Пиши Дома Нужные Работы

Обратная связь

Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у IX – XIII стст

Сацыяльна-эканамічнае развіццё першых дзяржаў-княстваў

Галоўнымі галінамі гаспадаркі на беларускіх землях у Х – ХШ стст. былі земляробства і жывёлагадоўля. Асноўнымі прыладамі апрацоўкі глебы ў гэты час з’яўляліся саха і рала, а распаўсюджанымі сельскагаспадарчымі культурамі – пшаніца, проса, ячмень, жыта, бабы, рэпа і г.д. Развіццё земляробства ішло ад падсечна – агнявога да ворыўнага.

Змены ў земляробстве прыводзілі да змен у жыцці грамадства. Вялікія патрыархальныя сем’і сталі паступова падзяляцца на больш дробныя. Цяпер апрацоўваць зямлю і збіраць ураджай можна было сіламі адной невялікай сям’і. Сялянскія сем’і сяліліся невялікімі сёламі (весямі). Цэнтрам некалькіх весяў было вялікае сяло – пагост. Жыллём служылі зрубы ці паўзямлянкі з глінабітнымі печамі, якія вытапліваліся па-чорнаму. Земляробчае насельніцтва на беларускіх землях было арганізавана ў абшчыны, якія называліся “верв”, “грамада”. Сельскія абшчыны валодалі ворнай зямлёй і складаліся з усіх сем’яў адной або некалькіх вёсак. У іх спалучалася абшчыннае валоданне зямлёй з індывідуальным вядзеннем гаспадаркі.

На другім полюсе раннефеадальнага грамадства знаходзіліся князь і феадалы-землеўладальнікі. Уладальнікам усіх зямель лічыўся вялікі князь. За карыстанне імі насельніцтва абавязана было плаціць князю даніну прадуктамі (збожжам, мёдам, футрам і інш.). Збор даніны называўся палюддзем. У гэты час узнікаюць наступныя віды феадальнага землеўладання: княжацкае, баярскае і царкоўнае. Феадальнае землеўладанне было вотчынным і памесным. Землеўладальнікамі былі таксама сялянская абшчына і асобныя сяляне.



З цягам часу феадальная ўласнасць на зямлю пашыралася. Увесь вывучаемы перыяд феадалы імкнуліся да максімальнай канцэнтрацыі ў сваіх руках зямельнага фонду. Па меры развіцця феадальных адносін доля абшчыннага і сялянскага землеўладання пастаянна змяншалася.

Закабаленню свабоднага сялянства садзейнічалі княжацкія даніны, войны, неўраджайныя гады. Такім чынам, збяднелыя сяляне траплялі ў феадальную залежнасць. Абшчынныя землі станавіліся ўласнасцю феадала, дзяржавы або царквы.

Пісьмовыя крыніцы XI – XII стст. называюць розныя катэгорыі феадальна залежных сялян. Гэта радовічы, халопы, ізгоі, чэлядзь і інш. Залежнае насельніцтва займала самае прыніжанае становішча на сацыяльнай лесвіцы.

Развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці стварыла эканамічныя прадумовы для аддзялення рамяства ад гандлю. Месцамі канцэнтрацыі гэтых відаў гаспадаркі з’яўляліся гарады. Яны ўзнікалі на берагах рэк, на скрыжаванні гандлёвых шляхоў і г. д. Часцей за ўсё ўзнікалі яны з феадальнага замка, які з’яўляўся цэнтрам адміністратыўнага і гаспадарчага жыцця. Другая група была заснавана па воле князёў – гэта Гродна, Заслаўе, Мінск і інш. Яны з’яўляліся ваенна-адміністрацыйнымі, або пагранічнымі крэпасцямі.

Горад складаўся з “дзядзінца” – умацаванага сценамі і валамі цэнтра горада і “пасада” – паселішча рамеснікаў і гандляроў. Важным гарадскім месцам быў рынак – “торг”.

Першым старажытным беларускім горадам па праву лічыцца Полацк. У знакамітым летапісе “Аповесць мінулых гадоў” ён згадваецца пад 862 годам.

У ХІ–ХІІІ стст. гаспадарчая дзейнасць у гарадах Беларусі мела комплексны характар, спалучала занятак рамяством, гандлем, промысламі. Асаблівы росквіт рамяства адбыўся ў ХІІ–ХІІІ стст.

Вядучая роля ў ім належала кавальству, бо яно забяспечвала ўсімі неабходнымі прыладамі працы астатнія віды рамёстваў. Найбольш распаўсюджанымі рамёствамі былі ганчарства і апрацоўка драўніны, якія забяспечвалі штодзённы попыт насельніцтва. Да апрацоўкі дрэва блізкімі былі вырабы з косці. Вялікая патрэба была ў апрацоўцы скуры, з якой шылі абутак і інш. Даволі распаўсюджаным у беларускіх гарадах было і ювелірнае рамяство. Ювеліры выраблялі шырока распаўсюджаныя ў тыя часы ўпрыгожанні з каляровых металаў (скроневые кольцы, бранзалеты, пярсцёнкі і г.д.).

Паміж гарадамі вёўся даволі актыўны гандаль. Купцы падтрымлівалі гандлёвыя сувязі не толькі з суседнімі, але і з далёкімі краінамі. Вядомыя сувязі нашых гарадоў з Візантыяй, Блізкім Усходам, Сярэдняй Азіяй, германскімі гарадамі, аб чым сведчаць шматлікія скарбы, у якіх знаходзіліся манеты гэтых краін і іншыя археалагічныя знаходкі (пацеркі, пярсцёнкі, рэшткі шклянога посуду і інш). Праз беларускія землі праходзіў вялікі водны шлях “з вараг у грэкі”. З замежных краін на нашы землі дастаўлялі віно, спецыі, фарбы, шкляны посуд, дарагія тканіны, упрыгожанні. З беларускіх гарадоў вывозілі футра, воск, мёд і інш.

Трэба дадаць, што, апрача сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлю, насельніцтва беларускіх зямель (як сельскае, так і гарадское) займалася промысламі. Самымі распаўсюджанымі з іх былі паляванне і рыбалоўства. Як пр., пасяленні, у тым ліку і гарады, размяшчаліся сярод лясоў і па берегах рэк, дзе вадзілася шмат звяроў і рыбы. Пры раскопках археолагі знаходзяць шмат касцей рыб і жывёл, такіх як лось, алень, дзік, зубр і інш. Насельніцтва займалася таксама зборам грыбоў, ягад і інш. Шкарлупіны лясных арэхаў часта сустракаюцца ў археалагічных помніках.

Значнае месца сярод промыслаў займала бортніцтва. Яно давала не толькі мёд, але і другі вельмі патрэбны прадукт – воск.

Самымі распаўсюджанымі хатнімі промысламі былі прадзенне і ткацтва, без якіх наогул нельга ўявіць жыццё сярэднявечнага грамадства. Паўсюдна пралі лён і шэрсць, з атрыманых нітак выраблялі тканіны.

Такім чынам, раннефеадальны перыяд развіцця беларускіх зямель (Х – ХІІІ стст.) характарызаваўся ўтварэннем феадальнай зямельнай уласнасці і з’яўленнем залежных сялян, аддзяленнем рамяства ад сельскай гаспадаркі, развіццём гандлю, промыслаў і ростам гарадоў.

8. Прыняцце хрысціянства і яго ўплыў на культуру беларускіх зямель у X-XIII стст.

На развіццё культуры Беларусі ранняга сярэднявечча вялікі ўплыў аказала прыняцце хрысціянства. Яно прыйшло на тэрыторыю Беларусі з Захаду і Усходу, уводзілася мірнымі і нямірнымі сродкамі. Царква стала духоўнай асновай раннесярэднявечнай дзяржавы. У выніку хрысціянізацыі значна ўзрос міжнародны аўтарытэт Полацкага і Тураўскага княстваў. Сувязі з хрысціянскімі краінамі, перш за ўсё з Канстанціновалем, садзейнічалі развіццю рамёстваў, гандлю, а яшчэ больш культурнаму прагрэсу. Шырокі размах атрымалі мураванае дойлідства, манументальны жывапіс, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Прыняцце хрысціянства садзейнічала развіццю асветы і пісьменнасці, літаратурнай справы.

Пісьменнасць на землях Беларусі была вядома і раней, але ў больш прымітыўнай форме “чэртаў і рэзаў” і не была прыстасавана для запісу складаных тэкстаў. З Х стагоддзя пачала распаўсюджвацца кірыліца, азбука, створаная візантыйцамі, славянамі па паходжанню Кірылам і Мяфодзіем. Праз Балгарыю гэтая старажытнаславянская мова перайшла да ўсходніх славян. З грэчаскай настараславянскую перакладаліся царкоўныя кнігі.

Найбольш старажытнымі літаратурнымі помнікамі з’яўляюцца “Тураўскае евангелле” канца XI стагоддзя. Аршанскае евангелле канца XII- пач. XIII стст.. Вядома, што ў старажытным Полацку была вялікая бібліятэка, якая загінула ў час Лівонскай вайны. Да нас дайшлі толькі некалькі лістоў Полацкага евангелля канца XII стагоддзя. Кнігі пісаліся ўручную, асобым шрыфтам – “уставам” на пергаменце ў свайго рода майстэрнях – скрыпторыях. Асобныя раздзелы паддзяляліся каляровымі застаўкамі. Вокладкі рабіліся з дрэва і ўпрыгожваліся золатам і каштоўнымі камянямі. У юрыдычных дакументах таго часу – граматах полацкага князя Ізяслава, дагаворнай грамаце паміж Полацкам, Смаленскам і Рыгай, якія датуюцца пачаткам XIII стагоддзя, ужо ёсць асобныя элементы старабеларускай мовы.

Распаўсюджанне пісьменнасці, асветы на беларускіх землях цесна звязана з імёнамі дзеячоў культуры Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага і Клімента Смаляціча. Ефрасіння Полацкая (Прадслава) была ўнучкай князя Усеслава Брачыслававіча (Чарадзея). Дабраахвотна выбраўшы дарогу ў манастыр, яна ўсё сваю жыццё прысвяціла асвеце, займалася перапіскай кніг, заснавала два манастыры і дзве царквы, па яе заказу ў 1161 годзе быў зроблены крыж – узор мясцовага мастацкага майстэрства.

Кірыла Тураўскі, выхадзец з заможнай сям’і, атрымаў добрую адукацыю ў Тураве. Пастрыгшыся ў манахі, ён заняўся літаратурнай дзейнасцю. Выдатнай красамоўнасцю выдзяляюцца яго восем “Слоў”(павучанняў), тры прытчы, каля 30 малітваў і некалькі канонаў.

Клімент Смаляціч таксама жыў у манастыры, дарэчы, у той час менавіта манастыры былі цэнтрамі асветы, займаўся перапіскай. У сваім лісту смаленскаму святару Фаме ён даказваў, што разумець біблію трэба з дапамогай навуковых ведаў, у прыватнасці, вывучаючы творы антычных аўтараў.

Візантыйскі ўплыў на беларускіх зямлях Х-XIII стст. Асабліва адчуваўся ў развіцці матэрыяльнай культуры: дойлідстве, дэкаратыўна-прыкладном мастацтве.

Менавіта з Х стагоддзя, пасля прыняцця хрысціянства, у Русі пачынаецца будаўніцтва мураваных будынкаў. Усяго на тэрыторыі Беларусі выяўлена і даследавана 25 мураваных помнікаў культавай і грамадзянскай архітэктуры IX-XIII стст. З іх поўнасцю або часткова захаваліся невялікая частка, але па выніках раскопкаў іх фундаментаў можна вызначыць форму, тэхніку збудавання. Помнікі архітэктуры можна падзяліць на культавыя і абаронныя збудаванні. У культавых пабудовах выразна адчуваўся ўплыў Канстанцінопаля, у абарончых жа, старажытных замках – больш заходнееўрапейскі.

Як і ў Візантыі, на Беларусі пачалі будаваць храмы крыжовакупальнага тыпу. Яны былі, як правіла, выцягнутыя ў плане, з шырокім выкарыстаннем колеру для аздаблення пабудоў, керамікі, пірамідальнай формы або з адным купалам. Вядомы 13 культавых пабудоў IX-XIII стст. у Полацку, але зберагліся толькі два – Сафійскі сабор і Спаса-Прэабражэнская царква Спаса-Ефрасіньеўскага манастыра. Гэтыя культавыя пабудовы дазваляюць выдзяліць полацкую архітэктурную школу. Для яе характэрны тэхніка муравання са схаваным радам плінф, выцягнуты падкупальны барабан.

Другая архітэктурная школа-Гродзенская прадстаўлена перш за ўсё Ніжняй царквой у Гродне і Барысаглебскай (Каложскай) царквой. Для іх характэрны большая дэкаратыўнасць, чаргаванне кладкі з мураванымі рознакаляровымі камянымі і маёлікавымі пліткамі, наяўнасць у сценах галаснікоў для паляпшэння акустыкі. Абарончыя збудаванні гэтага перыяду прадстаўлены Камянецкай вежай, рэшткамі Навагрудскага, Лідскага замкаў. Тут ужо больш адчуваецца заходнееўрапейскі уплыў, раманскі архітэктурны стыль.

Фрэскавыя роспісі ў культавых пабудовах, перш за ўсё ў Полацкім Сафійскім саборы і Спаса-Ефрасіньеўскай царкве, напрыклад, “Невядомая святая”, “Васіль Вялікі” і інш. Даюць прадстаўленне аб манументальным жывапісу ранняга сярэднявечча, які быў асновай мастацтва таго часу. Другой формай яго былі кніжныя мініяцюры. Значна больш у параўнанні з выяўленчым было развіта дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У старажытным Полацку былі вядомыя больш за 60 розных відаў мастацтва.

Асабліва цікавымі з’яўляюцца ювелірныя вырабы. Шэдэўрам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пачатку 12 ст. з’яўляецца багата арнаментаваны крыж, створаны Лазарам Богшай па заказу Ефрасінні Полацкай.

Ва ўсіх гарадах Беларусі, як паказалі археалагічныя раскопкі, знойдзены сляды залатарства і рэшткі ювелірных майстэрняў.

З залатарствам цесна звязана мастацкая апрацоўка каменю. Найбольш цікавым відам каменнай пластыкі XII-XIII стст. з’яўляюцца абразкі, якіх выраблялі з бронзы, косці і каменю.

9. Утварэнне Вялікага княства Літоўскага і ўваходжанне беларускіх зямель у яго склад.

Прыбалтыйскія плямёны і княствы на тэрыторыі Беларусі аказаліся ў складанай геапалітычнай сітуацыі, калі практычна з усіх бакоў можна было чакаць агрэсіі. Гэта стала асноўнай знешнепалітычнай прычынай для аб’яднання ў адно дзяржаўнае ўтварэнне.

Унутранымі перадумовамі аб’яднання сталі развіццё феадальных адносін, эканамічных зносін, асаблівасці палітычнай сістэмы Русі, працяглы вопыт міжэтнічных кантактаў з суседнімі землямі, пачатак цэнтралізацыі і выкліканае гэтым з’яўленне моцных уладароў у суседняй Літве.

Гаспадарчае развіццё, рост гарадоў садзейнічала ўзмацненню гаспадарчых сувязей паміж асобнымі княствамі і землямі. Акрамя таго, пашырэнне права ўласнасці на нерухомасць вяло да абвастрэння сацыяльных супярэчнасцяў, што таксама спрыяла зацікаўленнасці землеўладальнікаў у моцнай дзяржаўнай уладзе.

У першай палове XIII стагоддзя на абсягах Кіеўскай Русі існавала вялікая колькасць раздробленых княстваў. На тэрыторыі сучаснай Беларусі Полацкае і Тураўскае княствы таксама распаліся на больш дробныя ўдзелы, утварыліся новыя княствы, у тым ліку Гарадзенскае, Новагародскае. Яны былі аслабленымі ў ваенных адносінах, але даволі развітымі ў эканамічных, культурных адносінах, пры гэтым ў аснроўным захаваліся агульныя рысы ў развіцці эканомікі, культуры, духоўнай сферы. Захавалася і развітая сістэма кіравання.

Балцкія плямёны ў пачатку XIII стагоддзя знаходзіліся на больш нізкай ступені палітычнага і культурнага развіцця. Тут існавалі плямёны, якія паступова аб’ядноўваліся ў саюзы на чале з старэйшымі князямі. Такі саюз, дзе ў ліку старэйшых адзначаецца будучы заснавльнік Вялікага княства Літоўскага Міндоўг, быў утвораны ў 30-я гады XIII ст.

Гэта была пераддзяржаўная стадыя палітычнай эвалюцыі. Племянныя князі мелі ўласныя дружыны, з якімі ажыццяўлялі грабежніцкія набегі на суседзяў, але без захопу на працяглы тэрмін тэрыторый. У XI і XII стагоддзях балцкія плямёны былі даннікамі рускіх княстваў. Да сярэдзіны 1230-х гадоў землі балцкіх плямён куршаў, латыголі і прусаў трапілі пад уладу Ордэна мечаносцаў і Тэўтонскага ордэна. Але плямёны Дзяволтва, Нальшчаны, Жамойць, Аўкштайты, Літва распачалі барацьбу з рыцарамі. Менавіта яны ў 1219 г. скансалідзіраваліся ў кааліцыю, якая затым у гістарычных крыніцах стала называцца “літвой” у шырокім сэнсе і ў асноўным адпавядала этнічнай тэрыторыі сучаснай Літвы. Гэтае аб’яднанне было даволі стабільным і менавіта з 1210 года, наадварот, назіраецца ваенная актывізацыя літоўскіх князей. Яны робяць паходы на Ноўгарад, Смаленск, Полацк (аб гэтым у паэтычнай форме нават згадваецца ў “Слове аб палку Ігаравым”), Польшчу, Валынь праз Пінскае княства. У Пскове, Полацку, Друцку, Віцебску пачынаюць правіць князі літоўскай дынастыі. Паходы, якія былі здзейснены ў 40-е гады XII стагоддзя, ужо узначальваў Міндоўг, сын кернаўскага ўладара Рынгольда, згодна з “Ліфляндскай рыфмованай хронікай”, вялікага князя, “які не меў сабе роўных у Літве”. Міндоўг атрымаў ад бацькі ўдзел, які затым пачаў называцца “Літва Міндоўга”, а пасля яго смерці ўзначаліў літоўскую кааліцыю. Прыкладна ў 1244-1246 гг. Міндоўг ужо характарызуецца “Ліфляндскай рыфмованай хронікай” як “магутны кароль” і “уладар Літоўскай зямлі”. Менавіта ён, абапіраючыся не толькі на мясцовае баярства і сваю вотчыну, але і на весь ваенны патэнцыял Літвы ў шырокім сэнсе, стаў заснавальнікам ВКЛ.

Аб’яднанне літоўскіх і рускіх зямель было выгадным абодвум бакам. Літва атрымала ўжо сфарміраваны і развіты апарат кіравання, больш высокую культуру, рускія ж княствы маглі абаперціся на ваенную моц літоўцаў.

Пачатак утварэнню ВКЛ быў пакладзены аб’яднаннем Навагародскай зямлі і Літвы пад уладай Міндоўга. Гэта амаль адразу выклікала супрацьдзеянне як з боку Жамойці, якая таксама прэтэндавала на ролю аб’яднальніка зямель, так і з боку суседзяў – Галіцка-Валынскага княства, Лівонскага ордэна і нават татара-манголаў, якія не адмовіліся ад намераў падпарадкаваць усю Русь. Галіцка-Валынскі князь Даніла тройчы рабіў паходы на Наваградак і Гародню. У такіх складаных умовах Міндоўг папрасіў заступніцтва ў Папы Рымскага, прыняў хрышчэнне па каталіцкаму абраду і ў 1253 г. каранаваўся. Саступіўшы частку Жамойці крыжаносцам, а Наваградак, Слонім і Ваўкавыск – Галіцка-Валынскаму княству, Міндоўг гэтым самым нейтралізаваў сваіх галоўных ворагаў, затым здолеў перамагчы сваіх праціўнікаў у Літве і адбіць напад татарскага войска пад кіраўніцтвам ваяводы Бурундая ў 1258 г. Умацаваўшы сваё становішча, Міндоўг парваў з каталіцтвам і падтрымаў барацьбу Жамойці супраць крыжаносцаў, але ў 1263 г. быў забіты у выніку змовы літоўскіх удзельных князей. Аб’яднаўчы працэс прадоўжыў сын Міндоўга Войшалк, які з дапамогай пінскай дружыны і войска Галіцка-Валынскага князя здолеў у 1264 г. стаць на чале ВКЛ. Ён заваяваў землі змоўшчыкаў – Нальшчаны і Дзяволтву, пашырыў уплыў княства на Полацк і Віцебск. У 1267 г. ён перадаў уладу галіцкаму князю Шварну, які праз тры гады памёр. На працягу наступных трыццаці гадоў, перш за ўсё у час праўлення Трайдзеня, да ВКЛ былі далучаны землі яцвягаў, адбіты спробы экспансіі з боку татара-манголаў і крыжаносцаў. У канцы XIII – пачатку XIV стст. пры вялікім князе Віцене прадаўжалася барацьба з крыжаносцамі, у 1307 годзе за княствам быў канчаткова замацаваны Полацк, уведзены княжацкі герб “Пагоня”. У час праўлення Гедыміна тэрыторыя ВКЛ значна пашырылася за кошт Віцебскай, Берасцейскай зямель, Мінскага і Пінскага княстваў, гарадоў Гомеля і Мсціслаўля і стала называцца Вялікім княствам Літоўскім і Рускім. Сталіцай яго з 1323 года стала Вільня. Пры Альгердзе і Вітаўце былі далучаны сучасные ўкраінскія землі, Смаленскае і Бранскае княствы. У склад ВКЛ канчаткова ўвайшла і Жамойцкая зямля, а княства з 1442 года стала афіцыйна звацца Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. Яно займала тэрыторыю ад Польшы і Венгрыі на захадзе да Падмаскоўя на ўсходзе, ад Балтыйскага мора на поўначы да Чорнага мора на поўдні і па свайму памеру раўнялася буйнейшым еўрапейскім краінам. Па этнічнаму складу ВКЛ на першай стадыі фарміравання была літоўска-беларускім утварэннем, дзе на балцкія землі прыпадала каля 65% тэрыторыі, у перыяд праўлення Гедыміна і Альгерда – літоўска-беларуска-украінскім і у час канчатковага фарміравання – ўжо політэтнічным, у асноўным літоўска-беларуска- украінска-рускім, у якім тэрыторыя Беларусі склала каля 20% агульнай плошчы.

Шляхі ўваходжання ў ВКЛ беларускіх і іншых зямель былі рознымі: праз дабраахвотнае ўключэнне на дагаворнай аснове; шлюбныя сувязі; міждяржаўныя саглашэнні; у выніку вызвалення ад іншаземных захопнікаў. Такім чынам, аб’яднанне зямель у адзіную дзяржаву ажыццяўлялася пераважна мірным шляхам, паколькі ў большасці выпадкаў гэта было выгадна абодвум бакам. Гэтаму садзейнічала і ўзважаная палітыка князёў, якія прытрымліваліся правіла “старае не рушыць, новае не ўводзіць”. На далучаных землях спачатку захоўвалася старая сістэма кіравання, розныя пласты насельніцтва практычна не прыніжаліся ў правах, не рабілася ломка форм уласнасці.

10. Эвалюцыя дзяржаўна-палітычнага ладу і заканадаўства Вялікага княства Літоўскага.

У кіраўніцтве дзяржавай вялікі князь абапіраўся на двухпалатны дарадчы орган: вялікакняжацкую раду (паны-рада) і сойм (сход прадстаўнікоў шляхты, магнатаў, службовых асоб). У склад паноў-рады ўваходзілі найбуйнейшыя феадалы-землеўласнікі і вышэйшыя службовыя асобы: Усе яны вырашалі пытанні дзяржаўнага кіравання. З афармленнем у канцы ХV стагоддзя другога вышэйшага органа дзяржаўнага кіравання – агульнага (вальнага) сойма на яго пасяджэннях маглі прысутнічаць усе феадалы ВКЛ разам з панамі раднымі і службовымі асобамі. На соймах вырашаліся пытанні аб вайне і міры, падатках, прымаліся законы. Калі ў гады кіравання Гедыміна, Альгерда і Вітаўта дзяржаўны лад прадстаўляў сабой фактычна неабмежаваную манархію, то з утварэннем агульнага сойму адбываецца абмежаванне ўлады вялікага князя за кошт пашырэння ролі феадалаў.

З ХV стагоддзя дзяржава была падзелена на ваяводствы: Віленскае, Трокскае, Берасцейскае, Валынскае, Браслаўскае, Менскае, Смаленскае, Наваградскае, Мсціслаўскае, Падольскае, Кіеўскае. Ваявод прызначаў Вялікі князь з мясцовых феадалаў.

Унутранае становішча і знешнепалітычная сітуацыя к. ХV–пач. ХVІ стст. прымусілі вялікакняжацкі ўрад пачаць праводзіць палітыку ўцягвання знаці “рускага” краю ў палітычную эліту Вялікага княства. З гэтага часу значна пашыраюцца зямельныя ўладанні прадстаўнікоў знатных беларускіх, украінскіх родаў. Зямельнае багацце давала палітычную вагу.

У др. пал. ХІІІ – перш. пал. ХVІ стст. ў Беларусі працягваўся працэс фарміравання і ўдасканальвання феадальных адносін. Формы феадальнай уласнасці, феадальных правоў і абавязкаў складваліся паступова. Вярхоўным землеўладальнікам лічыўся Вялікі князь. Разам з тым землі падзяляліся на дзяржаўныя і прыватныя. У сваю чаргу дзяржаўныя былі двух катэгорый: воласці і гаспадарскія двары. Прыватныя землі таксама падзяляліся на свецкія і царкоўныя маёнткі.

У канцы ХІV стагоддзя дзяржаўныя землі значна пашырыліся за кошт ліквідацыі буйных удзельных княстваў і ўвядзення намесніцтваў. Дробных землеўладальнікаў, якія атрымлівалі зямлю за службу ў войску, спачатку называлі баярамі, а пазней – шляхтай. Паступова змяніўся і прававы статус сялян. Сяляне страчвалі права распараджацца зямлёю і сталі землекарыстальнікамі ў феадалаў, пазбаўлялася традыцыйных правоў сялянская абшчына.

Большасць гарадоў і каля паловы мястэчак належылі вялікаму князю Літоўскаму, астатнія былі прыватнымі.

Прыкметнай групай гарадскога насельніцтва на захадзе і ў цэнтры Беларусі ў ХУІ стагоддзі былі яўрэі і татары, якія сяліліся на тэррыторыі Беларусі з ХІV – ХV стст.

З ператварэнням гарадоў у гандлёва-рамесніцкія цэнтры ўзмацняецца іх імкненне выйсці з-пад юрысдыкцыі вялікакняжацкай або феадальнай адміністрацыі. Мяшчане дамагаліся самакіравання паводле Магдэбургскага права, якое атрымала сваю назву ад нямецкага горада Магдэбург – першага горада, які набыў самастойнасць у ХІІІ стагоддзі.

Гарады і мястэчкі развіваліся як цэнтры ўнутраных лакальных рынкаў.

Развіццё гандлю садзейнічала грашоваму абароту. З ХІV стагоддзя ў ВКЛ найбольш распаўсюджаны сталі сярэбраныя пражскія грошы. У 1492 годзе быў створаны Віленскі манетны двор. Паступова фарміравалася крэдытная сістэма.

11. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе Вялікага княства Літоўскага ў другой палове XIII – першай палове XVI стст.

Асновай эканамічнага жыцця ў XIII-першай палове ХVI стст. была сельская гаспадарка. Ёю займалася пераважная большасць насельніцтва. Зямля ў гэты час належала феадалам. Спачатку вярхоўным яе ўласнікам лічыўся вялікі князь, які жалаваў зямельныя ўгоддзі прыбліжаным ў часовае карыстанне. Паступова яны пераходзілі ў спадчыннае ўладанне і ўжо прыкладна з XIV ст., акрамя княжацкай або дзяржаўнай, пашыраюцца прыватнаўласніцкія і царкоўныя формы ўласнасці на зямлю.

Рост феадальнага землеўладання адбываўся рознымі шляхамі: вялікакняжацкімі падараваннямі, дарэннямі з боку буйных феадалаў васалам ці царкве, купляй-продажам, залогам (заставай) і інш. Ва ўладанне феадалам даваліся цэлыя воласці, маёнткі, вёскі з насельніцтвам і павіннасцямі, а таксама асобныя сем’і. Адпаведна і сяляне, якія яе апрацоўвалі, сталі называцца адпаведна дзяржаўнымі, прыватнымі, царкоўнымі. Галоўнымі іх заняткамі былі земляробства, жывёлагадоўля, рамяство, а дапаможнымі – бортніцтва, паляванне, рыбалоўства. Сялянская гаспадарка насіла натуральны характар. За карыстанне зямельнымі надзеламі сяляне павінны былі выплочваць даніну прадуктамі раслінаводства, якая называлася “дзякло”, а таксама мясам, прадуктамі бортніцтва – “мезлева”.

Па меры развіцця феадальных адносін ў XV-ХVIстст. Асноўнай формай павіннасцей стала паншчына і грашовы аброк – чынш. Акрамя таго, сяляне павінны былі выходзіць на дадатковыя сумесныя работы – талокі, гвалты, будаваць і рамантаваць замкі, масты, дарогі, ўтрымліваць войска, адвозіць на фурманках грузы, несці вартавую службу і г.д. Людзі, якія у асноўным адпрацоўвалі баршчыну на землях феадала, называліся цяглымі, якія ж пераважна плацілі грашовы чынш – асаднымі. Феадальная рэнта спаганялася звычайна з асобных сялянскіх гаспадарак, якія ў гістарычных крыніцах фігуруюць пад тэрмінам “дым”. Практыкаваўся збор даніны і з некалькіх сем’яў, звычайна сваяцкіх, якія складалі асобныя адзінкі падаткаабкладанняў – дворышчы. У XIV-ХVI стст. у асяроддзі сялян ужо развівалася маёмасная дыферэнцыяцыя. Пра яе наяўнасць сведчаць адрозненні ў забяспячэнні асобных сялянскіх гаспадарак зямлёй, памерах павіннасцей. Разам з самастойнымі ў гаспадарчых адносінах вытворцамі ў многіх маёнтках былі і збяднелыя сяляне, іх называлі агароднікамі, кутнікамі, халупнікамі.

Развіццё таварна-грашовых адносін прымушала ўдасканальваць феадальную сістэму гаспадарання, павялічваць вытворчасць прадукцыі на продаж. З мэтай павышэння эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці, павялічэння даходнасці маёнткаў у 1557 годзе Жігымінт П Аўгуст правёў на дзяржаўных землях аграрную рэформу. Якая затым атрымала назву “валочная памера”. Уся зямля дзялілася на валокі памерам 33 моргі (морг раўняўся 0,71 га) або 23,43 га., лепшыя з якіх адводзіліся непасрэдна пад гаспадарку землеўладальніка, якая называлася фальварак. Іншыя раздаваліся сялянам у падворнае карыстанне. “Устава на валокі” прадугледжвала суадносіны фальваркавага і сялянскага ворыва як 1 да 7. Гэта значыць, што адну фальваркавую валоку апрацоўвалі прыгонныя, якія карысталіся 7 валокамі. У залежнасці ад колькасці і якасці атрыманай у карыстанне зямлі вызначаўся і памер павіннасцей, якія выконвалі сяляне. Яны былі рознымі для цяглых і асадных земляробаў. Цяглыя сяляне павінны былі адпрацоўваць паншчыну 2 дні ў тыдзень, а таксама плаціць чынш ад 6 да 21 гроша з валокі. Асадныя сяляне ў асноўным плацілі чынш. Акрамя таго, для ўсіх заставаліся такія павіннасці, як гвалты і талокі, розныя віды работ па пабудове і рамонту збудаванняў, дарог, мастоў і г.д.

Аграрная рэформа не толькі ўпарадкоўвала землеўладанні і павялічвала іх даходнасць, але і замацоўвала сялян за валокамі, усе яны станавіліся непахожымі. Па выніках рэформы колькасць зямельных участкаў, якія былі ў сялянскім карыстанні, зменшылася, паколькі памеры павіннасцяў у разліку з валокі былі вельмі высокімі. Паступова ўслед за вялікакняжацкім доменам гэтая рэформа была праведзена і на прыватнаўласніцкіх, царкоўных землях, але ў асноўным у заходняй і цэнтральнай Беларусі. На ўсходзе яна праводзілася больш марудна або зусім не практыкавалася. Прычына заключалася ў частых войнах з Маскоўскай дзяржавай, якія закраналі гэтую тэрыторыю, зменах дзяржаўных межаў. Ажыццяўленне рэформы прывяло да замены абшчыннага землекарыстання падворным.

Валочная памера садзейнічала развіццю фальварачна-баршчыннай сістэмы гаспадарання і вызначыла напрамак развіцця сельскай гаспадаркі на цэлыя стст., да адмены прыгоннага права.

У XIII-ХVI у ВКЛ, як і ў цэлым у Еўропе, хутка развіваецца рамесная вытворчасць, гандаль і адпаведна павялічваецца колькасць гарадоў. На Беларусі найбольш былі распаўсюджаны такія віды рамёстваў., як апрацоўка металаў, ювелірная справа, ганчарства, ткацтва і інш. Дакументы ХVI ст. згадваюць пра наяўнасць больш за 100 відаў рамёстваў. У гарадах і мястэчках регулярна налажваліся таргі і кірмашы. Акрамя унутранага рынка, значная частка прадукцыі адпраўлялася на продажу за мяжу. Купцы ў XV-ХVI стст. для абароны інтарэсаў пачалі ствараць свае аб’яднанні – брацтвы або гільдзіі, а з 1552 г прафесійныя аб’яднанні – цэхі таксама і рамеснікі.

12. Асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага ў другой палове XIII – першай палове XVI стст.

Першы ўнутрыпалітычны крызіс узнік пасля смерці Гедыміна. Не згодныя з узвядзеннем на вялікакняжацкі прастол сярэдняга сына Гедыміна Еўнута, два яго браты Альгерд і Кейстут ажыццявілі дзяржаўны пераварот і сталі суправіцелямі княства. У гэты час пачалася актыўная перадача ўдзельных княств нашчадкам Гедыміна. Яны з цягам часу станавіліся не толькі прадстаўнікамі ўлады, але і буйнымі землеўладальнікамі, што ў сваю чаргу рыхтавала глебу да ўзмацнення федэратыўных тэндэнцый. Але насаджэнне літоўскага землеўладання на славянскіх землях, цэнтралізацыя ўлады супярэчылі інтарэсам мясцовых феадалаў і такім чынам закладвалі аснову да новых унутрыпалітычных канфліктаў.

Другі крызіс узнік у 1377 г. пасля смерці Альгерда. Два яго сыны Ягайла і Андрэй (Вінгальд) Полацкі распачалі барацьбу за ўладу. Ахрышчоны ў праваслаўі іменем Андрэй князь Полацкага ўдзела зрабіў стаўку на ўсходніх праваслаўных феадалаў, рускія суседнія княствы і на збліжэнне з Маскоўскай дзяржавай. Ягайла вымушае Андрэя уцячы ў Пскоў і на яго месца ставіць свайго брата Скіргайлу. Выкарыстаўшы раздор паміж братамі, у 1381 годзе вярхоўную ўладу ў дзяржаве захапіў Кейстут, але неўзабаве быў узяты ў палон Ягайлам і задушаны ў Крэўскім замку. У гэтым жа годзе, палачане, нездаволеныя князем-язычнікам і ўзмацненнем празаходняга накірунку ва ўладзе, паднялі паўстанне і вярнулі на княжанне ў Полацк Андрэя Альгердавіча. Барацьба за вярхоўную ўладу прадаўжалася.

Каб узмацніць свае пазіцыі, Ягайла 14 жніўня 1385 года ў Крэве заключае пагадненне з палякамі аб аб’яднанні Польшы і Літвы, якое замацоўвалася шлюбам Ягайлы з польскай прынцэсай Ядвігай.

Згодна з пагадненнем Ягайла станавіўся адначасова і польскім каралём. У пачатку 1387 г. Ягайла выдаў два прывілеі, у якіх абавязваў насельніцтва прыняць каталіцкую веру, вызваляў каталіцкую царкву ад усіх падаткаў і павіннасцей, знаць каталіцкага веравызнання, якая ў большасці была балцкага паходжання, атрымлівала неабмежаваныя правы валодання сваімі вотчынамі, а таксама вызвалялася ад шэрагу дзяржаўных павіннасцей. Такая дыскрымінацыя для значнай колькасці арыстакратыі ВКЛ вызвала рэзкае нездавальненне.Пачаўся трэці ўнутрыпалітычны крызіс.

Узнік грамадска-палітычны рух, накіраваны супраць Ягайла. На чале яго зноў стаў Андрэй Полацкі, які адмовіўся прызнаць Крэўскую унію. Яго саюзнікам стала Смаленскае княства. Але каралеўскае войска на чале з Скіргайлам разбіла смаленскія палкі, затым захапіла Полацк. Князь Андрэй трапіў у палон, а на яго месца стаў Скіргайла. На гэтым супраціўленне ўсходніх княстваў супраць уніі не спынілася. Яго ўзначаліў сын Кейстута Вітаўт.

Гэтая барацьба вялася з пераменным поспехам і скончылася заключэннем пагаднення паміж Ягайла і Вітаўтам 5 жніўня 1392 г. ў маёнтку Вострава каля Ліды. Згодна з ім Ягайла заставаўся польскім каралём, а Вітаўт на час свайго жыцця станавіўся Вялікім князем і абавязваўся быць верным Ягайлу і Польскай Кароне. Пасля смерці Вітаўта гэтая праблема яшчэ больш абвастрылася і пачаўся чарговы ўнутрыпалітычны крызіс.Вялікім князем у 1430 годзе стаў Свідрыгайла Альгердавіч, які княжыў ў северскай зямлі і да гэтага самавольна заняў віцебскі княжацкі пасад. Ён скасаваў унію з Польшчай, пачаў дапускаць да дзяржаўнага кіравання буйных праваслаўных землеўладальнікаў, дарыць ім землі. На княжацкі пасад быў прызначаны Жыгімонт Кейстутавіч, які аднавіў унію з Польшчай. Яго падтрымалі ўсе літоўскія землі. Супрацьстаянне прывяло да грамадзянскай вайны 1432-1436 гг. Свідрыгайла абвясціў аб стварэнні Вялікага княства Рускага з цэнтрам у Полацку. Некалькі гадоў працягваліся ваенные дзеянні. Пасля абнародвання ў 1432 і 1434 гг двух прывілеяў караля і князя Жыгімонта аб ураўніванні праў католікаў і праваслаўных частка феадалаў адыйшла ад Свідрыгайла, ён пацярпеў паражэнне і ўцёк у Кіеў. Але і Жыгімонт быў забіты ў 1440 г. З гэтага часу была адноўлена практыка сумяшчэння пасады караля і вялікага князя, пачатая Ягайлам. Пасля яго смерці каралём польскім і адначасова Вялікім князем Літоўскім стаў Казімір Ягайлавіч, а затым Жыгімонт П Аўгуст.

Унутраная палітыка, якая праводзілася князьямі ВКЛ, накладвала свой адбітак на знешнюю і, у сваю чаргу, адчувала значны ўплыў знешнепалітычнай дзейнасці ВКЛ.

Асноўнымі напрамкамі знешней палітыкі ВКЛ у XIV-ХVI стст. сталі на захаде - адносіны з Польшчай, на паўночна-заходнім напрамку – з крыжаносцамі, на ўсходзе – з Маскоўскай дзяржавай і на паўднёвым усходзе і на поўдні – з татара-манголамі. Ужо з пачатку XIV стагоддзя крыжаносцы рабілі частые набегі на землі Польшчы і ВКЛ. Перанос сталіцы Ордэна ў 1309 г. у Мальбарк адзначаў, што галоўным напрамкам знешняй дзейнасці крыжаносцаў станавілася не Палестына, а Прыбалтыка. Яны не толькі сілай імкнуліся набыць новыя землі, але і актыўна ўмешваліся ў дынастычную барацьбу, якая не сціхала амаль увесь час у княстве. Ваенные акцыі ВКЛ у адказ ажыццяўляліся радзей і былі менш значныя. Напрыклад, у час праўлення Альгерда і Кейстута крыжаносцы зрабілі каля сотні набегаў, літвіны ж – толькі трыццаць і не заўсёды ўдалыя. Пагроза з боку крыжаносцаў падштурхоўвала і Польшчу, і ВКЛ да збліжэння. Гэты саюз быў выгадны ВКЛ, паколькі адрываў Польшчу ад сувязей з крыжаносцамі, засцерагаў ад небяспекі заходнія рубяжы і дазваляў Ягайлу ўмацаваць сваю палажэнне, атрымаўшы карону польскага караля, паколькі ён не быў старэйшым сынам Альгерда і да ўлады прыйшоў насільна. Крэўская унія паміж Польшчай і ВКЛ, заключаная ў 1385 годзе, з аднаго боку садзейнічала мірнаму суіснаванню абодвух краін, але, з другога боку, ушчамляла суверэнітэт літоўска-беларускіх зямель, мела вынікам паланізацыю і акаталічванне насельніцтва. Саюз паміж Польшчай і ВКЛ дазволіў аб’яднаць сілы ў барацьбе супраць крыжаносцаў.У 1409-1411 гг. адбылася “вялікая вайна”, якую вялі Карона і ВКЛ, з аднаго боку, і Лівонскі ордэн, з другога. Кульмінацыйным пунктам яе стала Грунвальдская бітва 15 ліпеня 1410 года, якая закончылася разгромам крыжацкага войска. З гэтага часу баявая моц ордэна бала падарвана і крыжаносцы перасталі непакоіць межы саюзнікаў.

Важным напрамкам знешняй палітыкі ВКЛ былі ўзаемаадносіны з Маскоўскай дзяржавай. Спачатку ў др. палове XIII – XIV стст. ваенная перавага была на баку ВКЛ, якое вяло актыўную палітыку па далучэнню былых зямель Кіеўскай Русі. На Маскву неаднаразова рабілі паходы Альгерд, Вітаўт. Альгерд далучыў да ВКЛ землі на Дняпры і Сожы, большую частку Ўкраіны, частку заходніх зямель сучаснай Расіі. Вітаўт канчаткова авалодаў Смаленскам, устанавіў пратэктарат над Ноўгарадам і Псковам, спрабаваў з дапамогай татарскага хана Тахтамыша стаць уладаром усёй Рускай зямлі, але атрымаў паражэнне у 1399 г. у бітве на рацэ Ворскле.

У XV ст. назіралася пэўная раўнавага ва ўзаемаадносінах паміж Масквой і ВКЛ. У к. XV-пач. ХVI стст. Маскоўскае княства ўзмацнілася, ператварылася ў цэнтралізаваную дзяржаву, павысіла свой уплыў у Ноўгарадзе, Цверы і пасля канчатковага вызвалення з-пад апекі Залатой Арды з 1480 г. накіравала сваю дзейнасць на зварот і аб’яднанне зямель, якія раней уваходзілі ў Кіеўскую Русь. Гэта супала з абвастрэннем унутрыпалітычных супярэчнасцей унутры ВКЛ і узмацненнем прамаскоўскіх настрояў у ўсходніх княствах ВКЛ. Пад лозунгам абароны праваслаўя Масква імкнулася рознымі шляхамі далучыць іх да Маскоўскай дзяржавы. З к. XV ст. пачалася серыя войнаў, у выніку якіх Маскоўская Русь адваявала трэцюю частку ўсходніх зямель ВКЛ. Пералом у ходзе ваенных дзеянняў не адбыўся і ў выніку перамогі войска ВКЛ 8 верасня 1514 г. пад Оршай. Яны перакінуліся ўжо на тэрыторыю Беларусі і Ўкраіны. У 1588 г. пачалася вайна паміж Рускай дзярж., якая прэтэндавала на выхад да Балтыйск. мора, і Лівонскім ордэнам. Пасля таго, як ВКЛ ўзяла ордэн пад сваю апеку, тэрыторыя Беларусі стала асноўным тэатрам вайны. У 1563 г. быў захоплены Полацк. Гэта стварыла сур’ёзную небяспеку для захавання цэласнасці ВКЛ і стала адной з прычын заключэння Люблінскай уніі паміж ВКЛ і Польшчай.






ТОП 5 статей:
Экономическая сущность инвестиций - Экономическая сущность инвестиций – долгосрочные вложения экономических ресурсов сроком более 1 года для получения прибыли путем...
Тема: Федеральный закон от 26.07.2006 N 135-ФЗ - На основании изучения ФЗ № 135, дайте максимально короткое определение следующих понятий с указанием статей и пунктов закона...
Сущность, функции и виды управления в телекоммуникациях - Цели достигаются с помощью различных принципов, функций и методов социально-экономического менеджмента...
Схема построения базисных индексов - Индекс (лат. INDEX – указатель, показатель) - относительная величина, показывающая, во сколько раз уровень изучаемого явления...
Тема 11. Международное космическое право - Правовой режим космического пространства и небесных тел. Принципы деятельности государств по исследованию...



©2015- 2024 pdnr.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.