сцяжэнне, такім чынам, адбываецца толькі ў спалучэнні [сс]. Ва ўсіх астатніх спалучэннях адбываецца рэгрэсіўная асіміляцыя, а затым сцяжэнне.

Спрашчэннегукавых спалучэнняў, або дыярэзы (выкідкі), фанетычная з'ява, пры якой з этымалагічных трох- і чатырох гукавых спалучэнняў зычных выпадаюць асобныя гукі, звычайна гэта пачатковыя або сярэдзінныя гукі [т], [д], [л]: позна, сэрца, сонца, расліна і інш. Выпадзенне зычных гукаў з'яўляецца вынікам страты былых рэдукаваных.

Спрашчацца можа слова і за кошт выпадзення аднаго з двух аднолькавых яго складоў. Гэты фанетычны працэс называецца гаплалогіяй(грэц. gaplos 'просты' і logos 'слова'): мінералогія (з мінералалогія), трагікамедыя (з трагікакамедыя), марфаналогія (з марфафаналогія).

Дыярэзе і гаплалогіі супрацьстаяць эпентэза і пратэза. Эпентэза(грэц. epenthesis 'устаўка') – устаўка гука ў сярэдзіну слова з мэтай палегчыць яго вымаўленне пры збегу зычных ці галосных. У беларускай мове эпентэза мае дзве рэалізацыі. 1) У канцавым (фінальным) складзе збег зычных (з санорным ці двума санорнымі) падзяляецца галосным гукам [э] ці [а]: карабель, журавель, горан (параўн. руск. корабль, журавль, горн); а ў жывой народнай мове літар, метар, цэнтар ды інш. 2) Збег галосных іо, іа, іу, эа ў іншамоўных словах падзяляецца ў беларускай мове зычнымі [j], [в] (радзей): biologia – біялогія, ocean – акіян, dialog – дыялог, Leon – Лявон.

Пратэза (грэц. prothesіs 'далучэнне, падстаноўка') – узнікненне гука ў пачатку слова. У беларускай мове пратэза мае два віды: 1) Вакалічная пратэза– узнікненне галоснага [і] або [а] перад збегам зычных з пачатковым санорным гукам: [і]мгла, [і]льну, [і]ржа, [а]ржаны. 2) Кансанантавая пратэза – узнікненне зычнага [в] ці [г] перад пачатковымі галоснымі [о] ці [у], [э]: [в]ока, [в]осем, [г]эты, [г]эй.

Метатэза (грэц. metathesis 'перастаноўка') – фанетычны працэс перастаноўкі гукаў або складоў у слове; звычайна ўласцівы пазычанням, калі ў іх нязвычныя спалучэнні гукаў замяняюцца больш блізкімі да роднай мовы. Напрыклад, у гаворках у слове інстытут нязвыклае пачатковае спалучэнне [ін] перайшло ў [ні]: ністытут; слова шасе ператварылася ў саша.

Сцяжэнне гукаў фанетычны працэс зліцця (сцяжэння) двух аднолькавых ці блізкіх гукаў у адзін; пры сцяжэнні неаднолькавых гукаў перш адбываецца іх прыпадабненне, а затым яны, стаўшы аднолькавымі, зліваюцца ў адзін гук. Напрыклад, у слове прыгоства, якое ўтварылася ад прыметніка прыгожы з дапамогаю суфікса ств(a), апошні зычны ўтваральнай асновы [ж] перад глухім [с] асіміляваўся ў парны глухі [ш], а пазней спалучэнне [шс] у выніку прыпадабнення альвеолавага [ш] да зубнога [c] дало [сс], якое сцягнулася ў [с]: [жс > шс > сс > с]: прыгожства > прыгошства > прыгосства > прыгоства.

2.7. Пазіцыйныя і гістарычныя чаргаванні гукаў

Пры напісанні раздзела быў выкарыстаны матэрыял падручніка «Беларуская мова. У 2 ч. Ч. 1. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Фразеалогія. Марфемная будова слова і словаўтварэнне. Марфалогія: Падручнік / Я.М. Адамовіч, Л.А. Акаловіч, Г.Ф. Андарала і інш.: Пад агул. рэд. Л.М. Грыгор'евай. 4-е выд., перапрац. і дап. Мн.: Выш. шк., 2001. 318 с.».

Пры змене граматычнай формы слова або пры словаўтварэнні ў адной і той жа марфеме аднакарэнных слоў адзін гук можа замяняцца другім. Змена гукаў у аснове аднакарэнных слоў называецца чаргаваннем. Чаргаванні бываюць пазіцыйныя і гістарычныя.

2.7.1. Чаргаванні галосных гукаў

Пазіцыйныя чаргаванні галосных гукаў звязаны з іх пазіцыяй адносна націску. Да пазіцыйных чаргаванняў адносяцца чаргаванні націскных гукаў з ненаціскнымі:

[о] – [а]: горы – гара, вёсны – вясна [в'осны – в'асна]; [э] – [а]: рэкі – рака, зелень – зялёны [з'эл'эн'] – [з'ал'оны].

Пазіцыйныя чаргаванні вынікаюць з фанетычных законаў, што дзейнічаюць у сучаснай мове. Так, чаргаванне гукаў [о] – [а], [э] – [а] звязана з законам акання.

Гістарычныя чаргаванні – вынік дзейнасці моўных законаў, што існавалі ў старажытныя часы. Гэтых законаў у сучаснай мове няма. Гістарычныя чаргаванні не могуць быць растлумачаны законамі сучаснай мовы.

Да гістарычных чаргаванняў адносяцца:

[э(е)] – [о]: везці [в'эс'ц'і] – воз, плесці [пл'эс'ц'і] – плот;

[о][ы] (у спалучэннях ро, ло ры, лы): кроў – крыві, дровы – дрывотня, глотка – глытаць;

[э(е)] – [і]: свет [с'в'эт] – світанне, выберу [выб'эру] – выбіраць;

[о] – [і] – [е]: здор – здзіраць – здзерці;

[у] – [о] – [ы]: сухі – сохнуць – высыхаць;

[е] – [і] – нуль гука: выберу – збіраць – браць;

[j] – [і]: б'еш [бjеш]біць, льеш [лjeш] – ліць;

[ав] – [у]: снаваць – сную, каваць – кую;

[а] – [у]: вязаць [в'азац']вузел, запрагаць – папруга;

[а(я)] – [н]: жаць – пожня, мяць – мну;

[а(я)] – [ім]: зняць – зніму;

[о], [а], [э] – нуль гука: сон – сну, пазногаць – пазногця, пень – пня [п'эн' – пн'а].

Чаргаванне [о, а, э] з нулём гука называецца бегласцю галосных. Гэта старажытная з'ява ўзнікла ў выніку падзення рэдукаваных [ъ] (ёр), [ь] (ер) (2-я палова ХІІ ст).

2.7.2. Чаргаванні зычных гукаў

Да пазіцыйных чаргаванняў зычных гукаў адносяцца чаргаванні звонкіх і глухіх у сярэдзіне слова. Такія чаргаванні ўзніклі ў выніку асіміляцыі.

1) Чаргаванні звонкіх і глухіх, што ўзніклі ў выніку аглушэння звонкіх на канцы слова: дубы – дуб [дуп], галубы – голуб [γолуп]; сядзіць – сядзь [с'ац'], лебедзі – лебедзь [л'эб'эц'], дажджы – дождж [дошч].

2) Чаргаванні цвёрдых і мяккіх зычных, што ўзніклі ў выніку асіміляцыі зычных па мяккасці і змякчэнні зычных перад [е], [і]: збор – збіраць [з'б'ірац'], прызба – прызбе [прыз'б'э]; дарослы – расці [рас'ц'і], ку[т] – у ку[ц']е, за[в]у за[в']е.

3) Чаргаванні заднеязычных па мяккасці перад [і]:цёт[к]а – цёт[к']і, гана[к] – ган[к']і, эпо[х]а – эпо[х']і.

Да гістарычных чаргаванняў зычных адносяцца чаргаванні 1) заднеязычных з шыпячымі:

[γ] [ж]: бера[γ]ам – бера[ж]ок, даро[γ]а – даро[ж]ны;

[к] [ч]: кры[к] – кры[ч]аць, су[к] – су[ч]ок; [х] [ш]: стра[х] – стра[ш]ыць, пу[х] – пу[ш]ысты; 2) заднеязычных са свісцячымі:

[γ] [з']: плу[γ]а – у плу[з']е, ва[γ]а – ва[з']е;

[х] [с']: стра[х]а – на стра[с']е, блы[х]а – аб блы[с']е, [к] [ц]: му[к]а – у му[ц]э, ра[к]а – на ра[ц]э; 3) губных з губнымі + [л']:

[б], [б'] [бл']: лю[б]оў, лю[б']іць – лю[бл']ю;

[п], [п'] [пл']: паку[п]ка, ку[п']іць – ку[пл']ю;

[в], [в'] [ўл']: сла[в]а, сла[в']іць – сла[ўл]ю;

[м], [м'] [мл']: кар[м]авы, кар[м']іць – кар[мл']ю;

[ф], [ф'] [фл']: гра[ф]а, гра[ф']іць – гра[фл']ю;

4) [л] [ў]: малаці[л]а – малаці[ў], малява[л]а – малява[ў].

Склад i складападзел

Наша мова складаецца з гукаў, але гукі не вымаўляюцца асобна. Найменшымі артыкуляцыйнымі адрэзкамі, на якія можна расчляніць паўзамі моўную плынь, з'яўляюцца склады.

Абавязковым элементам склада з'яўляецца адзін складаўтваральны (складовы) гук, да якога прымыкаюць нескладовыя. Склады і складападзел не звязаны з сэнсам, г. зн. склад не з'яўляецца сэнсавай, фаналагічнай адзінкай, ён толькі ўдзельнічае ў вымаўленчай арганізацыі мовы.

У лінгвістычнай літаратуры існуе некалькі тэорый склада. Найбольш пашыранымі з'яўляюцца: экспіраторная тэорыя, тэорыя мускульнага напружання і санорная тэорыя. Прыхільнікі экспіраторнай, або артыкуляцыйнай, тэорыі вызначаюць склад як спалучэнне гукаў, што вымаўляюцца адным штуршком выдыхаемага паветра. Мяжой складоў з'яўляецца момант самага слабага выдыху. Гэта тэорыя, аднак, не можа растлумачыць некаторыя факты. Так, эксперыментальныя даследаванні паказваюць, што колькасць складоў не заўсёды супадае з колькасцю выдыхальных штуршкоў. Напрыклад, аднаскладовае слова кпіць мы вымаўляем двума штуршкамі выдыхаемага паветра, а двухскладовае слова ау – адным выдыхальным штуршком. Акрамя таго, з пазіцый экспіраторнай тэорыі цяжка ажыццяўляць складападзел пры збегу зычных гукаў.

Другая тэорыя, тэорыя мускульнага напружання, вызначае склад як гукавы адрэзак, які вымаўляецца адным імпульсам мускульнага напружання моўнага апарата. Кожны імпульс складаецца з трох фаз: узрастання напружання, яго максімуму і спаду. Разам з узмацненнем або спадам напружанасці ўзмацняецца або аслабляецца гучнасць. Межы паміж складамі адпавядаюць найменшаму ўзроўню мускульнага напружання і гучнасці. Паводле гэтай тэорыі, складападзел у адным і тым жа слове можа адбывацца па-рознаму, паколькі ён залежыць ад таго, як чалавек узмацняе ці аслабляе мускульнае напружанне: кар-дон і ка-рдон, зор-ка і зо-рка.

Найбольшае пашырэнне атрымала ў апошні час санорная тэорыя склада, заснаваная на акустычных крытэрыях. Згодна з тэорыяй санорнасці, склад – гэта хваля санорнасці (гучнасці). Склад утвараюць гукі рознай ступені гучнасці. Найбольш гучны, які з'яўляецца вяршыняй санорнасці, – складовы гук, астатнія гукі нескладовыя. Галосныя, як найбольш гучныя гукі, звычайна бываюць складовымі. Зычныя з'яўляюцца нескладовымі гукамі. Паводле ступені гучнасці гукі можна абазначыць лічбамі: галосныя – 4, санорныя зычныя – 3, звонкія шумныя – 2, глухія шумныя – 1. Напрыклад, слову ра-да-сны будзе адпавядаць наступны рад: 34-24-134, слову кадр –1423. Колькі вяршынь санорнасці, столькі складоў. Кожны склад характарызуецца паступовым узмацненнем гучнасці. Складападзел адбываецца у месцы найбольшага спаду гучнасці. Такім чынам, паводле тэорыі санорнасці, гукі ў складзе размяшчаюцца у парадку ўзрастання гучнасці: пра-стор – 134-1143. Прыведзеныя вышэй тлумачэнні механізма складаўтварэння дапамагаюць глыбей зразумець сутнасць склада.

У залежнасці ад характару размяшчэння галосных і зычных у слове вылучаюцца розныя тыпы складоў. Структура склада ў беларускай мове з пункту погляду акустыкі, як і ў іншых мовах складовага ладу, вызначаецца цеснай злітнасцю зычнага з наступным галосным і, наадварот, слабым прымыканнем зычнага да папярэдняга галоснага, таму тыповым складам, які найчасцей сустракаецца ў мове, з'яўляецца склад «зычны+галосны». Такі склад, які канчаецца складовым галосным, называецца адкрытымскладам. Склад, які пачынаецца зычным гукам, называецца прыкрытым.Большасць неканцавых складоў з'яўляюцца адкрытымі прыкрытымі складамі: бя-ро-за, да-ро-га, ра-бі-на. Склад, які канчаецца зычным гукам, называецца закрытым.Закрытымі часцей за ўсё бываюць канцавыя склады: ко-лас, ка-нец. Склад, які пачынаецца галосным гукам, называецца непрыкрытым:э-пас, а-а-зіс, а-га-род. Непрыкрытыя склады сустракаюцца рэдка. У беларускай мове існуе тэндэнцыя ператвараць непрыкрытыя склады ў тыповыя прыкрытыя шляхам развіцця перад галоснымі прыстаўных і ўстаўных зычных: во-сень, па-вук, піjа-нер. Як адкрытыя, так і закрытыя склады могуць быць прыкрытымі або непрыкрытымі.

Фанетычная прырода націску

Націск як суперсегментная адзінка (побач з інтанацыяй) з'яўляецца адным з важнейшых сродкаў гукавой арганізацыі слова і мовы ў цэлым. Пры дапамозе націску фанетычныя адзінкі (слова, такт, фраза) аб'ядноўваюцца ў адно цэлае. Гэта аб'яднальная функцыя націску здзяйсняецца шляхам выдзялення аднаго са складоў у слове (націскнога) і падпарадкавання яму астатніх (ненаціскных) або вылучэння слова ў такце ці такта ў фразе. Такім чынам, націск – гэта вылучэнне фанетычным спосабам той ці іншай гукавой адзінкі ў межах адзінкі больш высокага ўзроўню. У адпаведнасці з тым, якая адзінка вылучаецца націскам, адрозніваюцца наступныя тыпы націску: 1) націск слова, або слоўны, – выдзяленне фанетычным спосабам аднаго са складоў у слове; 2) тактавы, або сінтагматычны, націск – выдзяленне слова ў складзе маўленчага такта (сінтагмы); 3) фразавы націск – выдзяленне такта ў складзе фразы. Даследаванне ўсіх аспектаў праяўлення і функцый націску складае прадмет вывучэння асобнага раздзела фанетыкі – акцэнталогіі.

Да ліку асноўных пытанняў акцэнталогіі адносіцца вызначэнне фанетычнай прыроды націску, яго месца ў слове і ролі ў мове.

У кожным фанетычным слове ёсць націскны склад, які вылучаецца сярод іншых складоў большай гучнасцю, працягласцю або вышынёй тону. У залежнасці ад спосабаў выдзялення націскнога склада адрозніваюцца тры асноўныя тыпы націску: сілавы (або дынамічны), колькасны (або квантатыўны), музычны (або танічны).

Калі націскны склад вылучаецца сярод іншых большай сілай голасу, такі націск лічыцца сілавым,або дынамічным. Сіла гуку з'яўляецца адной з прымет націску ў беларускай мове.

Колькасны,або квантатыўны націск вызначаецца тым, што націскны склад адрозніваецца ад ненаціскнога большай працягласцю галоснага гука, г. зн. сваёй колькасцю. У беларускай мове націскныя галосныя вымаўляюцца не толькі з большай сілай, але і больш працягла. Так, напрыклад, галосныя ў першым пераднаціскным складзе ў параўнанні з націскнымі галоснымі карацейшыя ў 2-2,5 разы, у іншых перад-паслянаціскных складах яны яшчэ больш кароткія (на слых, аднак, яны захоўваюць свае асноўныя якасці і ўласцівасць адрозніваць словы).

Музычны,або танічны, націск характарызуецца тым, што націскны склад вылучаецца сярод іншых змяненнем вышыні асноўнага тону. Такі націск у сербска-харвацкай мове, славенскай, а таксама літоўскай, японскай, кітайскай, шведскай і некаторых інш. Музычны націск быў уласцівы старажытнагрэчаскай мове. У беларускай мове слоўнага музычнага націску няма.

Такім чынам, беларускі націск паводле яго фанетычнай прыроды можа быць вызначаны як колькасна-дынамічны г. зн. Націскны склад больш працяглы і вымаўляецца з большай напружанасцю, чым ненаціскныя. Такі націск уласцівы многім мовам, напрыклад славянскім, а таксама нямецкай, французскай і інш.

Месца націску ў слове ў розных мовах неаднолькавае. Па гэтай прымеце адрозніваюцца націск фіксаваны, або звязаны, аднамясцовы, і свабодны, або рознамясцовы. Фіксаваным, ці аднамясцовым, лічыцца такі націск, які заўсёды знаходзіцца на пэўным складзе ў слове. Напрыклад, у чэшскай, эстонскай мовах націск заўсёды прыпадае на першы склад, у польскай – на перадапошні, у французскай – на апошні.

У беларускай мове націскны склад можа займаць у слове любое становішча. Такі націск называецца свабодным, або рознамясцовым. Свабодны націск з'яўляецца дадатковым сродкам фанетычнага адрознення слоў у тых выпадках, калі словы аднолькавыя паводле колькасці, склада і паслядоўнасці размяшчэння гукаў.

Паводле акцэнталагічных суадносін форм у межах слова беларускі націск характарызуецца як рухомы і нерухомы,г. зн. пры формаўтварэнні месца націску можа змяняцца або заставацца нязменным. Напрыклад: твор твора твору творы, але: луг лугам лугі. Рухомасць націску з'яўляецца дадатковым сродкам адрознівання граматычных форм аднаго і таго ж слова.

Націск у беларускай мове маюць толькі самастойныя словы. Службовыя словы, як правіла, не маюць націску. Яны прымыкаюць у якасці ненаціскных складоў да самастойных слоў, утвараючы разам з імі адно фанетычнае слова. Некаторыя службовыя словы маюць свой націск, аднак ён больш слабы, чым націск у самастойных словах. Такі націск называецца слабым,або пабочным.ЁНабазначаецца знакам гравіса (\), у адрозненне ад асноўнага, які абазначаецца знакам акута (/). Слабы націск маюць двухскладовыя часціцы, вытворныя прыназоўнікі, злучнікі: толькі адзін; вакол школы; перад ад'ездам. У тэксце слабы націск могуць мець і некаторыя самастойныя словы: звязкі, простыя лічэбнікі ў спалучэнні з назоўнікамі, некаторыя займеннікі: стаў настаўнікам, тры рублі, яго сябры.

Транскрыпцыя і яе віды

Пры напісанні раздзела быў выкарыстаны матэрыял дапаможніка «Сцяцко П.У. Уводзіны ў мовазнаўства: Дапаможнік. – Гродна: ГрДУ, 2001. – 231 с.».

Пры вывучэнні гукавога ладу мовы, фанетычным аналізе тэксту выкарыстоўваецца адмысловы навуковы від пісьма – транскрыпцыя(лац. transсriptio 'перапісванне'): яна дае мажлівасць устанавіць дакладную адпаведнасць паміж гукамі і літарамі, ці фанемамі і літарамі. У сучасным звычайным (арфаграфічным) пісьме такой адпаведнасці часта не існуе.

У беларускім мовазнаўстве ў транскрыпцыі выкарыстоўваюцца свае графемы (грэц. grapho 'пішу') – літары беларускага алфавіта. Апроч іх ужываюцца дадатковыя графемы: лац. g для абазначэння выбухнога гука [г]: ганак [gанак]; грэч. γ для абазначэння фрыкатыўнага гука [г]: [γл'эба]; часам у дакладнай транскрыпцыі z (лац. z – для гука, які на пісьме абазначаецца літарамі д + з: дзеці [z'эц'і]; ž – (польск.) – для абазначэння гука, які перадаецца на пісьме літарамі д + ж: хаджу [xažy]; j (ёт) – абазначае «й»: май [мaj], іхні [jіхн'і]. На месцы ётаваных літараў е, ё, ю, я («палатальных») пішуцца няётаваныя галосныя з значком «'» (апостраф) перад імі, апостраф паказвае на мяккасць папярэдняга зычнага гука (мяккі знак не выкарыстоўваецца): песня [п'эс'н'а], ледзь – [л'эц'], замест ётавых е, ё, ю, я пішуцца дзве літары: jэ(е), jо(ё), jу(ю), jа(я); напрыклад: яе – [jajэ], ёю [jojу]; графема j пішацца і перад літарай «і», калі яна абазначае два гукі (у становішчы пад націскам: з імі [з jімі], іней [jін'эj]; дадатковы прыгук абазначаецца маленькай літарай пасля асноўнай: [свуой].

Затранскрыбаваны тэкст (слова ці яго частка, спалучэнне слоў) бярэцца ў квадратныя дужкі; у шматскладовых словах ставіцца націск; вялікія (загалоўныя) літары не выкарыстоўваюцца. Доўгі гук абазначаецца гарызантальнай рыскай над літарай (––) ці (:) пасля літары: [збож:а]. Для абазначэння суцэльнага вымаўлення праклітыкі (разам з ненаціскнымі словамі) ў складзе фанетычнага слова выкарыстоўваецца значок ˆ або – напрыклад: над намі [надˆнам'і] ці [над-нам'і], меў бы [м'эўˆбы] ці [м'эў-бы]. Для абазначэння працяглай паўзы выкарыстоўваюцца дзве вертыкальныя рыскі: //, а непрацяглай паўзы – адна: /.

Фанематычная (фанемная) транскрыпцыя выкарыстоўваецца ў навуковай мове, калі трэба перадаць фанемны склад слова, г. зн. тыповыя гукі ў моцнай пазіцыі (фанемы): галосныя – пад націскам, зычныя – у становішчы перад галоснымі ці санорнымі зычнымі. Напрыклад: свецкі – <с'в'эцк'і>, сям'я <с'амjа>. Затранскрыбаваны тэкст тут бярэцца ў ламаныя дужкі. Не выкарыстоўваюцца таксама літары е, ё, ю, я, мяккі знак (ь) і апостраф (').

Парадак фанетычнага разбору

1. Запіс слова з дапамогай фанетычнай транскрыпцыі.

2. Падзел на склады, колькасць і тыпы складоў, націскны склад.

3. Тып націску.

4. Характарыстыка гукаў:

1) галосных: а) паводле націску, б) удзелу губ, месца пад'ёму языка, ступені пад'ёму языка;

2) зычных: а) паводле ўдзелу голасу і шуму, б) спосабу ўтварэння, в) месца ўтварэння; г) цвёрдасці – мяккасці, д) працягласці (калі гук падоўжаны – адзначыць гэта).

5. Колькасць гукаў і літар.






ТОП 5 статей:
Экономическая сущность инвестиций - Экономическая сущность инвестиций – долгосрочные вложения экономических ресурсов сроком более 1 года для получения прибыли путем...
Тема: Федеральный закон от 26.07.2006 N 135-ФЗ - На основании изучения ФЗ № 135, дайте максимально короткое определение следующих понятий с указанием статей и пунктов закона...
Сущность, функции и виды управления в телекоммуникациях - Цели достигаются с помощью различных принципов, функций и методов социально-экономического менеджмента...
Схема построения базисных индексов - Индекс (лат. INDEX – указатель, показатель) - относительная величина, показывающая, во сколько раз уровень изучаемого явления...
Тема 11. Международное космическое право - Правовой режим космического пространства и небесных тел. Принципы деятельности государств по исследованию...



©2015- 2017 pdnr.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.