Обратная связь
|
Жалезны век на тэрыторыі Беларусі. Паходжанне славян і славянская каланізацыя Беларусі Пачатак I тысячагоддзя да н.э. (VIII – VII стст. да н. э.) з’яўляецца пачаткам жалезнага веку, які доўжыўся да VIII ст. н. э. Жалезны век падзяляюць на дзве часткі: ранні жалезны век (VIII – VII стст. да н.э. – IV ст. н.э.) і позні жалезны век (IV – VIII стст. н.э.). Назва перыяду звязана з новым металам – жалезам, які стаў здабывацца і выкарыстоўвацца для вырабу прылад працы, зброі і інш.
Жалезны век стаў часам, калі на тэрыторыю Беларусі прыйшоў новы этнас – славяне. Гэта адбылося пад час другога Вялікага перасялення народаў.
Першая група славян перасялілася на Дунай. Тут яны сутыкнулася з моцным уплывам грэчаскай антычнай цывілізацыі і раманскіх моў. У выніку далейшае развіццё прывяло да з’яўлення тут у I тысячагоддзі нашай эры групы паўднёвых славян, нашчадкамі якіх з’яўляюцца балгары, македонцы, сербы, харваты.
Частка славян перасялілася далей на ўсход, у ніжні басейн Дняпра. У сярэдзіне I тысячагоддзя нашай эры гэтыя плямёны пачалі рухацца з поўдня на поўнач, асвоілі ўсё Падняпроў’е, у тым ліку і тэрыторыю сучаснай Беларусі. У выніку стварылася супольнасць усходніх славян, нашчадкамі якой сёння з’яўляюцца рускія, беларусы і ўкраінцы. У час гэтага перасялення адбываліся этнічныя і моўныя ўзаемадзеянні з народамі, якія пражывалі на шляху руху славян. У выніку ассіміляцыйных працэсаў частка народаў і некаторыя элементы іх моў і культур сталі субстратамі (праслойкамі) ў славянскім этнасе, мове і культуры.
3-я група славянскіх народаў засталася ў раёне прарадзімы, дзе адчувала моцны ўплыў германскіх плямён. Так з’явіліся заходнія славяне – сучасныя палякі, чэхі, славакі. Калісці тут існавалі і іншыя плямёны – паморскія, палабскія славяне, кашубы, абадрыты. Але яны ў большасці былі германізаваны і страцілі сваю этнічную прыналежнасць, а, магчыма, былі вынішчаны.
Працэс славянскай каланізацыі новых земляў быў працяглым і нераўнамерным, ён заняў амаль тысячагоддзе.
У познім жалезным веку славянскае пранікненне стала асабліва масавым, славянскія плямёны поўнасцю засялілі Беларусь, выціснуўшы балтаў на ўзбярэжжа Балтыкі.
Славяне знаходзіліся на вышэйшай ступені развіцця ў параўнанні з папярэднікамі – балтамі і фінна-уграмі. Валоданне тэхнікай апрацоўкі жалеза дазваляла ім шырока выкарыстоўваць металічныя прылады (балты ж у асноўным карысталіся каменнымі і драўлянымі). Падсечна-агнявое земляробства ўсё часцей пераходзіла ў ворыўнае. Канчаткова замацоўваецца рала і саха як асноўн. земляробчыя прылады (замест матыкі і бараны-сукаваткі, пашыраных у бронз. веку).
Узнікае і новы тып сацыяльнай арганізацыі. Патрыярхальныя сем’і аб’ядноўваліся ў род. Для рода будавалася ўмацаванае паселішча-гарадзішча, што сведчыць пра наяўнасць пастаяннай небяспекі. Але з цягам часу і з пашырэннем ворыўнага земляробства з’яўляюцца малыя (нуклеарныя) сем’і, якія былі аб’яднаны не на аснове роднасных сувязяў, а толькі агульнасцю пражывання і гаспадарчай дзейнасці. Так адбываецца станаўленне суседскай абшчыны.
У славян пачынае складвацца своеасаблівы грамадскі парадак – ваенная дэмакратыя. Усе галоўныя справы роду вырашаліся на агульным сходзе, у якім маглі прымаць удзел усе паўналетнія мужчыны роду. Для бягучага кіраўніцтва выбіралі савет старэйшын, які на калегіяльнай аснове ажыццяўляў адміністрацыйна-гаспадарчую і судовую ўладу. Аднак ў перыяд ваеннай небяспекі ўся ўлада ў племені пераходзіла да князя – ваеннага кіраўніка, які выбіраўся на агульным сходзе. Князь, дружына, старэйшыны паступова набываюць статус эліты, з’явілася племянная знаць, якая валодала багаццямі і трымала ў сваіх руках уладу. Пачаўся працэс разлажэння рода-племянного ладу і паступовага пераходу да феадальных адносін.
5. Язычніцкія вераванні старажытных продкаў беларусаў
Падчас існавання першабытнага грамадства адбываецца зараджэнне рэлігійных уяўленняў і з’яўляюцца першыя ўзоры мастацтва. Рэлігія яшчэ не мела сістэмнага характара, гэта былі адасобленыя культы. Адным з першых пачаў выдзяляцца комплекс татэмістычных уяўленняў. Татэмізм – гэта вера ў роднасць асобнага чалавечага калектыва (рода) з нейкім відам жывёл ці раслін. Татэм паважаўся як родапачынальнік, забаранялася паляваць на татэмных жывёл, у гонар іх ладзіліся святочныя абрады і гульні, асноўная задача якіх заключалася ў павялічэнні жыццёвай сілы татэма (а праз яго і ўсяго племені). Старажытныя людзі верылі, што могуць пераўтварацца ў свайго татэма і, наадварот, жывёлы могуць прыняць чалавечае аблічча і прыйсці на дапамогу свайму роду. З’яўленне дадзеных уяўленняў цесна звязана з паляваннем як асноўным заняткам у першабытную эпоху. У далейшым татэмізм стаў абавязковым элементам усіх рэлігій (не выключаючы і сусветных – будызма, хрысціянства, іслама). На тэрыторыі Беларусі знойдзены выявы жывёл, якія сведчаць пра існаванне тут татэмізма (напрыклад, выявы качак і звязаныя з імі міфалагічныя казанні, выявы лося, змяі). Шмат сведчанняў аб татэмістычных культах захавалася ў фальклоре, напрыклад, у казках.
Далейшае развіццё рэлігійных уяўленняў прывяло да з’яўлення анімізму. Анімізм прадугледжвае веру ў існаванне другога, не фізічнага, а духоўнага свету, які населены духамі (душамі). Кожны чалавек, жывёла, нават рэчы маюць, згодна з анімізмам, двайніка – духа. Паміж мірам духаў і людзей магчыма камунікацыя. Для гэтага выкарыстоўваюцца магічныя абрады, лічыцца, што пры дапамозе загавораў, заклінанняў, строга зафіксаваных рытуалаў можна паўплываць на духаў і прымусіць іх выканаць патрэбныя чалавеку дзеянні. У цеснай сувязі з магіяй знаходзілася мантыка – сістэма гаданняў і прадказанняў, заснаваная на той жа веры ў існаванне асобнага духоўнага свету. Анімістычныя ўяўленні прывялі і да з’яўлення фетышызма – веры ў наяўнасць чароўных якасцяў у асобных неадушаўлённых рэчаў. Гэтыя рэчы (камяні, дрэвы, амулеты, ідалы) станавіліся аб’ектам пакланення. На стаянцы Юравічы, што адносіцца да верхняга палеаліту, знойдзена арнаментаваная пласцінка з біўня маманта, якая лічыцца старажытнейшым узорам мастацтва на тэрыторыі Беларусі. Яе звязваюць з фетышызмам, магчыма, гэта быў нейкі амулет. Праяўленнямі фетышызма таксама з’яўляюцца так званыя “палеалітычныя Венеры” – жаночыя статуэткі, знойдзеныя на верхнепалеалітычных стаянках (у самой Беларусі такіх выяў не знойдзена, але яны выяўлены побач, на тэрыторыі Бранскай вобласці, ля вёскі Елісеевічы, а таксама і ў іншых раёнах ). Яны сімвалізавалі плоднасць зямлі, жанчыну-маці, хавальніцу дамашняга вогнішча. На стаянцы Асавец знойдзены драўляны ідал у выглядзе галавы чалавека, які адносяць да перыяду неаліту.
У далейшым з’явіліся культы продкаў, агню, сонца. Гэта было звязана з новымі заняткамі чалавека – земляробствам і жывёлагадоўляй, пераходам да аседлага жыцця. Культ продкаў праявіўся ў шматлікіх пахаваннях і звязаных з імі рытуалах. Пахавальныя абрады мелі розны характар, практыкавалася трупапалажэнне ў могільніках, а таксама трупаспаленне. Побач з нябожчыкам клалі розныя бытавыя рэчы, зброю, запасы ежы, што павінна было забяспечыць яму існаванне ў замагільным жыцці. Магчыма, пахавальныя абрады суправаджаліся ахвярапрынашэннямі жывёл ці нават людзей (з антрапафагіяй – рытуальным з’яданнем ахвяр ці іх асобных частак). Самыя старажытныя курганы на тэрыторыі Беларусі выяўлены ля вёскі Ходасавічы Рагачоўскага раёну, археолагі адносяць іх да эпохі бронзы. Культы агню і сонца, якія, магчыма, генетычна звязаны адзін з другім, атрымалі адлюстраване ў шматлікіх арнаментах, аздабляўшых рытуальныя і бытавыя рэчы. Ёсць меркаванні, што арнамент з’яўляўся своеасаблівай мовай старажытных людзей, у ім зашыфраваны звесткі аб прыродзе і каляндарных перыядах, аб побыце чалавека першабытнай эпохі.
Разам з рэлігіяй нарадзілася і першабытнае мастацтва. Як ужо было сказана, першым яго ўзорам на Беларусі лічыцца арнаментаваная касцяная пласціна, знойдзеная на стаянцы Юравічы. Таксама да старажытнага мастацтва адносяць выявы жывёл і людзей, шматлікія амулеты, упрыгожанні, бытавыя рэчы, аздобленыя арнаментамі. Ужо ў старажытнасці чалавек далучыўся да музычнага мастацтва. Знойдзены рэшткі музычных інструментаў, вырабленыя з косці (рытмічна-ударныя прылады, флейты, дудкі – іх адносяць да каменнага веку), гліняныя свісцёлкі (бронзавы век). Таксама існавалі драўляныя трубы, дудкі з кары альхі ці бярозы.
Т. ч., першабытная эпоха, якая падзяляецца на каменны, бронзавы і жалезны век, стала часам з’яўлення чалавека як істоты, яго рассялення па планеце, у т. л. і на тэрыторыі Беларусі. У гэты перыяд пачынаецца выраб прымітыўных прылад працы, першапачаткова з каменю, а потым з металаў – бронзы і жалеза. Развіваецца прысвойваючая і прымітыўная вытворчая гаспадаркі, эвалюцыяніруе сацыяльная арганізацыя – ад чалавечага статка да суседскай абшчыны.
6. Палітычная гісторыя Полацкага і Тураўскага княстваў у X-XIII стст.
Узнікненне і пачатак Полацкай зямлі цалкам адпавядае кантэксту агульнаеўрапейскай геапалітыкі з той толькі асаблівасцю, што этнічным ядром дзяржавы стала славянскае племя крывічоў-палачан. У выніку другой хвалі славянскай каланізацыі Беларускага Падзвіння ў VШ – ІХ стст. і працэсаў узаемаасіміляцыі славянаў і балтаў утварылася новая этнічная супольнасць, якая, дзякуючы дамініруючай мове, была славянскаю.
Адным з буйных плямёнаў былі крывічы, да іх адносіліся і палачане.
Ёсць шмат тлумачэнняў адначасовага ўжывання тэрміна "крывічы" і "палачане". Апошнім часам дамінуе думка, што "крывічы" – гэта абагульненая назва вялікага саюза плямёнаў, куды, акрамя полацкіх, уваходзілі крывічы смаленскія і ізборскія. А "палачане" – гэта назва жыхароў Полацкага княства, гэта значыць, палітычны тэрмін. Лагічна меркаваць, што княжанне палачан узнікла не шляхам інтэграцыі дробных плямёнаў, а праз іх вылучэнне з буйнага племяннога аб’яднання крывічоў. У гэтае аб’яднанне, вельмі верагодна, што, акрамя ўласна крывічоў (полацкіх, ізборскіх і смаленскіх), уваходзілі таксама вяцічы, радзімічы і севяране. Гэта пацвярджаюць данные археалогіі і тапанімікі. Разам з тым, трэба звярнуць увагу на тое, што назвы славянскіх плямён, згодна з раннямі летапісамі, ў асноўным падзяляюцца на дзве групы: з суфіксам "ан-ян" (паляне, драўляне, севяране, бужане, валыняне, мазаўшане, памаране, славені-славяне) і з суфіксам "іч" (крывічы, дрыгавічы, радзімічы, вяцічы, улічы, люцічы). Летапіс прама паказвае, што назва радзімічаў, вяцічаў паходзіць ад уласных імёнаў іх князёў – Радзіма і Вяткі. Дрыгавічы, магчыма, таксама маюць у аснове патранім "Другувіт" ці "Драгавіт", як люцічы "Люта" або "Лота", а назва крывічы утварылася ад імя родапачынальніка Крыва.
Лагічна, што пад час міграцыі – "вялікага перасялення" – гэтыя этнасы рухаліся разам. Па суседству яны і рассяліліся: крывічы, дрыгавічы, радзімічы, вяцічы. Але кіруючае племя і род заўсёды заставаліся ў цэнтры. Мабыць, менавіта гэты асноўны род і выбраў месцам свайго сталага жыцця Полацк.
Крывічы згадваюцца ў летапісах пад 856, 862, 907, 944 і 980 гг. Іпацьеўскі летапіс адзначае крывічоў нават пазней – 1128 г. і называе полацкіх князёў крывіцкімі ў 1140 і 1162 гг. Тэрмін "палачане" або "палатчаны" неаднаразова сустракаецца ў пісьмовых крыніцах ХІ – ХП ст.ст. Безумоуна, ён паходзіць ад назвы Полацка, а дакладней – ракі Палаты. Гэта гідронім балцкага паходжання паходзіць ад асновы "РАL" альбо "раlіе" – балота, лужына з наступнай славянскай асіміліяцыяй. У сваім пачатковым балцкім гучанні горад вядомы па васьмі скандынаўскім крыніцам. Часцей ён называецца Раliеsкіа.
Самым старажытным горадам Полацкай зямлі быў, безумоўна, Полацк. Аднак у X ст. ужо згадваюцца Віцебск і Заслаўе, а ў ХІ ст. – Усвяты, Лукамль, Друцк, Браслаў, Мінск, Лагойск, Капысь, Ворша, Галацічаск. Археалагічныя доследы таксама паказваюць, што большасць беларускіх гарадоў узніклі менавіта ў XІ ст.
Шляхі паўставання гарадоў былі рознымі: этнічныя, гандлёвыя, вайсковыя і г.д. Але ў межах адной дзяржаўнай прасторы яны захоўвалі строгае іерархічнае падпарадкаванне. Былі "старэйшыя" і "малодшыя" гарады. Паколькі старэйшым горадам заусёды была сталіца дзяржаўнага ўтварэння, то па тым, як яна абрастала "малодшымі" гарадамі, у пэўнай ступені можна меркаваць пра складванне тэрытарыяльна-адміністрацыйнай сістэмы. 3 гэтага выцякае, што пачаткова межы Полацкай зямлі ў IX ст. ахоплівалі толькі землі непасрэдна вакол горада. У X ст. у сферу ўплыва Полацка ўваходзяць Віцебск і Заслаўе, што, хутчэй за ўсё, звязана не з каланізацыйнымі працэсамі, а з гандлёва-палітычнымі. Віцебск – вузлавы горад да днепра-дзвінскіх волакаў шляху "з варагаў у грэкі", Заслаўе – дрыгавіцкі гарад на крывіцкім памежжы. У ХІ ст. шляхам пабудовы новых гарадоў ідзе працэс умацавання дзяржаўнай тэрыторыі ва ужо вызначаных межах, адначасова з паступовым пашырэннем дзяржауных граніц.
Сярод інш. гарадоу, якія ўзніклі на Полаччыне ў ХІ ст., найбольшую цікавасць з пункту гледжання тэрытарыяльнага размяшчэння маюць Браслау, Копысь, Ворша, Усвяты. Усе яны былі памежнымі. Браслаў – на памежжы з літоўскімі пляменамі, Ворша,Копысь, Усвяты – з Смаленскай зямлёй, прыгаданые раней Заслаўе і Мінск – на памежжы з той жа Літвой і Тураўскай зямлёй.
Калі мы звернемся да палітычнай гісторыі, то заўважым, што згадкі аб крывічах пад 882 і 907 гадамі звязаны з паходамі князя Алега на Кіеў і Канстантынопаль, пад 944 годам – з паходам Ігара на Візантыю. Удзелы ў паходах на Канстантынопаль з’явіліся адлюстраваннем правядзення той жа палітыкі ў яе паўднёвым накірунку. Менавіта ў такім кантэксце трэба разглядаць палітычную актыўнасць палачанаў у Х – ХІ стст.
Няспраўджаны саюз Полацка з Кіевам праз шлюб Рагнеды і Яраполка, далейшая смерць Яраполка і пачатак княжання ў Кіеве Уладзіміра нанеслі моцны ўдар па самастойнасці Полацкай дзяржавы, але не здолелі знішчыць яе цалкам. Пасля захопу Уладзімірам Кіева, паступова Кіеў і падначалены яму Ноўгарад сталі галоўнымі ворагамі Полацкай дзяржавы. XI ст. прайшло пад знакам барацьбы Полацка з Кіевам.
Прычыны полацка-кіеўскага канфлікту маглі быць рознымі: аб’яднанне ўсіх крывіцкіх земляў пад уладаю Полацка, захоп палону і засяленне вольных полацкіх земляў, імкненне Кіева падначаліць сабе Полацк, нарэшце, пачуццё крыўды першых Рагвалодавічаў - Ізяславічаў з прычыны выключэння іх з кіеускай дынастыі і за даўнюю абразу Рагнеды, верагодней за ўсё, барацьба за кантроль над шляхам “з варагаў у грэкі". Менавіта уступка Полацку Усвятаў і Віцебска падцвярджае гэтую думку. Полацк не толькі пашырыў сваю тэрыторыю, але і атрымаў непасрэдны выхад праз волакі ад Віцебска на Дняпро. Менавіта ў гэтыя часы на берагах Дзвіны былі заснаваны гарады Кукейнас і Герцыка – цэнтры невялікіх васальных княстваў. Гэта спрыяла ўмацаванню кантроля над гандлёвым шляхам на поўнач ад Полацка – да Варажскага мора, пашырэнню сферы ўплыву на прыдзвінскае балцкае насельніцтва. Гэтым жа мэтам, трэба меркаваць, была падпаракавана ідэя заснавання ў Паазер’і горада Брачыслаўля – сучаснага Браслава.
Усё гэта не магло не спрыяць узвышэнню эканамічнай магутнасці Полацкай зямлі. Сталіца – Полацк у перш. палове ХІ ст. ужо ў тры разы перавышаў па памерах і колькасці насельніцтва горад часоў Рагвалода.
Тураўская зямля-княства ўтварылася ў канцы X ст. Яна доўгі час не мела палітычнай самастойнасці, аднак у складзе Кіеўскай зямлі заставалася цэльным княствам. Пасля смерці Яраслава Мудрага (1054 г.) княства каля 40 год існавала самастойна, затым 60 гадоў было ў падпарадкаванні Кіева. З канца 50-ых гадоў XII ст. яно канчаткова вылучылася і ў ім зацвердзілася пастаянная дынастыя князёў. У гістарычнай літаратуры часам ужываецца тэрмін «Турава-Пінская зямля». Пінск у XII – XIII стст. меў вялікае эканамічнае значэнне для ўсёй старажытнай вобласці. Аднак Пінск згадваецца ў летапісах пазней Турава.
Пра грамадска-палітычны лад у Тураўскім княстве і яго гарадах звестак мала і яны надта важныя. Вельмі верагодна, што ў Тураве актыўна дзейнічала веча. Паводле паведамлення «Жыція Кірылы Тураўскага», ён стаў епіскапам па просьбе князя «і людзей таго горада». 3 гэтага вынікае, што гараджане ў Тураве мелі права голасу, калі вырашалася пытанне пра выбранне епіскапа. Факт цікавы яшчэ і таму. што звычайна епіскап назначаўся кіеўскім мітрапалітам.
У Тураве існавала пасада тысяцкага. Тысяцкі ўзначальваў гарадскі полк (апалчэнне). Знаходжанне ў горадзе адначасова князя і пасадніка, акрамя Ноўгарада Вялікага, з'ява незвычайная для іншых гарадоў. Аб існаванні пасадніка ў Полацку звестак няма. Такое параўнанне сведчыць аб асаблівасцях грамадска-палітычнага ладу ў Тураўскім княстве.
У цеснай сувязі з Туравам і Кіевам быў старажытны горад Бярэсце. 3 пачатку свайго ўзнікнення Бярэсце было важным цэнтрам Сярэдняга Пабужжа. Тут існавалі гарады Кобрын, Камянец, Драгічын, Бельск, Мельнік. Гэтая тэрыторыя, аб'яднаная вакол свайго галоўнага горада Бярэсця, складала даволі адзіную ў сацыяльна-палітычных адносінах вобласць. У другой палове XII – XIII ст.ст. яна ўваходзіла ў склад Уладзіміра-Валынскага княства. Бярэсце карысталася значнай самастойнасцю. Фактычна ўлада ў горадзе належала мясцоваму вечу, з сілай якога былі вымушаны лічыцца як валынскія, так і польскія князі. Аб самастойных дзеяннях «берасцян» неаднаразова паведамляе Іпацьеўскі летапіс. Бярэсце адыгрывала ролю фарпоста ў абароне старажытных зямель усходніх славян. Калі ў 1229 годзе пад горадам з'явіўся атрад літоўцаў, «берасцяне» сумесна з пінскім князем Уладзімірам разбілі яго. У 1282 годзе дружыны польскага князя Баляслава занялі каля Бярэсця 10 сёл. Жыхары горада на чале з ваяводам Цітам далі адпор прышэльцам і шмат воінаў узялі ў палон.
У 1287 годзе князь Юрый Львовіч у выніку тайных перамоў з баярамі атрымаў абяцанне, што пасля смерці князя Уладзіміра ён будзе запрошаны ў Бярэсце. Юрый пачаў княжыць у горадзе, але хутка быў вымушаны пакінуць яго з-за прэтэнзій Мсціслава Васількавіча на гэта княжанне.
Сістэма кіравання ў Полацкім і Тураўскім княствах мела шмат падабенстваў. На чале іх стаялі князі, якія мелі адміністратыўную, ваенную, судовую ўладу. Але яго дзейнасць значна абмяжоўвалася радай князя і вечам - агульным сходам, які збіраўся для вырашэння розных праблем. Веча магло запрасіць або пазбавіць улады князей, як гэта і здарылася ў перыяд аслаблення централізаванай княжацкай улады ў Полацку ў 1128, 1132, 1151, 1159 гадах. Пасля ўвядзення хрысціянства значную ролю ў кіраванні княствамі сталі адыгрываць епіскапы. Вышэйшую ўладу ажыццяўляла таксама княжацкая адміністрацыя: падвойскі, які выконваў распараджэнні князя і рашэнні веча, ключнік, які займаўся фінансамі, цівун – гаспадарчы кіраўнік. Ваенную сілу складала дружына на чале з ваяводай, якая у сваю чаргу падзялялася на старшую і малодшую. З ліку старшых дружыннікаў – баяр, камплектавалася і княжацкая адміністрацыя. На месцах у гарадах таксама існавалі веча. Але звестак аб іх дзейнасці практычна няма. Тым не менш можна зрабіць выснову, што гэтыя веча падпарадкоўваліся веча княжацкай рэзідэнцыі. На месцах гаспадарчымі справамі кіравалі пасаднікі, а ваеннымі – тысяцкія. Пасаднікі і тысяцкія выбіраліся вечам або прызначаліся князем. Адрозненнем у кіраванні Тураўскага княства была значна большая роля пасадніка. Звычайна тураўскі князь быў адначасова і кіеўскім, таму ён, як правіла, знаходзіўся ў Кіеве. На гэты час усе яго функцыі ў Тураве выконваў намеснік–пасаднік. Калі ж вялікі князь прыбываў у Тураў, то фактычна ўсталёўвалася дваеўладдзе. У цэлым жа палітычнае упарадкаванне Полацк. і Тураўскага княстваў было падобным да сістэмы кіравання у іншых княствах, якія уваходзілі ў склад кіеўскай Русі.
Закладзеныя ў Х-XI ст. падмуркі эканамічнай і ваеннай магутнасці Полацкага княства сталі перадумовай таго, што ў XII ст. яно даволі паспяхова адстойвала сваю самастойнасць і інтарэсы ў барацьбе з агрэсіяй крыжаносцаў і набегамі ардынцаў. Нямецкая экспансія пачалася ў Прыбалтыцы з пачатку 13 - га ст. Заснаваўшы каля вытокаў Заходняй Дзвіны ў 1201 г. крэпасць Рыгу, яны ўзялі пад свой кантроль важнейшы ўчастак гандлёвага шляху “З вараг у грэкі” і пачалі пагражаць Полацкаму княству. Спачатку ім даволі паспяхова супрацьстаялі васальныя княствы Кукэйнос і Герцыке, якія былі фарпостам Полацка ў гэтым рэгіёне. Але палажэнне змянілася праз чвэрць стагоддзя. Заснаваны рыжскім епіскапам Альбертам Буксгаўдэнам рыцарскі ордэн мечаносцаў аб’яднаўся ў 1237 г. з Тэўтонскім ордэнам, які ў гэты час падпарадкаваў балцкае племя прусаў. З благаславення папы рымскага зноў створаны лівонскі ордэн пачаў шырокамаштабную экспансію ў Прыбалтыцы і на землях Падзвіння. З др. боку, рускія княствы ў гэты час перажывалі перыяд феадальнай раздробленасці і былі аслабленымі. У выніку былі страчаны крэпасці Кукэйнас і Герцыке і на працягу дзесяткаў гадоў Полацк і інш. рускія княствы павінны былі весці жорсткую барацьбу з крыжаносцамі (так называлі рыцараў лівонскага ордэна з нагоды крыжа, нашытага на іх плашчах). Поспеху ў барацьбе з рыцарамі садзейнічаў саюз паміж Ноўгарадам і Полацкам, замацаваны дынастычным бракам Аляксандра Неўскага з дачкой князя Брачыслава. З дапамогай полацкай дружыны Аляксандр Неўскі атрымаў перамогі над крыжаносцамі ў 1240 годзе ў бітве на р. Няве і ў 1242 г. на лёдзе Чудскага возера. Гэта на значны час спыніла нямецкую экспансію на рускія княствы.
Полацкія дружыны ўдзельнічалі і ў трагічнай бітве 1223 года на р. Калка ў складзе аб’яднаных сіл рускіх княстваў супраць ардынскага татара-мангольскага войска. Атрымаўшы перамогу, татара манголы на чале з ханам Батыем пачалі буйнамаштабны шматгадовы паход на захад. Яны захапілі і разрабавалі Разань, Каломну, Маскву, накіраваліся ў бок Смаленска, але абышлі яго і ўварваліся ў паўднёварускія землі. Захапіўшы і разрабаваўшы Кіеў, Уладзімір, Галіч, яны дасягнулі прастораў цэнтральнай Еўропы.
Такім чынам, татара-манголы абыйшлі з поўдня тэрыторыю полацкага княства, але захаваліся звесткі аб сутычках з перадавымі ардынскімі атрадамі каля гарадоў Гомель, Брэст, Мазыр, аб абкладанні данню некаторых гарадоў Паўднёвай Беларусі.
|
|