Пиши Дома Нужные Работы

Обратная связь

Першабытн. грамадства як агульны этап у гісторыі чалавецтва. Каменны век на тэр. Беларусі

Прадмет, значэнне і мэты курса «Гісторыя Беларусі». Крыніцы па гісторыі Беларусі

Прадмет і задачы курса “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай цывілізацыі”

Вытокі гісторыі адносяцца да старажытных часоў, калі людзі распавядалі гісторыі з мінулага. Ужо ў старажытнасці людзі адчувалі патрэбу ў гістарычных ведах. Тады ж і вызначыўся прадмет гісторыі як навукі, якая вывучае працэс развіцця чалавечага грамадства ва ўсёй яго канкрэтнасці і разнастайнасці. У гісторыі, дарэчы, як і сёння побач стаяць праяўленні духа і баязлівасці, гераізма і здрадніцтва. Разуменне гісторыі – гэта разуменне прычын і наступстваў сучаснага развіцця краіны, гэта магчымасць прагназавання яе будучага.

Прадметам гісторыі Беларусі з’яўляецца вывучэнне асаблівасцей і заканамернасцей развіцця беларускага этнасу, розных бакоў яго жыццядзейнасці, сувязей з іншымі краінамі і народамі. Гісторыя – гэта самастойная інтэгратыўная дысцыпліна, якая займае важнае месца ў сістэме гуманітарных навук. Даследаваць гістарычнае мінулае дапамагаюць такія навукі, як этналогія, археалогія, філалогія, філасофія, эканамічная тэорыя і іншыя. Кожная з гэтых навук вывучае гістарычныя праблемы, але праз прызму сваёй спецыфікі, пры дапамозе сваіх метадаў. Такім чынам, гісторыя са свайго боку ўзбагачае іншыя навукі гістарычнымі фактамі і аналізам і, адначасова, карыстаецца іх абагульненнямі для больш поўнага раскрыцця гістарычнага працэса.

Кожны народ імкнецца ведаць сваю гісторыю, свае гістарычныя карані. Гэта неабходна, каб адчуваць не толькі сувязь часоў, але і каб выкарыстоўваць гістарычны вопыт, не паўтараць памылак, а браць з мінулага ўрокі, неабходныя для вырашэння сучасных задач.



Ва ўсім свеце назіраецца ўстойлівая цікавасць не толькі да мінулага насельнікаў пэўнага рэгіёна, але і імкненне максімальна захаваць і зберагчы сваю гістарычную спадчыну, як матэрыяльную, так і духоўную. Гэта з’яўляецца аксіёмай, паказчыкам цывілізаванасці. У наш час фактычна ўсюды гістарычнае бяспамяцтва лічыцца вялікай заганай.

Наш народ мае багатую гістарычную спадчыну, але па шэрагу прычын яна яшчэ не поўнасцю ўзноўлена. У апошнія дзесяцігоддзі цікавасць да яе значна ўзрасла, адкрыты новыя старонкі нашай гісторыі, яна падаецца больш разнастайна і перш за ўсё праз дзейнасць людзей, гістарычных асоб.

Палітызаванасць гісторыі асабліва праявілася ў 1980-я гады (час “перабудовы”). У другой палове 80-х гадоў галоснасць пачалася з выяўлення і асвятлення так званых “белых плям” у нашай гісторыі. З’явіўся шэраг гістарычных даследаванняў, артыкулы на гістарычную тэматыку сталі часта друкавацца ў тагачаснай прэсе. Пры гэтым у некаторых даследаваннях увага канцэнтравалася галоўным чынам на негатыўных баках ў жыцці савецкага грамадства.

Пасля распаду СССР некаторы час палітызаванасць у асвятленні гістарычнага працэсу заставалася. У пачатку 90-х гадоў працягвалі масава выходзіць публіцыстычныя выданні з негатыўным асвятленнем савецкай гісторыі. Пачала друкавацца эмігранцкая літаратура. Гэта мела і станоўчы момант, бо чытачы маглі пазнаёміцца з раней невядомымі старонкамі нашага мінулага, з іншымі ацэнкамі тых ці іншых падзей.

Нягледзячы на такі супярэчлівы шлях, з сярэдзіны 1990-х гг. цікавасць жа людзей да гісторыі істотна павялічылася. Аднаўляюцца гістарычныя помнікі, адкрываюцца новыя старонкі гісторыі, што не можа не выклікаць зацікаўленасці сярод беларускай грамадскасці.

Безумоўна, гісторыю любога народа нельга вывучаць у адрыве ад гісторыі іншых, у першую чаргу суседніх краін. У школах гэта неяк кампенсуецца тым, што паралельна ідзе вывучэнне ўсеагульнай гісторыі. Сувязь з гістарычнымі звесткамі аб іншых краінах асабліва патрэбна пры вывучэнні менавіта гісторыі Беларусі. Галоўным метадам у яе вывучэнні з’яўляецца параўнальна-гістарычны метад, таксама выкарыстоўваюцца статыстычны, структурна-функцыянальны і інш. Усе метады ўзаемазвязаны паміж сабою, дапаўняюць адзін аднаго і таму выкарыстоўваюцца ў розных спалучэннях.

Беларуская дзяржаўнасць у сучасным разуменні з дакладна акрэсленымі дзяржаўнымі межамі склалася параўнальна позна. На працягу доўгага гістарычнага перыяду беларускія землі на ўмовах большай ці меншай аўтаноміі ўваходзілі ў склад іншых дзяржаўных утварэнняў. Таму існуе небяспека падмены гісторыі Беларусі гісторыяй гэтых дзяржаў. Трэба вывучаць гісторыю Беларусі ў кантэксце гісторыі іншых дзяржаў, у першую чаргу еўрапейскіх.

Якія ж задачы стаяць перад намі? У шырокім плане яны вынікаюць з сац. функцый гісторыі.

Гэта перш за ўсё выхаваўчая функцыя. Вывучэнне, веданне гісторыі Беларусі дапамагае выпрацаваць грамадзянскую пазіцыю, выхаваць павагу і любоў да свайго края і народа.

Другой функцыяй з’яўляецца пазнавальная. Увесь змест нашага курса абавязвае да набыцця ведаў аб прошлым як канкрэтнага рэгіёна, так і іншых краін.

Трэцяя функцыя – прагнастычная або прыкладная. Яна заклікана выяўляць не толькі заканамернасці, але і тэндэнцыі гістарычнага развіцця, па-першае, каб не паўтараць прошлых памылак або, наадварот, выкарыстаць у практычных мэтах станоўчы вопыт продкаў, па-другое, дазваляе даследаваць не толькі адзін шлях развіцця, але і іншыя, каб выпрацаваць на будучае найбольш аптымальныя.

Калі ж звярнуцца да больш вузкіх, прагматычных задач, то яны будуць заключацца перш за ўсё ў замацаванні, паглыбленні ведаў па гісторыі Беларусі, атрыманых у школе, набыцці навыкаў самастойнай даследчай работы ў гэтай галіне.

Крыніцы і гістарыяграфія

Гістарычныя крыніцы – гэта ўсё тое, што мае інфармацыю аб мінулым, іх можна ўмоўна падзяліць на наступныя тыпы: археалагічныя, этнаграфічныя, кіна-фота-фона-дакументы, пісьмовыя.

Археалагічныя крыніцы дазваляюць даследаваць найбольш старажытныя гістарычныя перыяды, якія характарызуюцца адсутнасцю або нешматлікасцю пісьмовых крыніц. Каштоўнасць археалагічных крыніц у тым, што яны пастаянна абнаўляюцца, праводзяцца раскопкі, знаходзяцца новыя артэфакты (артэфакт – гэта фізічны аб’ект, зроблены рукамі чалавека). Недахопам жа з’яўляецца недакладнасць. На аснове археалагічных знаходак мы не можам з дакладнасцю да пэўнай даты вызначыць, калі адбыліся тыя ці іншыя падзеі, не можам вызначыць імёны ўдзельнікаў падзей ці нават іх этнічную прыналежнасць.

Этнаграфічныя крыніцы – гэта абрады, традыцыі, прадметы побыту, гаспадарчыя прылады, традыцыйнае адзенне і харчаванне. Этнаграфічныя крыніцы даюць магчымасць атрымаць уяўленне аб матэрыяльнай, духоўнай і сацыяльнай культуры нашых продкаў.

Асобную групу крыніц складаюць кіна-фота-фона-дакументы. Яны даносяць да нас воблік, галасы непасрэдных удзельнікаў падзей, творцаў гісторыі, адлюстроўваюць імгненні гэтай гісторыі.

Пісьмовыя крыніцы – гэта найбольш грунтоўная па звестках група дакументаў, якая дазваляе выявіць не толькі падзеі мінулага, але і іх удзельнікаў, вызначыць больш дакладна храналогію гэтых падзей. Да пісьмовых крыніц адносяцца – заканадаўчыя акты, статыстычныя матэрыялы, летапісы і хронікі, мемуары, літаратурныя і публіцыстычныя творы, матэрыялы перыядычнага друку.

Найбольшую каштоўнасць для даследчыка маюць летапісы. Адной з найбольш старажытных крыніц з’яўляецца “Аповесць мінулых гадоў”, дзе мы сустракаем першыя згадкі аб плямёнах, якія пражывалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, гістарычных асобах і падзеях Х – ХІІ стст. Шэраг матэрыялаў аб сярэдневечнай Беларусі нам даюць нямецкія і польскія хронікі.

Заканадаўчыя акты старажытнасці прадстаўлены перш за ўсё статутамі, прывілеямі князёў. Матэрыялы справаводства змешчаны ў “Літоўскай метрыцы” – дзяржаўным архіве Вялікага княства літоўскага. У ХVІІІ – ХХ стагоддзях з’яўляюцца шматлікія юрыдычныя дакументы судовых устаноў, іншая дзяржаўная дакументацыя, канстытуцыя.

Сярод статыстычных матэрыялаў асаблівую цікавасць маюць “інвентары” маёнткаў і розныя гаспадарчыя апісанні ХVІ – ХХ стагоддзяў, статыстычныя зборнікі і інш. Важнымі крыніцамі з’яўляюцца перапісы насельніцтва, якія пачаліся праводзіцца з ХІХ стагоддзя.

У ХVІ ст. з’яўляецца мемуарная літаратура. Гэта запіскі іншаземцаў, якія наведвалі Беларусь, дзённікі, напрыклад, Фёдара Еўлашэўскага, Афанасія Філіповіча. Успаміны, дзённікі палітычных, культурных дзеячаў ХІХ – ХХ стст. асвятляюць шырокі спектар падзей таго часу.

Шматлікую групу крыніц складаюць літ. творы, пачынаючы з былін, казак, “Слоў – казанняў” Кірылы Тураўскага, апісання жыццяў святых, напрыкл., Ефрасінні Полацкай, твораў Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Сімяона Полацкага і заканчваючы творамі паэтаў і празаікаў ХХ ст.

У перыяд новага і навейшага часу важнае значэнне набывае перыядычны друк. Найбольш цікавымі крыніцамі з’яўляюцца газеты “Мужыцкая праўда”, “Наша ніва”, часопіс “Наш край” і іншыя.

Пачынаючы з ХІХ стагоддзя, з’яўляюцца публікацыі дакументаў па гісторыі Бедарусі. Найбольш важнымі з іх з’яўляюцца шматтомныя выданні Пецярбургскай і Віленскай археаграфічных камісій, якія публікаваліся ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя.

Першымі прафесійнымі гісторыкамі былі прафесары Віленскага універсітэта. Міхал Баброўскі вывучаў старадрукі, славянскія летапісы, упершыню звярнуў увагу на творчасць Францыска Скарыны. Ігнат Даніловіч вывучаў Статуты, летапісы ВКЛ. Тэадор Нарбут з’яўляецца аўтарам “Гісторыі літоўскага народа” ў 9-ці тамах. Значны ўклад у развіццё гістарычнага краязнаўства Беларусі ўнеслі браты-археолагі Яўстафій і Канстанцін Тышкевічы. Яны даследвалі курганы, з’явіліся пачынальнікамі музейнай справы, пісалі навуковыя працы па краязнаўству.

У ХІХ ст. вывучэннем гісторыі і этнаграфіі Беларусі займаліся А. Кіркор, І.Г. Грыгаровіч, П.М. Шпілеўскі, А. Сапуноў, Е.Р. Раманаў, М.Я. Нікіфароўскі, Я.Ф. Карскі і інш. Вывучэннем народнага фальклору займаліся таксама П.В. Шэйн, Е.Р. Раманаў, І. Насовіч. Е. Раманаў падрыхтаваў пяць тамоў “Беларускага зборніка”, дзе змешчаны казкі, прымаўкі, песні беларусаў.

У пасляваенны час вывучэнне гісторыі Беларусі яшчэ больш паглыбілася і пашырылася. Гэтаму садзейнічала і дэмакратызацыя савецкага грамадства, якая пачалася з другой паловы 50-х гадоў.

Пасля абвяшчэння незалежнасці РБ узмацнілася цікавасць да гістарычнага мінулага нашай краіны. У 1990-я гады ХХ стагоддзя і ў пачатку ХХІ стагоддзя з’явілася вялікая колькасць публіцыстычных матэрыялаў, артыкулаў, матэрыялаў шматлікіх навуковых канферэнцый. Пачалі выходзіць новыя гістарычныя часопісы – “Спадчына”, “Беларускі гістарычны часопіс” і іншыя. Пачынаючы з 1994 года, выходзіць шэраг падручнікаў па гісторыі Беларусі. Сярод іх можна вызначыць такія выданні, як “Нарысы гісторыі Беларусі” у двух частках пад рэдакцыяй М.П. Касцюка (1994 г., 1995 г.).

2. Асноўныя падыходы да вывучэння гісторыі. Перыядызацыя гісторыі Беларусі

Доўгі час у савецкай гістарычнай навуцы дамініраваў фармацыйны падыход да перыядызацыі гісторыі, які ў цэнтр увагі ставіў працу, вытворчыя адносіны і сацыяльныя канфлікты. Яго абгрунтавалі К. Маркс, Ф. Энгельс і творча пашырыў У. І. Ленін. Сутнасць фармацыйнай канцэпцыі ў тым, што на гістарычны працэс вызначаецца развіццём вытворчых сіл. Калі ж яны пачынаюць супрацьстаяць вытворчым адносінам, то пачынаецца змена грамадска-эканамічных фармацый. Згодна з гэтым былі вызначаны наступныя фармацыі, якія адпавядаюць пэўным этапам грамадскага развіцця: першабытнабшчынны лад, рабаўладальніцкі, феадалізм, капіталізм, сацыялізм і ў перспектыве – камунізм. Гэтая канцэпцыя зыходзіць з прынцыпаў адзінага, заканамернага і прагрэсіўнага гістарычнага працэса, дынаміку развіцця якога вызначае вытворчая сфера. Як бачым, яна вызначае адналінейны характар гістарычнага развіцця. На самой справе, развіццё асобных краін не такое простае, тут можна бачыць і поспехі і адступленні назад, і вызначаецца яно не толькі працай, але і гістарычнымі асобамі, іх паводзінамі, асабліва ў экстрэмальных сітуацыях, а таксама духоўнай сферай. Гісторыкі не адмаўляюць цалкам гэту перыядызацыю, але, відавочна, што яна больш адносіцца да ўсеагульнай гісторыі чалавецтва, і не заўсёды яе можна прымяніць у адносінах да гісторыі асобных краін. Так, напрыклад, для Беларусі праблематычна развіццё рабаўладальніцкага ладу ў класічным выглядзе, ды і капіталізм не паспеў поўнасцю развіцца.

У многіх краінах свету прыярытэт аддаецца цывілізацыйнаму падыходу да вывучэння гісторыі, да стварэння яе перыядызацыі. Нагадаем, што наш прадмет прадугледжвае вывучэнне гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай цывілізацыі. Што ж такое цывілізацыя? Амерыканскі антраполаг Л. Морган разглядаў цывілізацыю як стадыю развіцця чалавечага грамадства, якая наступіла ўслед за дзікунствам і варварствам і характарызавалася ўзнікненнем класаў, дзяржавы, прыватнай уласнасці. Сучасныя вучоныя вызначылі цывілізацыю як этап у гісторыі чалавецтва, які характарызуецца пэўным узроўнем патрэб, здольнасцей, ведаў чалавека, тэхналагічным і эканамічным спосабамі вытворчасці, сістэмай палітычных і грамадскіх адносін, узроўнем грамадскай свядомасці, культуры. Як бачым, цывілізацыйны падыход больш разнабаковы, у адрозненне ад фармацыйнага ён у цэнтар увагі ставіць не толькі вытворчасць, вытворчыя адносіны і звязяныя з гэтым сацыяльныя канфлікты, але і самога чалавека, яго ролю ў гісторыі, развіццё палітычных інстытутаў, грамадскай свядомасці, культуру і інш. Цывілізацыйны падыход можа прымяняцца да гісторыі кожнай краіны або групы краін і арыентуе на пазнанне гісторыі як шматварыянтнага працэса. У адпаведнасці з гэтым і падыходы да перыядызацыі больш разнастайныя. Прадстаўнікі цывілізацыйнага падыходу М. Данілеўскі, А. Тойнбі, О. Шпенглер і іншыя зыходзілі з таго, што няма адзінага гістарычнага працэса, а ёсць развіццё асобных цывілізацый, якое носіць цыклічны характар і вызначаецца рэлігійным, культурным, палітычным, грамадска-эканамічным і іншымі фактарамі.

Але цывілізацыйны падыход мае і пэўныя недахопы. Адзін з іх – не зусім дакладнае вызначэнне тыпаў цывілізацый. Асобныя даследчыкі у цэнтр увагі ставяць палітычныя праблемы, іншыя – сацыяльна-эканамічныя, культурныя і г. д.

Перыядызацыя курса

Гісторыя Беларусі падзяляецца на пэўныя перыяды. Тым не менш існуе праблема яе перыядызацыі. Яна вынікае перш за ўсё з вызначэння крытэрыяў, па якіх трэба вылучаць тыя ці іншыя этапы ў развіцці грамадства. У пачатку ХХ стагоддзя беларускія гісторыкі Вацлаў Ластоўскі і Усевалад Ігнатоўскі прапанавалі свой падыход да перыядызацыі гісторыі Беларусі, які быў заснаваны на вылучэнні этапаў беларускай дзяржаўнасці. Згодна з ім былі вылучаны такія этапы беларускай дзяржаўнасці, як Полацкае княства, уваходжанне беларускіх зямель у склад Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі. Лагічным працягам гэтай перыядызацыі з’яўляецца савецкі этап і этап станаўлення самастойнай беларускай дзяржаўнасці.

Гэтая перыядызацыя і пакладзена ў аснову курса, але з улікам фармацыйнага і цывілізацыйнага падыходаў. Пры гэтым увага надаецца не толькі эканамічнай або палітычнай гісторыі нашай краіны, але і пытанням этнічнай гісторыі, духоўнага жыцця нашых продкаў, ролі асоб у гістарычным працэсе і г. д.

3. Першапачатковае засяленне беларускіх зямель. Даіндаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі

Першабытн. грамадства як агульны этап у гісторыі чалавецтва. Каменны век на тэр. Беларусі

Гісторыя пачынаецца са з’яўленнем першага чалавека. На сёняшні дзень існуе шмат тэорый наконт таго, дзе і як адбылася гэта падзея.

На базе дарвінаўскай тэорыі эвалюцыі К. Маркс і Ф. Энгельс распрацавалі працоўную мадэль паходжання чалавека і чалавечага грамадства. Вялікую ролю ў з’яўленні чалавека і соцыума адыграла неабходнасць здабываць ежу ў змяніўшыхся прыродных умовах, што прывяло да пачатку выкарыстання малпамі прылад працы і да іх арганізацыі ў іерархічныя групы, дзе ў працэсе сумеснай дзейнасці выпрацавалася мова і пачало развівацца мышленне.

Адносна месца з’яўлення першых людзей да гэтага часу няма поўнай яснасці. Працэс эвалюцыі пачаўся яшчэ ў эпоху міацэна, паміж 20 – 12 мільёнамі гадоў. У гэты перыяд з’явіліся арыапітэкі і дрыапітэкі – чалавекападобныя малпы, якія былі яшчэ часткай жывёльнага свету. Іх развіццё затармазілася ў эпоху пліацэну (12 – 2,5 млн. гадоў таму назад), паколькі гэта было звязана з пачаткам ледавіковага перыяду і рэзкім пахаладаннем. Але менавіта змена клімату прывяла малпаў да неабходнасці прыстасоўвацца да новых умоў існавання. У выніку каля 4 – 1,5 млн. гадоў на тэрыторыі Афрыканскага кантынента з’явіліся і шырока рассяліліся аўстралапітэкі (“паўднёвыя малпы”). Аўстралапітэкі мелі важнае адрозненне ад папярэднікаў – яны пачалі жыць і адшукваць ежу на зямлі, а не на вяршынях дрэў. Гэта прывяло да змянення шкілету і садзейнічала развіццю прамахаджэння.

Прыкладна 3,5 – 2,5 млн. гадоў з’явілася новая істота, якую навукоўцы назвалі “Homo habilis” – “чалавек умелы”. Яго і можна лічыць першым чалавекам, бо аб’ём мозга ў яго значна перавышаў мозг малпы (ён дасягаў 550-800 кубічных см), а самае галоўнае, ён пачаў выкарыстоўваць першыя каменныя прылады працы – прыродную гальку, якую, аднак, амаль не апрацоўваў і, хутчэй за ўсё, выкарыстоўваў эпізадычна. З гэтага моманту пачынаецца археалагічная перыядызацыя, якая выдзяляе ў жыцці першабытнага чалавека тры вялікіх перыяды: каменны век, бронзавы век і жалезны век. Як зразумела па назвах, гэтыя перыяды адрозніваюцца матэрыяламі, з якіх першабытны чалавек вырабляў прылады працы.

Пачатак каменнага веку датуецца прыкладна 3,5 – 2,5 млн. гадоў, а яго заканчэнне – 3 тыс. гадоў да н. э., пачатак і канец бронзавага веку – адпаведна II тыс. г. да н. э.–VIII– VII стст. да н. э., пачатак і канец жалезнага – VIII – VII стст. да н.э. – VII – VIII стст. н. э. Акрамя таго, у кожным перыядзе выдзяляюць свае падперыяды, напрыклад, каменны век у сваю чаргу падзяляецца на палеаліт (ранні – 3,2 млн. г. – 150 тыс. г.; сярэдні – 150 тыс. г. – 40 тыс. г.; позні – 40 тыс. г. – 9 тыс. г.), мезаліт ( 9 тыс. г. да н. э. – 5 тыс. г. да н. э.), неаліт ( 5 тыс. г. да н. э. – 3 тыс. г. да н.э.); жалезны век адпаведна на ранні (8 тыс. г. да н. э.– 4 ст. н. э) і позні ( 4 ст. н. э.–7 - 8 ст. н.э.).

У перыяд ранняга (ніжняга) палеаліту, у так званыя алдувайскую, дашэльскую, шэльскую і ашэльскую эпохі адбылося ўзнікненне новых тыпаў чалавечых істот: пітэкантрапа, сінантрапа, атлантрапа, гейдэльбергскага чалавека і інш. Гэтыя віды актыўна выкарыстоўвалі прылады працы, знойдзеныя ў прыродзе – камяні і палкі, а таксама грубаапрацаваныя галечныя прылады (рубілы, разакі, адшчэпы), вялі статкавы вобраз жыцця, займаліся збіральніцтвам і прымітыўным паляваннем. У гэты час адбываецца пераход да новага тыпу чалавека – “Homo erektus” – “чалавек прамахадзячы”.

Надалей эвалюцыя прывяла да з’яўлення “Homo sapiens” – “чалавека разумнага”. З’яўленне “чалавека разумнага” прыпадае на перыяд каля 200 – 150 тыс. гадоў. Да гэтага часу адносяць так званых “неандэртальцаў”. Перыяд існавання неандэртальскага чалавека называюць эпохай мусцье, гэта час сярэдняга палеаліту.

Неандэртальцы мелі выцягнутую ўперад сківіцу, высокія надброўныя дугі, па знешнім выглядзе больш нагадвалі сучасных шымпанзэ. Тым не менш, яны былі ўжо зусім разумнымі істотамі, умелі не толькі карыстацца прыроднымі прыладамі працы, але і рабілі іх самі. У неандэратльцаў узніклі і першыя асобныя мужчынскія і жаночыя прылады – востраканечнікі і скрэблы адпаведна, што сведчыць пра архаічны падзел працы. Таксама гэтыя людзі маглі штучна здабываць і падтрымліваць агонь. Значыць, яны выкарыстоўвалі тэрмічную апрацоўку ежы (жарку). Напрыканцы, неандэртальцы – першыя жывыя істоты, якія сталі прымяняць пахаванні сваіх памерлых сародзічаў. На тэрыторыі Еўропы знойдзенна некалькі неандэртальскіх пахаванняў: гэта прыродныя ямы, вымаіны, пячоры, куды змяшчалі цела нябожчыка і прыкрывалі зверху камянямі, веткамі, зямлёй. У адным з такіх пахаванняў каля цела знойдзены букет альбо вянок з раслін. Магчыма, гэта сведчанне зараджэння пахавальнага культа і рэлігійных уяўленняў.

Менавіта неандэрателец стаў першым тыпам чалавека, што пранік на тэрыторыю Беларусі.

Пранікненне неандэртальцаў адбывалася ў час сярэдняга палеаліта (эпоха Мусцье). Але апошні ледавік (Валдайскі) прымусіў людзей пакінуць тэрыторыю Беларусі. ільдом была закрыта толькі паўночная частка нашай рэспублікі – Віцебскае Паазер’е, але ў сумежных раёнах пражыванне было немагчыма з-за суровага клімату. Некалькі разоў ледавік адступаў і зноў вяртаўся. У час аднаго з такіх пацяпленняў, у эпоху верхняга палеаліту, на тэрыторыю Беларусі пранік чалавек сучаснага тыпу – краманьёнец. Краманьёнцы (Homo sapiens – “чалавек разумны”) з’яўляюцца апошнім тыпам у эвалюцыі чалавека. На тэрыторыі Беларусі яны ўпершыню пасяліся каля 35 – 30 тысяч гадоў да н. э.

Ад часоў верхняга палеаліту ў нас захавалася 2 стаянкі: Юравічы (датуецца 24 тыс. гадоў да н. э.) і Бердыж (21 тыс. гадоў да н. э.). Абедзве яны знаходзяцца на паўднёвым усходзе Беларусі, бо чалавек рассяляўся з поўдня, па цячэнні рэк Дняпра і яго прытокаў. На стаянках знойдзены рэшткі жытлаў, якія ўяўлялі сабой пабудовы паўзямлянкавага тыпу з костак буйных жывёл (у асноўным мамантаў), абцягнутых скурамі. У цэнтры жытлаў знаходзіліся вогнішчы, на якіх гатавалі ежу і пры дапамозе якіх ацяплялі памяшканне. Таксама знойдзены крамянёвыя прылады працы (наканечнікі копьяў, нажы, скрэблы, рэтушоры і адбойнікі для апрацоўкі крэмніевых нуклеўсаў і інш.), апрацаваныя косткі жывёл, некаторыя з касцяных вырабаў аздоблены арнаментам – гэта першыя ўзоры старажытнага мастацтва. На стаянках, па падліках навукоўцаў, адначасова пражывала ўсяго па 35 – 40 чалавек, асноўнымі заняткамі якіх было калектыўнае паляванне загоннага тыпу, рыбалоўства і збіральніцтва. Існаваў архаічны падзел працы паміж мужчынамі і жанчынамі. Хутчэй за ўсё, сацыяльная арганізацыя гэтых людзей уяўляла сабой раннеродавую мацярынскую абшчыну.

16 – 15 тыс. гг да н. э. пачалося чарговае пахаладанне, і людзі вымушаны былі пайсці з Беларусі на поўдзень. Толькі каля 11 тыс. год да н.э. ледавік канчаткова адышоў на поўнач і ўся тэрыторыя Беларусі стала прыдатнай для рассялення людзей.

Да канца 10 – пачатку 9 тысячагоддзя да н. э. адносіцца пачатак мезаліта (сярэдняга каменнага века), які доўжыўся да 5 тысячаг. да н. э. У гэты час адбываецца канчатковае і поўнае засяленне чалавекам тэрыторыі Беларусі. На гэты раз сюды прышлі адразу некалькі груп плямёнаў рознай этнічнай прыналежнасці.

Новыя плямёны стварылі першыя археалагічныя культуры на Беларусі: Свідэрскую, Каморніцкую, Яніславіцкую, Грэнскую і Сожскую. Яны адрозніваліся па метадах апрацоўкі камня і падзяляліся на культуры макралітычный, мікралітычнай ці змешанай макра-мікралітычнай вытворчасці. Асноўным заняткам чалавека заставалася паляванне, а рыбалоўства і збіральніцва выконвалі дапаможную ролю. Сацыяльная арганізацыя – раннеродавая мацярынская абшчына.

Перыяд з 5 па 3 тысячагоддзе да н.э. называецца неалітам – новым каменным векам. У гэты час адбыліся карэнныя змены ў жыцці чалавека, якія атрымалі красамоўную назву “неалітычнай рэвалюцыі”. Сутнасць гэтай “рэвалюцыі” заключаецца ў пачатку перахода чалавека ад прысвойваючай гаспадаркі да вытворчай. Адбываецца зараджэнне новых заняткаў чалавека: жывёлагадоўлі, земляробства і першых рамёстваў. У гэты час чалавек прыручыў першых жывёл (сабаку і каня), пачаў штучнае развядзенне некаторых злакаў і лекавых раслін. Ім былі вынайдзены ганчарнае і ткацкае рамёствы. Выраб глінянага посуду меў вялізнае значэнне, бо гэта дазволіла лепей зберагаць, транспарціраваць і прыгатаўляць прадукты харчавання і ежу. Вараныя стравы лепей засвойваліся арганізмам, што прывяло да павялічэння тэрмінаў жыцця і паляпшыння фізіялагічнага стану першабытнага чалавека.

Акрамя гэтага, чалавек навучыўся новым метадам апрацоўкі каменя: піленню, шліфаванню, свідраванню. Прылады працы сталі больш разнастайныя і дасканалыя. Першабытныя шахцёры выкарыстоўвалі ў якасці інструментаў прылады з косці, прымітыўныя лесвіцы з ствалоў сосен.

Як і ў часы мезаліту, у неаліце працягвала сваё існаванне мацярынская родавая абшчына.

Т. ч., каменны век быў першай гістарычнай эпохай у жыцці чалавека, у гэты час адбылося вылучэнне чалавека з жывёльнага свету, яго рассяленне і эвалюцыя. На тэр. Беларусі чалавек прыйшоў даволі позна, у перыяд сярэдняга палеаліту (эпоха мусц’е), і быў прадстаўлены двумя відамі: неандэртальцам і краманьёнцам, якія паслядоўна змянілі адзін другога. У час каменнага веку адбылося вынаходніцтва першых прымітыўных прылад працы з каменю, пачынаецца архаічны падзел працы, у неаліце зараджаюцца новыя заняткі – земляробства, жывёлагадоўля і рамёствы.

Чалавек з’явіўся на зямлі прыкладна каля 3 мільён. гадоў н. у Ўсходняй Афрыцы. Першыя насельнікі былі неандэртальцамі. Галоўнымі іхнімі заняткамі былі паляванне і збіральніцтва.У гэты час людзі ўжо маглі здабываць агонь, рабіць каменныя прылады працы. Жылі яны мацярынска-родавай абшчынай. У пачатку верхняга палеаліта (40 - 10 тысяч гадоў да нашай эры), калі ўжо адступілі ляднікі і палепшыліся умовы жыцця, на змену неандэртальцам прыйшлі людзі сучаснага тыпу – краманьёнцы. Яны ўжо пачалі вырабляць больш складаныя прылады працы. Гэтым часам датуюцца першыя стаянкі чалавека, знойдзеныя каля вёскі Юравічы Калінкавіцкага і каля вёскі Бердыж Чачэрскага раёнаў на Гомельшчыне.

У эпоху каменнага века пачынаюць зараджацца элементы матэрыяльнай і духоўнай культуры: мастацтва, скульптуры, рэлігіі. На мезалітычных і неалітычных стаянках Беларусі знойдзена нямала вырабаў з косці, керамікі, пакрытых арнаментам, у тым ліку сімвалічным. На паселішчах Юравічы ў Калінкавіцкім раёне, Асавец у Бешанковіцкім раёне знойдзены выявы чалавека на касцяных і каменных вырабах. Даволі распаўсюджаны знаходкі амулетаў, у тым ліку з прасвідраваных зубоў мядзведзя, дзіка, касцяныя фігуркі жывёл, што сведчыць аб праявах фетышызму і татэмізму.

4. Індаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі (бронзавы і жалезны вякі). Балты і славяне на тэрыторыі Беларусі

Бронзавы век на Беларусі. З’яўленне індаеўрапейцаў і “Вялікае перасяленне народаў”. Балты на тэр. Беларусі

У канцы трэцяга – пачатку другога тысячагоддзя да н.э. пачынаецца новы перыяд, які атрымаў назву бронзавага веку. Ён доўжыўся да пачатку першага тысячагоддзя да н.э. Сваю назву гэты перыяд атрымаў таму, што ў гэты час чалавек навучыўся здабываць першы метал – медзь і на яго аснове рабіць бронзавыя прылады працы. На Беларусі гэты перыяд насіў умоўны храктар, бо тут адсутнічалі радовішчы медзі і іншых металаў, неабходных для вырабу бронзы. Тут увесь час па-ранейшаму выкарыстоўваліся каменныя, касцяныя і драўляныя прылады. Тэхніка апрацоўкі каменю дасягнула найвышэйшага ўзроўню, выкарыстоўваліся прыёмы шліфавання, свідравання, пілавання і рэтушы. Бронзавых вырабаў было няшмат, у асноўным яны прадстаўлены зброяй і ўпрыгажаннямі. Яны дастаўляліся на тэрыторыю Беларусі шляхам менавага гандлю з плямёнамі Каўказа і Карпат.

Бронзавы век звязаны з пачаткам новага этнічнага этапу ў гісторыі Беларусі. У гэты час адбываецца рассяленне індаеўрапейцаў. Індаеўрапейская супольнасць узнікла прыкладна ў V–IV тыс. да н.э. Па сваіх занятках індаеўрапейскія плямёны былі жывёлаводамі – качэўнікамі, яны вынайшлі кола для ажыццяўлення далёкіх вандраванняў. Індаеўрапейцы перайшлі да новай сац. арганізацыі – патрыярхальнай сям’і, пачалося вядзенне радаводаў па мужчынскай, а не па жаночай, лініі.

На рубяжы III – II тысячагоддзяў да н. э. з Балкан і Прычарнаморскіх стэпаў пачынаецца масавая міграцыя індаеўрапейскіх плямёнаў у Заходнюю, Цэнтральную і Усходнюю Еўропу (так званае першае Вялікае перасяленне народаў). У выніку складаных і шматвяковых міжэтнічных стасункаў адбыўся далейшы падзел індаеўрапейцаў на моўныя групы. Тэрыторыю Заходняй Еўропы занялі плямёны германскай моўнай супольнасці; на поўначы адбылося нараджэнне кельтскіх плямён; паміж Віслай, Одэрам і Эльбай закладваецца ядро славянскіх народаў (праславяне). Тэрыторыя Беларусі, паміж Заходняй Дзвіной, Днепром і Прыпяццю, стала прарадзімай для балтаў. Балты – першыя індаеўрапейцы на тэрыторыі нашай краіны. У далейшым яны будуць выціснуты на поўнач, на ўзбярэжжа Балтыйскага мора, славянамі. Сучасныя нашчадкі балтаў – літоўскі і латышскі этнасы.

Увесь бронзавы век балты панавалі на тэрыторыі Беларусі, яны не мелі моцных ворагаў, таму іх жыццёвы ўклад быў даволі мірным. Пасяленні балтаў – у асноўным неўмацаваныя адкрытыя селішчы. Балты вялі аседлы вобраз жыцця, аб чым сведчыць пласкадонны посуд, які можна ставіць на плоскую паверхню стала. У папярэднія часы посуд быў вострадонным, каб яго было зручна замацоўваць на зямлі падчас вандровак. Посуд балтаў меў адметную рысу – адбітак шнура, таму балтскія археалагічныя культуры называюць культурамі шнуравой керамікі. Другая адметная рыса балтаў – наяўнасць вялікай колькасці каменных добраапрацаваных сякер, знойдзеных падчас археалагічных раскопак. Таму балтскія культуры таксама называюць культурамі баявых сякер.

Самі балты вялі аседлы лад жыцця, займаліся земляробствам лядна-агнявога тыпу. Яны перыядычна расчышчалі ад лесу зямельныя участкі, выкарыстоўвалі іх на працягу некалькіх год, а потым, калі ураджайнасць з-за адсутнасці агратэхнікі падала, пераходзілі на новыя землі. Таксама значную ролю адыгрывала жывёлагадоўля. Важная роля адводзілася рамёствам.

Сац. арганізацыяй балтаў стала класічная патрыярхальная сям’я.






ТОП 5 статей:
Экономическая сущность инвестиций - Экономическая сущность инвестиций – долгосрочные вложения экономических ресурсов сроком более 1 года для получения прибыли путем...
Тема: Федеральный закон от 26.07.2006 N 135-ФЗ - На основании изучения ФЗ № 135, дайте максимально короткое определение следующих понятий с указанием статей и пунктов закона...
Сущность, функции и виды управления в телекоммуникациях - Цели достигаются с помощью различных принципов, функций и методов социально-экономического менеджмента...
Схема построения базисных индексов - Индекс (лат. INDEX – указатель, показатель) - относительная величина, показывающая, во сколько раз уровень изучаемого явления...
Тема 11. Международное космическое право - Правовой режим космического пространства и небесных тел. Принципы деятельности государств по исследованию...



©2015- 2024 pdnr.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.