Пиши Дома Нужные Работы

Обратная связь

Арфаэпія як правілы рэалізацыі фанетычнай сістэмы

Арфаэпія(грэч. оrthós 'правільны' épos 'мова')– сукупнасць норм, якімі забяспечваецца адзінства гукавога афармлення нацыянальнай літаратурнай мовы, а таксама раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца правілы вымаўлення. Арфаэпія ахоплівае літаратурнае вымаўленне, а таксама нормы суперсегментнай фанетыкі (націск, тон і інш.). Для беларускай арфаэпіі нормы суперсегментнай фанетыкі, у прыватнасці націск, маюць істотнае значэнне. Асабліва вялікая роля націску пры яго рознамясцовасці і рухомасці. Рознамясцовасць робіць націск індывідуальнай прыметай асобнага канкрэтнага слова і выкарыстоўваецца для адрознення слоў (ка/ра і кара/, кра/ты і краты/), а таксама граматычных форм розных слоў (на/шу і нашу/, я/му і яму/).

Сучасная беларуская літаратурная мова пачала фарміравацца, як вядома, у XIX ст. на базе народных гаворак галоўным чынам цэнтральнай часткі Беларусі. Паколькі літаратурная мова XIX-пачатку XX ст. яшчэ не выпрацавала дасканалай сістэмы лексіка-граматычных норм і моўна-выяўленчых сродкаў, недасканалымі заставаліся і нормы вуснай літаратурнай мовы. Кола людзей, якія карысталіся літаратурнай мовай, было нешматлікім. Гэта былі галоўным чынам прадстаўнікі інтэлігенцыі – выхадцы з сялянскіх сем'яў, якія ў пэўнай меры захоўвалі асаблівасці родных гаворак. На Беларусі не было вялікіх культурных цэнтраў і буйных тэатральных аб'яднанняў, якія маглі б аказаць уплыў на фарміраванне і выпрацоўку вымаўленчых норм літаратурнай мовы.

Станаўленне важнейшых правіл беларускай арфаэпіі цесна звязана з фарміраваннем арфаграфіі, з асаблівасцямі слова- і формазмянення. Доўгі час адзіным крытэрыем для напісання слоў было іх гучанне ў народнай мове. Пры гэтым за ўзор бралася вымаўленне ў цэнтральных гаворках, якое і рабілася паступова асновай літаратурнага вымаўлення.



Нягледзячы на складаны і супярэчлівы працэс выпрацоўкі арфаэпічных норм, у беларускай мове XIX ст. ужо існавалі фанетычныя рысы, якія былі агульнапашыранымі, вядомымі і ўяўляліся як нарматыўныя для літаратурнага вымаўлення таго часу. Гэта – асімілятыўная мяккасць зычных: [с'н'эх, ц'в'ік]; цвёрдае вымаўленне шыпячых, [р] і [ц]: [ч]аснок, [ж]оўты, [р]ака, [ц]ана; вымаўленне [ў] замест [в] пасля галоснага перад наступным зычным: каро[ў]ка, гало[ў]ка; вымаўленне [а] на месцы [о] і [э] у першым пераднаціскным складзе: в[а]да, д[а]рога; вымаўленне падоўжаных зычных у інтэрвакальным становішчы: збо[жж]а, насе[н'н']е; вымаўленне глухіх зычных у канцы і ў сярэдзіне слова перад глухімі: са[т], дзе[ш]ка, а[п]хо[т], па[т]плываць, [с] хаты, [пат] паветкай; фрыкатыўнага [γ]: на[γ]а, [γ]руша і інш. Гэтыя асаблівасці, як і многія іншыя доўгі час не былі кадыфікаваны, але ў далейшым па меры развіцця літаратурнай мовы набывалі характар нацыянальнай нормы як самыя агульнапашыраныя.

Паступова складвалася стабільная, кадыфікаваная сістэма граматычных і арфаграфічных правіл. Разам з гэтым у выніку масавага выкарыстання вуснай формы літаратурнай мовы фарміраваліся яе важнейшыя арфаэпічныя нормы. Стабілізацыя норм літаратурнай мовы ў яе пісьмовай форме аказвала істотны ўплыў на выпрацоўку і станаўленне норм літаратурнага вымаўлення. Беларускае літаратурнае вымаўленне набыло кадыфікаваны характар к канцу 30-х гадоў.

У пасляваенны перыяд у выніку ўрадавай пастановы «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу» (1957) былі ўдакладнены і асобныя правілы арфаэпіі, з'явіліся манаграфічныя даследаваннні, прысвечаныя апісанню і сістэматызацыі правіл беларускага літаратурнага вымаўлення.

2.11.1. Асноўныя правілы вымаўлення галосных

Асноўным фактарам якасці вымаўлення галосных з'яўляецца націскное або ненаціскное становішча іх у моўнай плыні.

1. Усе галосныя пад націскам вымаўляюцца выразна, як і ізаляваныя гукі: с[а]д, [з'а]блік, д[о]м, [ц'о]плы, в[у]лей, [б'у]ст, ц[э]лы, [л'э]та, м[ы]ла, [м'і]рны.

2. Ненаціскныя [о, э, а] у першым пераднаціскным складзе супадаюць у гуку [а] незалежна ад таго, пасля цвёрдага ці мяккага зычнага яны выступаюць: в[о]ды в[а]да, н[о]гі н[а]га, с[а]д с[а]ды, р[э]кі р[а]ка, ц[э]ны ц[а]на, ш[э]пт ш[а]птаць, [в'о]дры [в'а]дро, п[л'э]сці п[л'а]ту, [ц'а]жкі [ц'а]жар.

Ва ўсіх іншых перад- і паслянаціскных складах [о, э, а] пасля цвёрдых зычных супадаюць у гуку [а], пасля мяккіх зычных – у гуку [э] або [эа] (з а-прыгукам), якія на пісьме перадаюцца літарай е: рам[о]нт рам[а]нтаваць, ш[э]пт ш[а]пянуць, пр[а]ца – пр[а]цаўнік; [л'о]д [л'э]дзяны, .

У словах іншамоўнага паходжання гук [э] не чаргуецца з [а] або а], і як у першым, так і ў паслянаціскных складах гук [э] гучыць нязменна – незалежна ад таго, пасля мяккага ці цвёрдага папярэдняга зычнага ён выступае: д[э]по, ж[э]тон, мат[э]матыка, А[п'э]ніны, [Б'э]тхо[в'э]н. Толькі ў невялікай колькасці слоў пасля [р, ц] на беларускай глебе адбылася замена [э] на [ы]: бр[ы]зент, канц[ы]лярыя, інж[ы]нер, р[ы]сора, ц[ы]р[ы]монія.

Як вынікае з навуковых назіранняў, праведзеных у сектары эксперыментальнай фанетыкі Інстытута мовазнаўства АН Беларусі, якасць ненаціскных галосных аказваецца непасдэдна звязана з хуткасцю (тэмпам) маўлення. У павольным і сярэднім тэмпе маўлення галосныя гукі характарызуюцца стабільным і даволі выразным гучаннем, а ў хуткім тэмпе маўлення колькасць рэалізацый ненаціскнога галоснага аказваецца больш значнай.

3. У запазычаных словах спалучэнні іо, іа, іэ вымаўляюцца звычайна з устаўным гукам [j]. Пад націскам іо вымаўляецца як [іjо jо)]; не пад націскам – як [іjа jа)]: фі[з'і]лаг, бактэр[ы]лаг, [п'іjа]нер, д[ыjа]пазон. У спалучэнні іэ гук [э] незалежна ад націску вымаўляецца нязменна: гі[γ іjэ]на, гі[γ 'іjэ]нічны.

4. Гук [і] (пасля цвёрдых зычных – [ы]) як пад націскам, так і ў ненаціскным становішчы вымаўляецца выразна: [н'і]зка, [н'і]чога, в[ы]хад, в[ы]датна.

У пачатку слова і пасля галосных у сярэдзіне слова пад націскам перад [і] вымаўляецца [j]: [jі]скра, кра[jі]на. Пачатковы ненаціскны [і], калі папярэдняе слова заканчваецца на галосны гук, замяняецца гукам [й] пры сярэднім і хуткім тэмпе маўлення: яны [й]шлі, на [й]вана; некаторыя даследчыкі беларускай арфаэпіі сцвярджаюць, што пры павольным тэмпе маўлення тут можа вымаўляцца спалучэнне jі: на [jі]вана, яны [jі]шлі. Пачатковы ненаціскны [і], калі папярэдняе слова заканчваецца на зычны гук, за выключэннем [γ], [к], [х], вымаўляецца так, як і пасля цвёрдых зычных – [ы]: [брат ы с'астра, дым ы поп'эл].

2.11.2. Асноўныя правілы вымаўлення зычных

На характар вымаўлення зычных уплываюць у першую чаргу якасць гукавога акружэння зычнага, месцазнаходжанне зычнага ў слове (на стыку слоў, на мяжы марфем, у пачатку або ў канцы слова).

1. Зычныя гукі выразна вымаўляюцца перад галоснымі, напрыклад мяккія і цвёрдыя: [б]ыў [б']іў, [п]адаць [п']яць, [в]осень [в']ёсны; глухія і звонкія: [б]ыў [п]ыл, [д]ом – [т]ом; свісцячыя і шыпячыя: [с]ыты [ш]ыты, [з]ара [ж]ар.

2. У беларускай мове гукі [ж, ž, ч, ш, р, ц] (калі [ц] не з мяккага [т']) заўсёды цвёрдыя, яны не маюць адпаведных сабе мяккіх зычных:

[ж]уры, са[ž]у, [ч]эмпіён, [ш]а[ш]а, [ш]эпт, [р]ака, [ц]ана, [ц]эбар.

3. Перад палатальным (мяккім) [j] і ў канцы слоў вымаўляюцца цвёрдыя губныя [б, п, м, ф]: [бjу], [пjу], ся[мjа], голу[п] (голуб), се[м] вер[ф].

4. Перад мяккімі зычнымі, акрамя [γ], [к'] [х'], у пачатку слова і на стыку марфем, вымаўляюцца мяккія свісцячыя [з'], [с']: [с'в']ята,

[с'н']ег, [з'в']іць, [з'л']іць, [з'м']ерзнуць, не[с'ц']і, гры[с'ц']і.

У запазычаных словах вымаўляюцца цвёрдыя свісцячыя [з, с]:

[сп']ецыяльна, [сп']ектр, а[сп']ект, ай[зб']ерг.

5. Перад галоснымі і мяккім [в'] вымаўляюцца вельмі мяккія зычныя гукі [z'], [ц']: [z']іця, [z']ень, хо[z']яць, [z'в']еры, [ц']іхі, [ц']ень, [ц']ёмна, [ц'в']ёрды. У словах іншамоўнага паходжання, як правіла, вымаўляюцца цвёрдыя [д, т]: [д]элегат, [т]эарэма, сту[д]энтка, [т]ытан, [д]ывізія, апрача слоў з суфіксамі -ір, -ёр, -ік, -(ей)ск, -(е)ец: каман[z']ір, ак[ц']ёр, блан[z']ін, гвар[z']ейскі, ін[z']еец.

6. Перад мяккімі [z', ц', н', j] вымаўляюцца толькі мяккія [л', н'], а перад іншымі мяккімі зычнымі могуць вымаўляцца і цвёрдыя [л, н]: па кама[н'z']е, на вера[н'z']е, на[л'j]е, але: бе[нз']ін, ка[нв']ерт.

7. У беларускай літаратурнай мове засведчана вымаўленне фрыкатыўнага [γ], змычна-выбухнога [г] і фарынгальнага [h] у гаворках. Гук [γ], які чаргуецца з [х] (на[γ]а но[х], даро[γ]а даро[х]), найбольш уласцівы і частаўжывальны ў беларускай мове. Выбухны [г] лексічна абумоўлены, ён вымаўляецца ў нешматлікай групе слоў тыпу [г]анак, [г]узік, [г]арсэт, маз[г']і.

8. Губна-губны [ў] вымаўляецца на месцы этымалагічнага [в] у становішчы пасля галоснага перад зычным, а таксама ў канцы слова: тра[в]а тра[ў]ка, пе[в]ень пе[ў]нік, каро[в]а каро[ў] і на месцы этымалагічнага [л] пасля галоснага ў канцы дзеясловаў прошлага часу мужчынскага роду адзіночнага ліку: гавары[л]а гавары[ў], піса[л]а піса[ў] і ў сярэдзіне некаторых слоў: воўк, шоўк.

9. У становішчы паміж галоснымі на месцы былых усходнеславянскіх спалучэнняў «мяккі зычны + ь + j» вымаўляюцца падоўжаныя [з', с', н', л', z', ц', ж, ш, ч]: ма[з':]ю, кало[с':]е, насе[н':]е, га[л':]ё, жы[ц':]ё, заці[ш:]а, збо[ж:]а, но[ч:]у, якія на пісьме перадаюцца падвоеным напісаннем: маззю, калоссе, насенне, галлё, жыццё, зацішша, збожжа, ноччу.

10. Перад глухімі ў сярэдзіне слова і на стыку слоў вымаўляюцца глухія: лы[шк]а (лыжка), паво[тк]а (паводка), а[т-х]аты (ад хаты), па[т-х]вояй (пад хвояй). Глухія вымаўляюцца таксама ў канцы слова: са[т] (сад), ду[п](дуб), но[ш] (нож). Перад звонкімі вымаўляюцца звонкія: бара[z'б]а (барацьба), про[з'б]а (просьба).

11. На стыку марфем шыпячы прыпадабняецца да наступнага свісцячага: нясві[с]кі (нясвіжскі), добру[с]кі (добрушскі), каўка[с]кі (каўказскі) (вымаўляюцца як адзін гук [с]), у дзе[с]цы (у дзежцы), на даро[с]цы (на дарожцы), адзене[с']я (адзенешся), На стыку слоў асіміляцыі шыпячага можа не адбывацца пры выразнай паўзе паміж словамі: на[ш-с]авецкі.

У пазіцыі свісцячы перад шыпячым на стыку марфем і слоў адбываецца асіміляцыя свісцячага: [ш:]ытак (сшытак), ра[ш]чыніць (расчыніць), раска[ш]чык (расказчык), ра[ж:]ыцца (разжыцца).

12. Спалучэнні гукаў [д] і [ч], [т] і [ч] на стыку кораня і суфікса вымаўляюцца як падоўжаны гук [ч] або [тч] (варыянт): дакла[ч:]ык, дакла[тч]ык (дакладчык), нала[ч:]ык, нала[тч]ык (наладчык), лё[ч:]ык, лё[тч]ык (лётчык).

13. Спалучэнні гукаў [д, т, ч, к] з гукам [с], якія ўзнікаюць на стыку кораня і суфікса, вымаўляюцца як адзін гук [ц]: гара[ц]кі (гарадскі), саве[ц]кі (савецкі), баранаві[ц]кі (баранавіцкі), беласто[ц]кі (беластоцкі).

Аднак у большасці слоў іншамоўнага паходжання, што ўтвораны ад уласных геаграфічных назваў, спалучэнне апошняга зычнага асновы [к] або [х] з суфіксальным [ск] у вымаўленні захоўваецца: пішам і вымаўляем арынокскі, таджыкскі, окскі, мазамбікскі, бангкокскі, казахскі.

14. Спалучэнне [ч] і [н] вымаўляецца без змен: стрые[чн]ы, сталі[чн]ы, яе[чн']я, Кузміні[чн]а, але: сма[шн]ы. Спалучэнне [д] і [т] у канцы запазычаных слоў вымаўляецца як [т]: Краншта[т], Гумбаль[т], Шмі[т].

2.11.3. Адхіленні ад норм літаратурнага вымаўлення і іх прычыны

Пры напісанні раздзела быў выкарыстаны матэрыял энцыклапедычнага даведніка «Беларуская мова: Энцыкл. / Беларус. Энцыкл.; Пад рэд. А.Я. Міхневіча; Рэдкал.: Б.І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.

– Мн., 1994. – 655 с.».

Адна з асноўных прычын, якія парушаюць літаратурнае вымаўленне, – уплыў вымаўлення дыялектнай мовы. Парушэнні такога тыпу назіраюцца ў людзей, якія ў дзяцінстве карысталіся дыялектнай мовай. Дыялектным уплывам тлумачацца змяненні якасці галосных і зычных гукаў у літаратурнай мове выхадцаў з розных рэгіёнаў Беларусі:

1) вымаўленне на месцы націскнога[а] перад [ў] гука [о: наст[о]ўнік

(наст[а]ўнік), пр[о]ўда (пр[а]ўда), сказ[о]ў (сказ[а]ў), у[з'о]ў (у[з'а]ў); 2) на месцы [ы] пасля губных [б], [в], [м], [п] некаторымі асобамі, для якіх роднымі з'яўляюцца так званыя ўкаючыя гаворкі, вымаўляецца [у]: б[у]к (б[ы]к), в[у]касіць (в[ы]касіць), пам[у]лка (пам[ы]лка), кап[у]т (кап[ы]т).

3) У тых, хто нарадзіўся на Магілёўшчыне, сустракаецца вымаўленне замест ненаціскнога гука [ы] гука [а]: п[а]танне (п[ы]танне), бр[а]гадзір (бр[ы]гадзір), б[а]ла (б[ы]ла).

4) Розным характарам акання і якання ў літаратурнай і дыялектнай мовах выкліканы адхіленні ў вымаўленні ненаціскных галосных: в[ы]да (в[а]да), н[ы]га (н[а]га); мор[э] (мор[а]), піш[э] (піш[а]), [н’э]су ([н’а]су), [ц’э]гну ([ц’а]гну), б[і]да ([б’а]да), в[і]сна ([в’а]сна), вос[і]нь (во[с’э]нь), воз[i]ра (во[з’э]ра).

5) На значнай частцы паўднёва-заходняй Беларусі ў вымаўленні захоўваецца ненаціскное этымалагічнае [о]: мног[о] (мног[а]), сал[о] (сал[а]). 6) Вымаўленне на месцы падоўжаных зычных скарочаных або зусім кароткіх гукаў: насе[н’]е (насе[н’:]е), га[л’]ё (га[л’:]ё), збо[ж]а (збо[ж:]а); 7) Парушэнне правіла аглушэння зычных. Гэта абумоўлена тым, што на значнай тэрыторыі Беларусі ў дыялектнай мове няма аглушэння звонкіх у канцы слоў і перад зычнымі. Часцей за ўсё прадстаўнікі такіх гаворак не чуюць глухіх гукаў на месцы звонкіх і ў літаратурным вымаўленні, а таму не набываюць звычкі да аглушэння: гора[д] (гора[т]), но[ж]

(но[ш]), ка[з]ка (ка[с]ка);

8) вымаўленне замест спалучэння [с’ц’] гука [с’]: рада[с’] (рада[с’ц’]), маладо[с’] (маладо[с’ц’]);

9) замена гука [дз] найбольш блізкім да яго гукам [з], што абумоўлена вельмі слабай супрацьпастаўленасцю [дз] іншым зычным: [з]ынкаць (дзынкаць), пэн[з]аль (пэндзаль).

10) памякчэнне [з], [с] перад заднеязычнымі гукамі [г’], [к’], [х’]: [з']гінуць ([з]гінуць), [с’]кінуць ([с]кінуць), [с’]хіліць ([с]хіліць) і інш.

Яшчэ адна прычына адхіленняў – уплыў рускай мовы, якой валодае большасць жыхароў Беларусі. Парушэнні арфаэпічных нормаў узнікаюць пры недасканалым валоданні беларускай і рускай мовамі, пры неразмежаванні фанетычных асаблівасцей гэтых дзвюх моў. Даволі часта пад уплывам рускай мовы можна пачуць вымаўленне мяккага [ч'], [т'], [д'] на месцы беларускіх гукаў [дз'], [ц']; выбухнога [г] там, дзе павінен быць фрыкатыўны. Парушаюцца і акцэнтуацыйныя нормы.

Адхіленні ад норм літаратурнага вымаўлення звязаны і з уплывам арфаграфіі. Тут яны праяўляюцца ў вымаўленні па літарах і характэрны ў большасці выпадкаў для жыхароў буйных гарадоў. Вядома, што асноўныя прынцыпы, на якіх грунтуецца беларускі правапіс, – фанетычны і марфалагічны. Фанетычны прынцып заключаецца ў тым, што напісанне адпавядае вымаўленню. Але вымаўленне і напісанне супадаюць не заўсёды. У словах кніжка, цяжка пішам ж,а вымаўляем [ш]; у словах люд, горад пішам д,а вымаўляем [т]; у словах заводскі, гарадскі пішам дс, а вымаўляем [ц]. Такія напісанні заснаваны на марфалагічным прынцыпе.

Веданне арфаэпічных норм беларускай літаратурнай мовы вызначае правільнае, літаратурнае вымаўленне – істотны элемент культуры мовы.






ТОП 5 статей:
Экономическая сущность инвестиций - Экономическая сущность инвестиций – долгосрочные вложения экономических ресурсов сроком более 1 года для получения прибыли путем...
Тема: Федеральный закон от 26.07.2006 N 135-ФЗ - На основании изучения ФЗ № 135, дайте максимально короткое определение следующих понятий с указанием статей и пунктов закона...
Сущность, функции и виды управления в телекоммуникациях - Цели достигаются с помощью различных принципов, функций и методов социально-экономического менеджмента...
Схема построения базисных индексов - Индекс (лат. INDEX – указатель, показатель) - относительная величина, показывающая, во сколько раз уровень изучаемого явления...
Тема 11. Международное космическое право - Правовой режим космического пространства и небесных тел. Принципы деятельности государств по исследованию...



©2015- 2024 pdnr.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.