Обратная связь
|
ЮРЫДЫЧНАЕ ПАНЯЦЦЕ ЖЫВЁЛЬНАГА СВЕТУ Жывёльны свет з’яўляецца адным з неад’емных кампанентаў прыроднага асяроддзя, таму захаванне яго вiдавой разнастайнасцi мае вялiкае значэнне для падтрымання экалагiчнай раўнавагi ў прыродзе, а таксама для задавальнення патрэбнасцей грамадства. У механiзме аховы жывёльнага свету, як i ўсей прыроды, найважнейшую ролю адыгрывае права.
Адносiны па ахове и выкарыстанню дзiкiх жывёл атрымалi прававое замацаванне ўжо з моманту фармiравання пiсанага права. Аднак нi правам, нi юрыдычнай навукай аб’ект прававога рэгулявання не быў вызначаны аж да 70-х гадоў нашага стагоддзя. Таму ўяўляецца важным вызначыць асноўныя прыметы жывёльнага свету як аб’екта экалагiчных праваадносiн з мэтай удасканалення іх прававога рэгулявання. Такая спроба робiцца ў дадзеным даследаваннi.
Трэба адзначыць тую акалiчнасць, што на працягу доўгага часу прававой ахове падлягалi толькi вiды жывёл, якiя з’яўлялiся аб’ектамi палявання i рыбалоўства. Закон БССР ад 21 снежня 1961 года «Аб ахове прыроды ў Беларускай ССР» упершыню называе ў якасцi аднаго з аб’ектаў прыроды, якiя падлягаюць ахове, «жывёльны свет (карысную дзiкую фауну)» [1]. Аднак у законе не змяшчалiся юрыдычныя прыметы жывёльнага свету, якiя пазней былi замацаваны ў Законе БССР ад 26 лiстапада 1981 г. «Аб ахове i выкарыстаннi жывёльнага свету» [2] i аднайменным Законе Рэспублiкi Беларусь ад 19 верасня 1996 года [3] (далей – Закон «Аб ахове i выкарыстаннi жывёльнага свету» 1996 г.).
У адпаведнасцi з артыкулам 1 Закона «Аб ахове i выкарыстаннi жывёльнага свету» 1996 г., пад жывёльным светам разумеюцца дзiкiя жывёлы (млекакормячыя, птушкi, паўзуны, земнаводныя, рыбы, малюскi, насякомыя i iншыя), якiя прабываюць ў стане натуральнай волi на сушы, у вадзе, атмасферы i глебе i пастаянна цi часова насяляюць тэрыторыю рэспублiкi.
Доўгi час вучоныя, як i заканадавец, не ўжывалi юрыдычнае паняцце жывёльнага свету або карысталiся яго прыродазнаўча-навуковым азначэннем. Так, А.В. Карас пiсаў аб «… праве собственности … государства на рыбу и морского зверя, живущих в естественном (диком) состоянии в государственных водах; на животных и птиц, также живущих в естественном (диком) состоянии в лесах, степях и т.п.» [4, c. 54]. А.П. Марцыонас, разглядаючы пытаннi аховы жывёл, ужывае паняцце «дзiкая фауна», але не дае пры гэтым яго прававога азначэння [5]. С.С. Канстанцiнiдзi ў працы, прысвечанай прававым пытанням аховы жывёльнага свету, вылучае юрыдычныя прыметы «дикого животного, как охраняемого правом объекта природы» [6, c. 74-97], але таксама не фармулюе паняцце жывёльнага свету.
Пазней у лiтаратуры былi прапанаваны азначэнні, якiя адлюстроўвалi iстотныя прыметы прававога характару і дазвалялi iдэнтыфiкаваць жывёльны свет у якасцi самастойнага аб’екта экалагiчных праваадносiн: «Животный мир – совокупность диких животных, живых организмов, существующих и развивающихся в состоянии естественной свободы в природной среде на территории страны на суше, в воде, атмосфере, почве и т.п.» [7, c. 51-52].
Прааналізаваўшы нормы дзеючага заканадаўства i заканадаўства папярэднiх перыядаў, а таксама навуковую лiтаратуру, прысвечаную пытанням аховы i выкарыстання жывёльнага свету, можна вылучыць наступныя юрыдычныя прыметы жывёльнага свету.
1. Жывёльны свет з’яўляецца кампанентам навакольнага асяроддзя. У Законе «Аб ахове i выкарыстаннi жывёльнага свету» 1996 г. i iншым экалагiчным заканадаўстве гэтая прымета адлюстравана словамi: «дзiкiя жывёлы, якiя прабываюць у стане натуральнай волi».
Пад натуральнай воляй разумеюць непасрэдную натуральную сувязь жывёлы з навакольным асяроддзем, знаходжанне ў ланцугу экалагiчнай сiстэмы прыроды [6, c. 58-59]. Жывёльны свет – адзiн з самых «чуллiвых» прыродных аб’ектаў, стан якога ў многiм залежыць ад стану iншых аб’ектаў прыроды, з’яўляючыхся асяроддзем яго пражывання (лясоў, вод, глебы, атмасферы). Таму важнай задачай дзяржавы з’яўляецца не толькi ахова дзiкiх жывёл ад прамога знiшчэння i нерацыянальнага выкарыстання, але i ахова асяроддзя iх пражывання, што знайшло алюстраванне ў артыкуле 16 вышэйназванага закона, які ўстанаўлiвае ў якасцi аднаго з патрабаванняў па ахове i выкарыстанню жывёльнага свету неабходнасць захавання асяроддзя пражывання, умоў размнажэння, шляхоў мiграцыi і месцаў канцэнтрацыi жывёл.
Варта згадзiцца з аўтарамi, якiя ўказваюць на неабходнасць не толькi заканадаўчага замацавання магчымага геаграфiчнага асяроддзя пражывання дзiкiх жывёл (на сушы, у вадзе, атмасферы i глебе), але i ўключэння ў заканадаўства юрыдычнага паняцця «асяроддзе пражывання» дзiкiх жывёл, а таксама палажэнняў аб яго адасобленасцi i самастойнасцi [8, с. 153; 9, c. 8].
Асобных прадстаўнiкоў жывёльнага свету нельга забраць з месцаў iх пражывання без змянення прававога статуса: дзiкiя жывёлы, якiх забралi з асяроддзя пражывання i ўтрымлiваюць у няволi або напаўвольных умовах, не ўваходзяць у склад жывёльнага свету ў сэнсе экалагiчнага заканадаўства, паколькi яны ўжо не з’яўляюцца састаўной часткай прыроднага асяроддзя. Гэта пацвярджаецца артыкулам 3 Закона «Аб ахове i выкарыстаннi жывёльнага свету» 1996 г., які ўстанаўлiвае, што адносiны ў галiне аховы i выкарыстання сельскагаспадарчых i iншых хатнiх жывёл, а таксама дзiкiх жывёл, якiя ўтрымлiваюцца ў няволi i выкарыстоўваюцца ў гаспадарчых, навуковых, культурна-асветных i iншых мэтах, рэгулююцца iншым (напрыклад, грамадзянскiм) заканадаўствам.
Аналагiчны падыход, якi размяжоўвае прававое рэгуляванне адносiн па ахове i выкарыстанню жывёл у залежнасцi ад iх сувязi з прыродным асяроддзем, знайшоў адлюстраванне ў пастанове Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 12 сакавiка 1993 г. № 2 «Аб прымяненнi судамi заканадаўства аб ахове прыроды» [10]. У п. 11 названай пастановы Пленум растлумачыў, што « дзеяннi асоб, вiнаватых у незаконным вылаве рыбы i здабычы водных жывёл, якiх вырошчваюць калгасы, саўгасы, iншыя прадпрыемствы i арганiзацыi ў спецыяльна ўладкаваных або прыстасаваных вадаёмах, або завалоданне рыбай, воднымі жывёламі, якiя адлоўлены гэтымi арганiзацыямi або знаходзяцца ў гадавальнiках i вальерах з дзiкiмi жывёламi, птушкамi», квалiфiкуюцца як раскраданне маёмасцi.
Аднак у сувязi з гэтым не зразумела, што меў на ўвазе заканадавец, якi ўстанавiў у артыкуле 4 Закона «Аб ахове i выкарыстаннi жывёльнага свету» 1996 г., што адносіны па валоданню, выкарыстанню і распараджэнню жывёламі – аб’ектамі жывёльнага свету, якiх забралi з асяроддзя пражывання ва ўстаноўленым парадку і якія знаходзяцца ў прыватнай або дзяржаўнай уласнасці, – рэгулююцца дадзеным законам і іншым заканадаўствам. Таму, на наш погляд, неабходна ўнесці змены ў артыкул 4 Закона «Аб ахове i выкарыстаннi жывёльнага свету» 1996 г. і прывесці яго ў адпаведнасць з нормай артыкула 3 названага закона.
Падобная непаслядоўнасць назіраецца і ў іншых нарматыўных актах. Так, у п.1 Палажэння «Аб парадку вядзення дзяржаўнага кадастра жывёльнага свету Рэспублікі Беларусь», якое зацверджана пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 3 лютага 1995 г. N 78 [11], устанаўліваецца, што «дзяржаўны кадастр жывёльнага свету Рэспублікі Беларусь змяшчае сістэму неабходных звестак і дакументаў аб распаўсюджанні, біялагічным стане, колькасці, характары і інтэнсіўнасці гаспадарчага выкарыстання відаў (груп відаў) дзікіх жывёл, якія пастаянна або часова пражываюць на тэрыторыі рэспублікі ва ўмовах натуральнай волі, у няволі або напаўвольных умовах …». Цалкам зразумела і апраўдана ўключэнне ў кадастравую дакументацыю звестак аб дзікіх жывёлах, якіх забралi з асяроддзя пражывання і ўтрымліваюць у няволі або напаўвольных умовах (напрыклад, для выкарыстання ў мэтах захавання і павелічэння колькасці рэдкіх відаў і відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення). Але ў такой рэдакцыі гэты пункт супярэчыць Закону «Аб ахове i выкарыстаннi жывёльнага свету» 1996 г., у сувязі з чым мэтазгодна ўнесці змяненні ў вышэйназванае палажэнне і ўстанавіць, што ў Рэспубліцы Беларусь вядзецца кадастр жывёльнага свету, а таксама кадастр дзікіх жывёл, якіх забралi з асяроддзя пражывання і ўтрымліваюць у няволі або напаўвольных умовах.
Другім варыянтам рашэння дадзенай праблемы можа з’явіцца прапанаванае П.В. Ціхім расшырэнне эколага-прававога рэжыму на дзікіх жывёл, якія ўтрымліваюцца ў няволі або напаўвольных умовах [9, c. 8]. Аднак пры гэтым адзначаецца, што гэтыя жывёлы могуць быць аб’ектамі толькі экалагічных адносін па іх прыналежнасці, ахове і аднаўленню, але яны не з’яўляюцца аб’ектамі эколага-эксплуатацыйных праваадносін.
2. З прыведзенага вышэй азначэння, якое змяшчаецца ў артыкуле 1 Закона «Аб ахове i выкарыстаннi жывёльнага свету» 1996 г., вынікае, што ў склад жывёльнага свету ўваходзяць не ўсе жывёлы, а толькі дзікія. Прыметай, якая адмяжоўвае дзікіх жывёл ад хатніх, з’яўляецца той факт, што дзікія жывёлы нараджаюцца і існуюць у асноўным натуральным шляхам без значнага кантролю чалавека [6, c. 76-78].
У цяперашні час многія віды жывёл з’яўляюцца не толькі натуральным прадуктам прыроды, але і ў пэўнай ступені вынікам дзейнасці чалавека. Асабліва гэта адносіцца да рэдкіх відаў і відаў жывёл, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, цэнных парод рыб, жывёл, якія з’яўляюцца аб’ектамі палявання, узнаўленне якіх у значнай ступені пастаўлена пад кантроль чалавека. Так, п. 1 Палажэння «Аб паляванні і вядзенні паляўнічай гаспадаркі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», якое зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 1997 г. № 1750 [12], адзначае, што дзікія жывёлы, якія пражываюць у стане натуральнай волі, у тым ліку якіх выпусцілі ў паляўнічыя ўгоддзі з мэтай развядзення, уваходзяць у склад жывёльнага свету Рэспублікі Беларусь.
Варта згадзіцца з С.С. Канстанцінідзі, што ў дадзеным выпадку «контроль человека над жизнедеятельностью диких животных носит качественно иной характер, не представляя собой обычно комплекса мер, охватывающих практически все ее стороны, как это имеет место в отношении домашних животных. Такой контроль, как правило, не изменяет наследственно биологических свойств и повадок диких животных, не приводит к их одомашниванию» [6, c. 78].
Пры вызначэнні юрыдычнага складу жывёльнага свету, як правіла, выкарыстоўваецца прыродазнаўча-навуковая класіфікацыя жывёл. Артыкул 9 Закона БССР ад 21 снежня 1961 года «Аб ахове прыроды ў Беларускай ССР» пры вызначэнні аб’екта прававой аховы пералічваў звяроў, птушак, рыб і іншых жывёл. Пры гэтым пад тэрмінам «звяры» ў заканадаўстве разумеліся млекакормячыя [6, с. 76], у сувязі з чым ужыванне гэтага неадназначнага тэрміна для азначэння аднаго з ахоўных класаў жывёл з’яўлялася няўдалым.
У заканадаўстве іншых саюзных рэспублік перыяду 60-х гадоў таксама недакладна вызначаўся склад жывёльнага свету. Так, у артыкуле 11 Закона РСФСР ад 27 кастрычніка 1960 г. «Об охране природы в РСФСР» [13] вызначалася, што ахове падлягаюць «полезные дикие животные, птицы и рыбы», хаця і птушкі, і рыбы ахопліваюцца агульным паняццем «жывёлы».
Законамі некаторых рэспублік у лік ахоўваемых прыродных аб’ектаў уключаліся толькі цэнныя, рэдкія віды і віды жывёл, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення [14].
Разам з тым было відавочна, што пад аховай дзяржавы павінны знаходзіцца ўсе віды дзікіх жывёл. Таму многія аўтары падкрэслівалі, што ў склад жывёльнага свету ўваходзяць усе віды жывёл, у тым ліку змеі, яшчаркі, лятучыя мышы, марскія млекакормячыя [7, с. 234].
З улікам неабходнасці аховы жывёл усіх відаў, далейшае беларускае заканадаўства ў склад жывёльнага свету ўключае дзікіх жывёл, а менавіта млекакормячых, птушак, паўзуноў, земнаводных, рыб, малюскаў, насякомых i iншых жывёл [2; 3].
Аднак у літаратуры адзначаецца, што пералік тыпаў і класаў, да якіх могуць належыць жывёлы (млекакормячыя, птушкi, паўзуны, земнаводныя, рыбы, малюскi, насякомыя), не вырашае праблему вызначэння жывёльнага свету, а толькі ўскладняе яе [9, с. 6-7]. На наш погляд, можна згадзіцца з прапановай П.В. Ціхага і адмовіцца ад выкарыстання прыродазнаўча-навуковай класіфікацыі жывёл у экалагічным заканадаўстве.
3. Адна з прымет жывёльнага свету як аб’екта экалагічных праваадносін – знаходжанне арганізмаў у жывым стане. Дзікія жывёлы, якія памерлі па натуральнай прычыне або ўмярцвёныя чалавекам, аўтаматычна (г.зн. без афармлення якіх-небудзь дакументаў) выключаюцца са складу жывёльнага свету [15, c. 60-61; 9, с. 7]. Пры гэтым выключэнне ўмярцвёных жывёл з складу жывёльнага свету не залежыць ад іншых прававых вынікаў, напрыклад, ад наступлення адказнасці за незаконную здабычу жывёлы.
4. Важным з’яўляецца знаходжанне жывых арганізмаў у прасторавых межах дзяржавы. Асаблівасць жывёльнага свету як аб’екта экалагічных праваадносін і, у прыватнасці, права ўласнасці заключаецца ў тым, што ён з’яўляецца такім толькі ў момант знаходжання (пастаянна ці часова) на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Жывёлы могуць мігрыраваць праз дзяржаўныя межы. Пры гэтым жывёлы, якія прыбываюць у час міграцыі, аўтаматычна ўключаюцца ў склад жывёльнага свету рэспублікі і становяцца аб’ектамі права дзяржаўнай уласнасці, з чым звязаны значныя ваганні колькасці жывёл, якія ўваходзяць у склад жывёльнага свету Рэспублікі Беларусь. Гэтая спецыфічная асаблівасць з’яўляецца надзвычайна важнай у працэсе прававога вызначэння прыналежнасці асобных жывёл, а таксама распрацоўкі норм, якія рэгламентуюць прававы статус жывёльнага свету [16, с. 13].
5. У юрыдычнай літаратуры таксама вылучаецца прымета, якая заключаецца ў тым, што ў склад жывёльнага свету ўваходзяць толькі тыя жывыя арганізмы, якія ўяўляюць адасобленыя, самастойныя матэрыяльныя аб’екты.Неабходнасць вылучэння гэтай прыметы А.С. Калбасаў абгрунтоўвае тым, што некаторыя жывыя арганізмы існуюць і ўспрымаюцца грамадствам як арганічна неаддзельныя кампаненты іншых элементаў прыроднага асяроддзя або іншых жывых арганізмаў. Так, напрыклад, жывыя мікраарганізмы глебы ўтвараюць элемент якаснага стану глебы, і іх выкарыстанне і ахова не аддзяляюцца ад выкарыстання і аховы самой глебы, якая выступае як аб’ект зямельных праваадносін [15, c. 61-62].
П.В. Ціхі прапаноўвае замацаваць у экалагічным заканадаўстве палажэнне аб фізічнай адасобленасці аб’ектаў жывёльнага свету, што, на яго думку, дасць магчымасць не разглядаць у якасці аб’ектаў экалагічных праваадносін тых жывёл, якія з’яўляюцца арганічна неаддзялімымі кампанентамі іншых элементаў навакольнага асяроддзя [9, c.8].
Але, на наш погляд, вышэйназваная прымета з’яўляецца дастаткова ўмоўнай і адноснай, у сувязі з чым у шэрагу выпадкаў пытанне аб аднясенні жывых арганізмаў да жывёльнага свету на гэтай падставе можа аказацца спрэчным.
Некаторыя аўтары для абгрунтавання названай прыметы жывёльнага свету прымяняюць нормы грамадзянскага права аб галоўнай рэчы і яе прыналежнасці. У адпаведнасці з такім падыходам, «право государственной собственности на воды включает помимо водного вещества весь взаимодействующий с ним растительный и животный мир водоемов; право государственной собственности на леса охватывает весь лесной комплекс ... в т.ч. зверей, птиц, пресмыкающихся, насекомых и т.д.» [7, c. 88-90]. Гэта значыць, як прыналежнасць «следует судьбе» галоўнай рэчы, так і жывёльны свет «следует судьбе» асяроддзя свайго пражывання і знаходзіцца ва ўласнасці таго, каму належыць «генеральны аб’ект прыроды». Калі зыходзіць з гэтага палажэння, то прававы рэжым жывёльнага свету неабходна падпарадкаваць рэжыму асяроддзя яго пражывання, а гэта значыць, напрыклад, што дзікіх жывёл, пражываючых у стане натуральнай волі на зямельным участку, які знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, трэба будзе прызнаць прыватнай уласнасцю асобы, якой належыць участак, што супярэчыць як дзеючаму заканадаўству, так і мэтам аховы жывёльнага свету.
6. Заслугоўвае ўвагі і такая прымета, якая вылучаецца ў літаратуры, як неспажывальнасць аб’екта [16, c. 13]. Гэта азначае, што пры пераходзе асобнай жывёлы з тэрыторыі рэспублікі на тэрыторыю іншай дзяржавы, а таксама пры знішчэнні асобных экзэмпляраў у выніку карыстання жывёльным светам жывёльны свет у цэлым як аб’ект экалагічных праваадносін не знікае.
7. Доўгі час спрэчным з’яўлялася пытанне: ці залежыць юрыдычнае паняцце жывёльнага свету ад класіфікацыі дзікіх жывёл па прымеце іх карыснасці і шкоднасці. У артыкуле 9 Закона БССР ад 21 снежня 1961 года «Аб ахове прыроды ў Беларускай ССР» устанаўлівалася, што ахове і рэгуляванню выкарыстання падлягаюць толькі карысныя звяры, птушкі, рыбы і іншыя жывёлы якія знаходзяцца ў стане натуральнай волі.
Такой жа пазіцыі прытрымліваліся аўтары ў 60 – 70-х гадах. Так, С.С. Канстанцінідзі ўказваў, што «в совокупность признаков, характеризующих дикое животное как охраняемый правом объект природы, обязательно входит признак полезности». Пры гэтым шкодныя жывёлы вызначаліся ім як «имеющие отрицательную социальную ценность» [6, c. 81]. Супярэчлівасць дадзенай пазіцыі пацвярджаецца тым, што ў той жа працы аўтар выказвае палажэнні, якія абвяргаюць яе:
а) «государственной собственностью в качестве объектов природы должны быть признаны … дикие животные, находящиеся на территории СССР, как полезные, так и вредные» [6, c. 73] (у такім выпадку не зразумела, якім прыродным аб’ектам з’яўляюцца шкодныя жывёлы, калі, па вызначэнню С.С. Канстанцінідзі, яны не ўваходзяць у склад жывёльнга свету, але у той жа час як прыродныя аб’екты знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы);
б) «охрана дикой фауны не ограничивается лишь охраной полезных животных», уключаючы «в качестве составного элемента уничтожение животных вредных, т.е. имеющих отрицательную социальную ценность» [6, c. 62];
в) «при анализе социальной ценности диких животных в процессе их охраны следует помнить об относительности понятия полезных и вредных животных» [6, c. 63].
У далейшым большасць аўтараў і заканадавец прыйшлі да правільнай, на наш погляд, высновы, што карыснасць і шкоднасць жывёл з’яўляюцца адноснымі, і таму ў склад жывёльнага свету ўваходзяць усе віды жывёл, незалежна ад іх карыснасці для чалавека [7, c. 236; 15, c. 61-62; 16, c. 13-14; 17, c. 81-82].
У дзеючым заканадаўстве Рэспублікі Беларусь устанаўліваецца розны парадак аховы і выкарыстання відаў жывёл у залежнасці ад іх ролі ў экалагічнай сістэме. Так, у артыкуле 57 Закона «Аб ахове i выкарыстаннi жывёльнага свету» 1996 г. гаворыцца аб правядзенні мерапрыемстваў па рэгуляванню колькасці асобных відаў дзікіх жывёл у мэтах аховы здароўя насельніцтва, прафілактыкі захворванняў жывёл, папярэджвання матэрыяльнай шкоды юрыдычным і фізічным асобам, падтрымання відавой разнастайнасці. Пры гэтым на спецыяльна ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы ў галіне аховы і выкарыстання жывёльнага свету, а таксама на юрыдычных і фізічных асоб, якія ажыццяўляюць вядзенне сельскай, лясной, рыбнай і паляўнічай гаспадаркі, ускладаецца абавязак кантролю і абмежавання колькасці жывёл – пераносчыкаў захворванняў, небяспечных для чалавека. Акрамя таго, заканадаўствам асобна рэгулюецца парадак выдачы дазволаў на здабычу жывёл некаторых відаў з мэтай змяншэння іх колькасці, а таксама выплаты ўзнагароджання за іх знішчэнне (напрыклад, ваўкоў) [18].
У мэтах падтрымання экалагічнай раўнавагі, а таксама забеспячэння аховы ўсіх відаў жывёл Законам «Аб ахове i выкарыстаннi жывёльнага свету» 1996 г. прадугледжваецца, што мерапрыемствы па рэгуляванню колькасці асобных відаў жывёл павінны ажыццяўляцца спосабамі, якія выключаюць прычыненне шкоды іншым відам жывёл і забяспечваюць захаванасць асяроддзя іх пражывання.
Аднак, варта падкрэсліць, што ў дзеючым заканадаўстве Рэспублікі Беларусь па-ранейшаму ўжываецца тэрмін «шкодныя жывёлы», на наш погляд, неапраўдана. Так, у тэксце і назве Палажэння «Аб парадку выдачы дазволаў на знішчэнне жывёл, якіх прызналі шкоднымі для паляўнічай, рыбнай і сельскай гаспадаркі», якое зацверджана загадам Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь ад 7 кастрычніка 1999 г. N 269 [19], мэтазгодна выкарыстоўваць словы «жывёлы, якія наносяць (або могуць нанесці) шкоду», а не «жывёлы, якіх прызналі шкоднымі», паколькі прызнанне жывёл шкоднымі суб’ектыўна і адносна, у той час як нанесеную імі шкоду гаспадарцы можна лічыць больш-менш аб’ектыўным крытэрыем.
У літаратуры зроблена спроба класіфікавать прыметы, якія характарызуюць жывёл у якасці аб’ектаў экалагічных праваадносін [9, с. 7-8, 18]. Гэтыя прыметы падзелены на тры групы: біялагічныя (стан жыцця і дзікасці жывёл), асяродныя (умовы і месца іх пражывання) і тэрытарыяльныя (абумоўленыя дзеяннем заканадаўства аб жывёльным свеце ў прасторы).
У заключэнне адзначым, што выяўленне юрыдычных прымет жывёльнага свету мае не толькі теарэтычнае, але і вялікае практычнае значэнне. Удакладненне азначэння жывёльнага свету, якое даецца ў экалагічным заканадаўстве, а таксама ўстараненне супярэчнасцей і недакладнасцей, якія змяшчаюцца ў нарматыўных актах, будуць садзейнічаць далейшаму ўдасканаленню адносін па ахове, узнаўленню і ўстойліваму выкарыстанню дзікіх жывёл.
Літаратура:
1. СЗ БССР. 1961. № 38. Арт. 380
2. СЗ БССР. 1981. № 33. Арт. 667
3. Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. 1996. № 31. Арт. 571
4. Карасс А. В. Право государственной социалистической собственности. М., 1954.
5. Марционас А. П. Правовая охрана дикой фауны в Литовской ССР: Автореф дис. … канд. юр. наук М., 1972.
6. Константиниди С. С. Охрана животного мира (правовые вопросы). Алма-Ата, 1975.
7. Правовая охрана природы. Уч. пособие для вузов./ Отв. ред. Петров В.В. М, 1976.
8. Заславская Л. А. Законодательство о животном мире и охране окружающей среды: практика применения // Государство и право.-- 1996.-- № 8.-- С.147-160
9. Тихий П. В. Еколого-правове регулювання спеціального використання дикоі фауни. Автореф дис. … канд. юр. наук. Харьків, 2000.
10. Судовы веснiк. 1993. № 2. С. 8
11. Эталонны банк данных прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусьт “Эталон”. m 29500078
12. Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. 1997. № 36. Арт. 1133.
13. Ведомости Верховного Совета РСФСР. 1960. № 40. Ст. 586.
14. Закон «Об охране природы Эстонской ССР» ад 7 чэрвеня 1957 г., Закон «Об охране природы Армянской ССР» ад 14 мая 1958 г., Закон «Об охране природы в Узбекской ССР» ад 19 лістапада 1959 г.
15. Колбасов О. С. Право собственности на животный мир // Развитие аграрно-правовых наук. М., 1980. С. 56 – 70.
16. Малая Т. Н. Право: собственности на животный мир. Саранск, 1994.
17. Заславская Л. А. Кодификация законодательства о животном мире // Советское государство и право. 1978. № 12. С. 78 – 82.
18. Палажэнне аб парадку выплаты ўзнагароджання за знішчэнне ваўкоў. Зацверджана загадам Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь ад 18 жніўня 1999 г. № 222 // Нацыянальны рэестр прававых актаў. 1999. № 69. 8/786.
19. Нацыянальны рэестр прававых актаў. 1999. № 82. 8/1150.
Статья опубликована:
Шахрай, I.С. Юрыдычнае паняцце жывёльнага свету / I.С. Шахрай // Весцi Нац. акад. навук Беларусi. Сер. гуманіт. навук. – 2001. – № 4. – С. 34‑38.
|
|