Пиши Дома Нужные Работы

Обратная связь

Схема блок-сістэмы вывучэння тэарэтычнага матэрыялу

МОДУЛЬ 4

«ФАНЕТЫКА, ФАНАЛОГІЯ, АРФАЭПІЯ»

Тэма лекцыйных заняткаў Колькасць гадзін
1. Фанетыка і фаналогія, іх узаемадачыненне. Гук і фанема. Фанемны рад. Паняцце аб фанетычным чляненні моўнай плыні. Асноўныя фанетычныя адзінкі.
2. Гукі мовы. Аспекты вывучэння гукаў: артыкуляцыйны, акустычны, перцэптыўны, функцыянальны. Спосабы класіфікацыі гукаў. Паняцце аб артыкуляцыйнай і акустычнай класіфікацыі гукаў.
3. Артыкуляцыйная класіфікацыя зычных: падзел іх на групы паводле ўдзелу голасу і шуму, месца і спосабу ўтварэння, адсутнасці ці наяўнасці дадатковай артыкуляцыі (палаталізацыі).
4. Артыкуляцыйная класіфікацыя галосных гукаў. Галосныя лабіялізаваныя і нелабіялізаваныя. Галосныя верхняга, сярэдняга і ніжняга пад'ёму. Галосныя пярэдняга, сярэдняга і задняга рада.
5. Склад як фанетычная адзінка. Розныя тэорыі склада: экспіраторная, санорная, тэорыя мускульнага напружання. Тыпы складоў.
6. Фанетычная прырода націску. Розныя тыпы націску. Акустычная характарыстыка беларускага націску. Рознамясцовасць, рухомасць слоўнага націску. Асноўны і пабочны націск у складаных словах. Праклітыкі і энклітыкі. Функцыі тактавага, лагічнага націску.
7. Пазіцыйныя чаргаванні гукаў як вынік фанетычных працэсаў. Гістарычныя чаргаванні гукаў.
8. Прадмет арфаэпіі. Арфаэпія як правілы рэалізацыі фанетычнай сістэмы. Практычнае значэнне арфаэпіі. Арфаэпічная норма. З гісторыі фарміравання арфаэпічных нормаў беларускай мовы.
9. Арфаэпічная норма і культура маўлення. Прычыны адхіленняў ад літаратурных нормаў. Кадыфікацыя арфаэпічных нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

2. Асновы навукова-тэарэтычных ведаў па модулі



Слоўнік паняццяў для засваення: фанетыка, фаналогія, гук, фанеміка, фанема, моцная (незалежная) пазіцыя, слабая (залежная) пазіцыя, дыферэнцыйныя прыметы фанемы, інтэгральныя прыметы фанемы, фанемны рад, варыянт фанемы, варыяцыі фанемы, алафон, марфанема, гукавы закон, сегментныя фанетычныя адзінкі, лінейныя фанетычныя адзінкі, суперсегментныя фанетычныя адзінкі, фраза, маўленчы такт, фанетычнае (акцэнтавае) слова, клітыка, праклітыка, энклітыка, склад, націск, палаталізацыя, мяккія зычныя, палаталізаваны гук, палатальны гук, цвёрдыя зычныя, велярызацыя, велярызаваны гук, санорныя зычныя, Шумныя зычныя, звонкія зычныя, глухія зычныя, зацвярдзелыя гукі, губныя гукі, губна-губныя (білабіяльныя) гукі, губна-зубныя (лабія-дэнтальныя) гукі, язычныя гукі, пярэднеязычныя гукі, сярэднеязычныя гукі, заднеязычныя гукі, змычныя (выбухныя) гукі, шчылінныя (шчылінна-працяжныя) гукі, фрыкатыўныя гукі, змычна-шчылінныя гукі

(афрыкаты), змычна-праходныя зычныя гукі, насавыя (назальныя) гукі, бакавыя (латэральныя) гукі, вібранты (дрыжачыя) гукі, лабіялізаваныя галосныя гукі, камбінаторнымі змены, экскурсія, рэкурсія, акамадацыя, дысіміляцыя, прагрэсіўнае ўздзеянне, рэгрэсіўнае ўздзеянне, пазіцыйныя змены гукаў, кантракцыя, дыярэза, эпентэза, рэдукцыя, колькасная рэдукцыя, якасная рэдукцыя, поўная рэдукцыя, асіміляцыя, поўная асіміляцыя, няпоўная асіміляцыя, кантактавая асіміляцыя, дыстактавая асіміляцыя, прагрэсіўная асіміляцыя, рэгрэсіўная асіміляцыя, пратэза, вакалічная пратэза, кансанантавая пратэза, чаргаванне, бегласць галосных, націск, акцэнталогія.

2.1. Фанетыка і фаналогія як раздзелы мовазнаўства

Пры напісанні раздзела быў выкарыстаны матэрыял энцыклапедычнага даведніка «Беларуская мова: Энцыкл. / Беларус. Энцыкл.; Пад рэд. А.Я. Міхневіча; Рэдкал.: Б.І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. – Мн., 1994. – 655 с.».

Фанетыка(ад грэч. рhōnē – 'гук', рhōnētikos – 'гукавы') – раздзел мовазнаўства, які вывучае гукавыя сродкі мовы. Да іх адносяцца гукі мовы, склады, націск, інтанацыя. Тэрмінам «фанетыка» называюць і сам гукавы лад мовы.

Аб'ектам фанетыкі, у адрозненне ад іншых раздзелаў мовазнаўства, з'яўляюцца адзінкі, прырода якіх матэрыяльная, таму фанетыка даследуе не толькі моўную функцыю, але і матэрыяльны бок свайго аб'екта: работу органаў маўленчага апарата, акустычныя характарыстыкі гукаў і асаблівасці ўспрымання іх носьбітамі мовы.

У адпаведнасці з гэтым адрозніваюць: функцыянальную фанетыку, або фаналогію, у цэнтры ўвагі якой функцыянальна-моўны аспект гукаў, іх роля ў мове як сродку зносін; артыкуляторную фанетыку, якая асвятляе пытанні ўтварэння гукаў мовы; акустычную фанетыку, якая даследуе фізічную прыроду гукаў; перцэптыўную фанетыку, што вывучае гукі з пункту погляду ўспрымання іх носьбітамі мовы. Усе чатыры аспекты вывучэння гукавой матэрыі цесна звязаны паміж сабой і ўзаемна абумоўлены: гукі мовы пэўным чынам функцыянуюць у мове і функцыянальна адрозніваюцца таму, што яны маюць адпаведныя акустычныя якасці, якія ў сваю чаргу ствараюцца органамі маўлення чалавека і залежаць ад іх дзейнасці ў час гаварэння. Суб'ектыўныя вобразы гукаў узнікаюць у свядомасці чалавека таксама на аснове аб'ектыўных характарыстык гукавой хвалі.

У залежнасці ад задач вывучэння гукавой матэрыі адрозніваюць фанетыку агульную, прыватную (сінхронную і дыяхронную) і параўнальную. Прадметам агульнай фанетыкі з'яўляецца тое агульнае, што складае гукавы бок усіх моў. Агульная фанетыка вывучае будову маўленчага апарата чалавека, на матэрыяле розных моў вызначае прыроду гукаў і агульныя прынцыпы члянення гукавой плыні на пэўныя адрэзкі, выяўляе заканамернасці спалучэння гукаў і ўзаемаўплыву суседніх гукаў, прыроду склада, фанетычную арганізацыю слова, інтанацыйныя сродкі мовы.

Прыватная фанетыка разглядае ўсе гэтыя праблемы ў адносінах да канкрэтнай мовы. Яна можа быць апісальнай (сінхроннай) і гістарычнай (дыяхроннай). Апісальная фанетыка даследуе гукавы лад канкрэтнай мовы ў сінхронным плане, на пэўным этапе яе развіцця. Звычайна аб'ектам апісання з'яўляецца сучасны стан мовы, а прадметам гістарычнай фанетыкі – гукавы лад пэўнай мовы ў яго развіцці. Гістарычная фанетыка даследуе змены фанетычных адзінак у розныя эпохі, тлумачыць, як адбываліся гэтыя змены, якія гукавыя адзінкі былі ў мове раней і чым яны замяняліся пазней. Звесткі гістарычнай фанетыкі даюць важны матэрыял для разумення пэўных фанетычных з'яў на сучасным этапе.

Параўнальная фанетыка займаецца параўнальным вывучэннем гукавых сістэм дзвюх або некалькіх моў. Яна выяўляе падабенства і адрозненні ў гэтых мовах паводле складу гукаў, змен гукаў у моўнай плыні і інш. і тым самым вызначае спецыфіку гукавога ладу розных моў.

Паколькі гукавыя адзінкі – з'ява акустыка-фізіялагічная, то пры іх вывучэнні фанетыка карыстаецца метадамі, якія прымяняюцца ў акустыцы і фізіялогіі. Як і гэтыя навукі, сучасная фанетыка выкарыстоўвае спецыяльныя тэхнічныя сродкі і разнастайныя прыёмы інструментальнага назірання, якія прынята называць эксперыментальна-фанетычнымі метадамі вывучэння. Да іх адносяцца: палатаграфія – фіксацыя месца кантакту языка з паднябеннем у час артыкуляцыі; кінафотаздымка рухаў губ, якія маюць істотнае значэнне для характарыстыкі гукаў; рэнтгеназдымка маўленчага апарата ў час артыкуляцыі; асцылаграфія, якая дазваляе вызначыць працягласць, частату, інтэнсіўнасць гука; спектраграфія, якая дае агульны акустычны малюнак гука. Фанетыка выкарыстоўвае таксама разнастайныя метады вывучэння ўспрымання тых ці іншых гукавых з'яў носьбітамі мовы, што з'яўляецца важным для іх фаналагічнай інтэрпрэтацыі.

Фаналогія – галіна мовазнаўства, якая вывучае гукавы лад мовы у яго функцыянальным аспекце. У такім разе фанетыка разглядаецца як галіна мовазнаўства, што вывучае маўленне ў яго фізічным, акустычнаартыкуляцыйным аспекце. У цэнтры ўвагі фаналогіі як навуковай дысцыпліны – праблема тоеснасці фанемы як мінімальнай сэнсаадрознівальнай адзінкі гукавога ладу мовы. Так, фаналогія вызначае прыкметы, якія складаюць змест фанемы, высвятляе суадносіны, з аднаго боку, паміж фанемай і гукамі, у якіх яна рэалізуецца ў моўнай плыні, а з другога боку, з марфемай, словам. У задачы фаналогіі ўваходзіць таксама вызначэнне колькаснага складу фанем у мове выяўленне сувязей, што існуюць паміж асобнымі фанемамі і іх групамі, інакш кажучы, устанаўленне сістэмы фанем.

Гук і фанема

Пры напісанні раздзела быў выкарыстаны матэрыял дапаможніка «Сцяцко П.У. Уводзіны ў мовазнаўства: Дапаможнік. – Гродна: ГрДУ, 2001. – 231 с.».

Гукі мовы – гэта сам спосаб існавання мовы, яе матэрыялізацыя, матэрыяльныя сродкі, з якіх будуюцца моўныя адзінкі. Гук мовы (маўлення) найдрабнейшая адзінка мовы, якая ўтвараецца органамі маўленчага апарата чалавека і служыць матэрыяльнай асновай для ўтварэння марфемаў і слоў. Гукі мовы вывучаюцца не толькі з артыкуляцыйнага і акустычнага боку, што з'яўляецца аб'ектам фанетыкі, але і з боку іх функцыі ў мове як сродкаў распазнавання і адрознення марфемаў і слоў, што ёсць аб'ектам асобнай галіны фаналогіі – фанемікі. У фанеміцы гукі вывучаюцца з уласна-лінгвістычнага боку іх ролі ў мове як матэрыяльных адзінак, з якіх складаюцца марфемы і словы і з дапамогаю якіх яны адрозніваюцца. Так, каранёвыя марфемы (а ў нашым выпадку і словы) дом, дым, дам, дум маюць розныя галосныя: [о], [ы], [а], [у], яны і адрозніваюць абалонкі гэтых моўных адзінак.

Аднак не ўсе гукі, якія мы чуем у маўленні, выконваюць такую функцыю. Напрыклад, у сказе Зноў гры[п]. апошняе слова мае канцавы гук [п], які няздатны тут адрозніць розныя паняцці: 'расліна' і 'хвароба'. Або ў словазлучэнні новая ка[с]ка, дзе гук [с] таксама не адрознівае паняцці 'засцерагальны галаўны ўбор' і 'літаратурны твор'. З улікам згаданага будзем мець, да прыкладу, не адзін гук [а], а шмат іх. Розныя маўленчыя экзэмпляры гэтага [а] будуць выступаць і залежна ад пазіцыі яго ў словах 1) па адносінах да суседніх зычных гукаў: паміж цвёрдымі зычнымі [a] (дам), пасля мяккага зычнага [.а] (сяду), перад мяккім [а.] (даме) ці паміж мяккімі зычнымі [ä] (мяць); 2) па адносінах да націску ў слове: пад націскам [а] (сад), не пад націскам [ъ] (як у рускамоўным маўленні) [дамъ]. Але ўсе згаданыя «а» аб'ядноўваюцца ў адзін гукатып <а>, які і адрознівае гукавыя абалонкі слоў, а праз іх і самі словы.

Фанема(грэц. phonema – 'гук, голас') – гэта найменшая (мінімальная) гукавая сэнсаадрознівальная адзінка, якая не можа падзяляцца на больш дробныя адзінкі, яна служыць для распазнавання і адрознення марфемаў (у склад якіх яна ўваходзіць), а праз іх і для распазнавання і адрознення слоў. Так, дыфтонгі, якія складаюцца з двух гукаў у межах аднаго склада (на пісьме гэта абазначаецца дзвюма літарамі), рэпрэзентуюць сабой адну фанему. Акрамя таго, нятоеснасць фанемы і гука выяўляецца і ў тым, што дзве фанемы могуць рэалізавацца ў адным гуку. Напрыклад, <д> і <с> у слове гарадскі гучаць як адзін гук [ц]: гара[ц]кі; а фанема-прыстаўка <з> і каранёвая фанема <ж> у слове зжаць гучаць як адзін доўгі гук [жж]: [жжац']. Фанема можа рэалізавацца і ў нулявым гуку, як у каранёвых марфемах словаў сон – сну, пень – пня.

Фанема сама па сабе значэння не мае і з сэнсаваадрозніваннем звязваецца толькі ўскосна. Яна выконвае дзве асноўныя функцыі: 1) перцэпцыйную (лац. perceptio 'успрыманне') – функцыю распазнавання: успрымання слыхам, зрокам; 2) сігніфікацыйную (лац. sіgnificatio 'абазначэнне') – функцыю адрознівання марфемаў і слоў.

У «Кароткай граматыцы беларускай мовы» (2007) згадваецца, што беларускай мове ўласцівы наступныя фанемы: <п>, <п'>, <б>, <б'>, <м>, <м'>, <ф>, <ф'>, <в>, <в'>, <й>, <т>, <ц'>, <д>, <дз'>, <дз>,

<с>, <с'>, <з>, <з'>, <н>, <н'>, <л>, <л'>, <ц>, <ш>, <ж>, <ч>, <дж>, <р>, <г>, <г'>, <х>, <к>, <к'>, <а>, <о>, <е>, <у>, <і>, а таксама факультатыўная фанема <g> (г выбухны), якая сустракаецца ў словах іншамоўнага паходжання і мае тэндэнцыю да замены фанемай <γ> (г фрыкатыўны).

Кожная фанема – гэта набор пазіцыйна незалежных адзнакаў, інакш канстытуцыйных. Гэтымі адзнакамі адна фанема адрозніваецца ад іншых. Так, фанема <з> мае такія адзнакі: кансанантнасць (лац. consonans, consonantis 'зычны гук'), шумнасць, звонкасць, фрыкатыўнасць, цвёрдасць, пярэднеязычнасць.

Асобныя фанемы існуюць у мове толькі таму, што яны маюць свае адметныя адзнакі, якія адрозніваюць іх адна ад адной, г. зн. знаходзяцца паміж сабой у апазіцыі (супрацьпастаўленні). Напрыклад, <ж> і <ш> у апазіцыі «звонкасць / глухасць». Прыметы, якімі адрозніваюцца між сабою фанемы, называюцца дыферэнцыйнымі (лац. differentiо 'адрозненне'). Прыметы, супольныя для некалькіх фанемаў і няздатныя іх адрозніваць, называюцца інтэгральнымі (лац. іnteger 'цэлы, некрануты'). Як у фанемах <ж> і <ш> супольныя прыметы: кансанантнасць, цвёрдасць, шумнасць, фрыкатыўнасць, альвеалярнасць. Менавіта дыферэнцыйныя прыметы дазваляюць фанемам выконваць сігніфікацыйную функцыю.

Фанемы ў маўленні рэалізуюцца ў сваіх варыянтах і варыяцыях у залежнасці ад пазіцыі ў слове. Адрозніваюць дзве пазіцыі: 1) моцная (незалежная) пазіцыя – такая, у якой гук вымаўляецца так ці амаль так, як ізаляваная гукавая адзінка; 2) слабая (залежная) пазіцыя – такая, у якой адбываецца прыстасаванне гука да іншых або замена яго іншым гукам. Для галосных моцная пазіцыя – націскное становішча, слабая – ненаціскное, для зычных (шумных) моцная пазіцыя – становішча перад галоснымі ці санорнымі зычнымі, слабая – становішча звонкіх у канцы слова перад паўзай і перад глухімі, для глухіх – становішча перад звонкімі. У моцнай пазіцыі фанемы выразна адрозніваюцца і здатныя адрозніваць гукавыя абалонкі марфемаў, а праз іх і словы.

У слабай пазіцыі фанема губляе пэўную дыферэнцыйную адзнаку (гэтая адзнака нейтралізуецца), у выніку чаго супадае з іншай фанемай, а таму становіцца няздатнай быць сэнсаадрознівальнай моўнай адзінкай. Напрыклад, у слове коды (гарадоў) фанема <д> знаходзіцца ў моцнай пазіцыі (перад галосным), а ў форме адзіночнага ліку – код яна апынулася ў канцы слова, дзе ў беларускай мове не можа быць звонкіх зычных, і звонкая фанема <д> рэалізавалася ў гуку [т]: [кот]. Узніклі амафоны двух слоў: код (горада) і кот (чорны). Значыць, фанема <д> у слабай пазіцыі страціла сваю сігніфікацыйную функцыю і ператварылася ў свой варыянт [т]. Чаргаванне фанемы ў моцнай пазіцыі з эквівалентнымі ёй у слабай утвараюць фанемны рад.

Варыянт фанемы – такое відазмяненне, пры якім фанема ў сваім гучанні супадае з іншай. Варыяцыі фанемы – гэта нязначныя відазмяненні, пры якіх фанема не губляе сваёй якасці, не супадае з іншай. Напрыклад, фанема <а> у каранёвай дзеяслоўнай марфеме сад- можа відазмяняцца ў словах сяду, садзіць, сядзець у [.а], [а.], [ä], але гэтыя відазмяненні не парушаюць фанемы <а>, якая рэалізуецца тут у трох варыяцыях. Варыяцыі фанемы найчасцей узнікаюць у выніку акамадацыі галосных. Гукавыя рэалізацыі фанемы называюцца алафонамі (грэц. allos 'іншы' і phone 'гук').

Самастойнымі фанемамі трэба лічыць тыя тыповыя гукі, якія, ужываючыся ў аднолькавай пазіцыі, змяняюць значэнне слова, а калі яны не прыводзяць да зменаў значэння, то лічыць іх самастойнымі фанемамі нельга. Напрыклад, у словах кот, рот, год першыя зычныя выступаюць фанемамі <к>, <р>, <г>, бо яны адрозніваюць гукавыя абалонкі розных слоў. А вось рознае вымаўленне [g]анак і [γ]анак не вядзе да змены сэнсу. Значыць, выбухное і працяжнае вымаўленне першага гука складае толькі варыянты фанемы <г>.

Фанема ў межах пэўнай марфемы (часцей кораня) можа чаргавацца як у словах рука, ручка, (у) руцэ; у такім разе апошняя зычная выступае ў розных сваіх відазмяненнях: к/ч, к/ц. Гэты шэраг чаргавальных фанемаў у складзе адной марфемы абазначаюць тэрмінам марфанема. Значыць, у нашым выпадку выступаюць марфанемы к/ч і к/ц, або к/ч/ц.

Змена гукаў паводле адпаведных правілаў называецца гукавым законам. Гукавы закон выяўляецца ў формуле гукавых пераходаў. Так, у беларускай мове галосныя [о], [э], апынуўшыся ў ненаціскных складах, пераходзяць у гук [а]: соль саліць, шэсць шасці, вёсны вясна. Такім чынам, гукавым законам у галіне вакалізму беларускай мовы ёсць аканне (і яканне).

У галіне зычных такім рэгулярным гукавым законам выступае пераход звонкіх зычных у глухія ў абсалютным канцы слова, рэгрэсіўная асіміляцыя звонкіх і глухіх, калі звонкія зычныя, апынуўшыся перад глухімі, пераходзяць у глухія (ка[з]аць ка[с]ка), а глухія перад звонкімі у звонкія (ка[с]іць ка[з]ба). Гэтыя жывыя фанетычныя законы называюць законамі функцыянавання мовы.

2.3. Фанетычны падзел маўленчай плыні

Пры напісанні раздзела быў выкарыстаны матэрыял дапаможніка «Сцяцко П.У. Уводзіны ў мовазнаўства: Дапаможнік. – Гродна: ГрДУ, 2001. – 231 с.».

Фанетычнае вывучэнне гукавых сродкаў прадугледжвае выяўленне асноўных адзінак, апісанне іх фанетычных уласцівасцей і правіл ужывання ў мове. Асноўныя фанетычныя адзінкі падзяляюцца на сегментныя, або лінейныя,– гук, склад, фанетычнае слова, сінтагма, ці такт, фраза, якія вылучаюцца на аснове лінейнага члянення (сегментацыі) моўнай плыні, і суперсегментныя, або прасадычныя,– націск, інтанацыя, якія як бы накладваюцца на сегментныя адзінкі і служаць сродкам стварэння іх цэласнасці. Так, адзінства фразы ствараецца інтанацыяй, адзінства сінтагмы – інтанацыйным цэнтрам, адзінства фанетычнага слова – слоўным націскам, складовай рытмікай.

Фраза (франц. phrase, ад грэц. phrasos 'выраз, зварот мовы') – найбольшая фанетычная адзінка, якая вымаўляецца з закончанай інтанацыяй і размяжоўваецца працяглымі паўзамі (на пісьме яны абазначаюцца дзвюма паралельнымі рыскамі (//). Фраза можа супадаць са сказам ці часткай яго або некалькімі сказамі: Люблю наш край, старонку гэту, дзе я радзілася, расла, дзе першы раз пазнала шчасце, слязу нядолі праліла // (К.Б.). Вечарэла. // З балот пацягнула цёплай вільгаццю // (К-с).

Маўленчы такт – частка фразы, вымаўленая без прыпынку, без закончанай інтанацыі і аддзеленая непрацяглай паўзай (на пісьме яна абазначаюцца адной рыскай (/). Так, у згаданым вышэй сказе будзем мець наступныя такты: Люблю наш край / старонку гэту / дзе я радзілася / расла / дзе першы раз пазнала шчасце / слязу нядолі праліла //

Фанетычнае (акцэнтавае) слова – частка маўленчага такта з адным націскам; яно найчасцей супадае з асобным словам – лексічнай адзінкай. Аднак службовыя словы, не маючы свайго націску, прымыкаюць да самастойных, утвараючы адно акцэнтавае слова: пад акном [падакном], усё ж [ус'о-ш]. У межах акцэнтавага слова ненаціскныя словы кампаненты (звычайна службовыя словы) называюць клітыкамі. Калі клітыка знаходзіцца перад націскным словам, яе называюць праклітыкай (грэц. proklino 'нахіляюся наперад'): да нас, у яго, пад намі, а калі пасля націскнога слова – энклітыкай (грэц. enklino 'схіляюся'): прынёс бы, як жа. Клітыкамі могуць быць і паўназначныя словы: тры-дні , дзеты. З часам клітыкі могуць стаць часткай лексічнага слова, яго марфемай: падчас.

Пытанне пра фанетычныя адзінкі маўлення і пра іх колькасць і існасць вырашаецца па-рознаму. Адны аўтары называюць фразу, маўленчы такт (ён атаясамліваецца з фанетычным словам), склад і гук (А. Рэфармацкі), іншыя характарызуюць толькі склад, акцэнтавае слова і такт, які называюць сінтагмай (інтанацыйна непадзельная адзінка маўленчай плыні, у сярэдзіне сінтагмы няма паўзаў).

Склад – гэтая найменшая адзінка маўленчай плыні: вымаўляючы словы, мы падзяляем іх не на гукі, а на склады: поў-нач, да-мы, да-ра-гі.

Націск – гэта вылучэнне фанетычным спосабам той ці іншай гукавой адзінкі ў межах адзінкі больш высокага ўзроўню.

Інтанацыя (лац. іntonare 'гучна вымаўляць') – сукупнасць фанетычных сродкаў, якія служаць для афармлення фразы і асобных яе частак як адзінага цэлага, а таксама для больш дакладнай перадачы думак і пачуццяў асобы, якая гаворыць. Фанетычнымі сродкамі выражэння інтанацыі з'яўляюцца: 1) мелодыка (рух асноўнага тона голасу, яго павышэнне або паніжэнне), 2) інтэнсіўнасць (узмацненне і аслабленне вымаўлення, яго выразнасць), тэмп (хуткасць маўлення), тэмбр (эмацыйна-экспрэсійная афарбоўка маўлення), паўзы.






ТОП 5 статей:
Экономическая сущность инвестиций - Экономическая сущность инвестиций – долгосрочные вложения экономических ресурсов сроком более 1 года для получения прибыли путем...
Тема: Федеральный закон от 26.07.2006 N 135-ФЗ - На основании изучения ФЗ № 135, дайте максимально короткое определение следующих понятий с указанием статей и пунктов закона...
Сущность, функции и виды управления в телекоммуникациях - Цели достигаются с помощью различных принципов, функций и методов социально-экономического менеджмента...
Схема построения базисных индексов - Индекс (лат. INDEX – указатель, показатель) - относительная величина, показывающая, во сколько раз уровень изучаемого явления...
Тема 11. Международное космическое право - Правовой режим космического пространства и небесных тел. Принципы деятельности государств по исследованию...



©2015- 2024 pdnr.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.