Пиши Дома Нужные Работы

Обратная связь

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі. Эвакуацыйныя мерапрыемствы

Раніцай 22 чэрвеня 1941 года германскія войскі ўварваліся ў межы СССР на ўсім працягу заходняй мяжы ад Балтыкі да Карпат. Пачалася вайна, якая нашмат пераўзыходзіла ўсе папярэднія па маштабах баявых дзеянняў, па колькасці выкарыстанай тэхнікі, па колькасці ўдзельнікаў, па панесеных стратах. Напад нацысцкай Германіі на СССР стаў найважнейшай падзеяй другой сусветнай вайны і пачаткам яе новага этапу – Вялікай Айчыннай вайны.

Германскае наступленне ажыццяўлялася згодна з планам "Барбароса", які Гітлер падпісаў 18 снежня 1940 года. Аперацыя планавалася ў духу "бліцкрыгу" (маланкавай вайны), якая ўжо не раз прыносіла поспех вермахту. Такое планаванне было абумоўлена яшчэ i недахопамі рэсурсаў нацысцкай Германіі. Гітлер, калі аддаваў загад аб пачатку вайны супраць СССР, падкрэсліў, што "аперацыя будзе мець сэнс толькі ў тым выпадку, калі мы адным імклівым ударам разгромім усю дзяржаву цалкам. Толькі захопу нейкай часткі тэрыторыі нядосыць".

У адпаведнасці з планам "Барбароса" нямецкія войскі размяркоўваліся паміж трыма групамі армій: "Поўнач", "Цэнтр" і "Поўдзень". Група армій "Поўнач" павінна была разграміць савецкія войскі ў Прыбалтыцы і ў далейшым наступаць на Ленінград. Групе армій "Цэнтр" ставілася задача акружыць і знішчыць войскі Заходняй асобнай ваеннай акругі ў Беларусі і далей рухацца ў маскоўскім кірунку. Група армій "Поўдзень" наносіла ўдар з раёна Любліна на поўдзень ад Прыпяці ў агульным накірунку на Кіеў. Пасля разгрому войскаў савецкіх прымежных акруг меркавалася на поўначы захапіць Ленінград, у цэнтры – Маскву, на поўдні авалодаць Данбасам. Канчатковай мэтай наступу вызначалася дасягненне лініі Волга – Архангельск.



На заходнім кірунку супрацьстаялі групе армій “Цэнтр” і войскі Заходняй асобнай ваеннай акругі (Заходняга фронту). Для нямецкага камандавання гэты кірунак лічыўся галоўным у аперацыі “Барбароса”, таму група армій “Цэнтр” была найбольш моцнай на ўсім фронце. Тут было сканцэнтравана 40% усіх нямецкіх дывізій Усходняга фронту, у тым ліку 50% матарызаваных і 53 % танкавых. Суадносіны сіл у гэтым напрамку былі наступныя:

Такім чынам, войскі Заходняй асобнай ваеннай акругі, якія былі ўкамплектаваны па штатах мірнага часу, саступалі саперніку толькі ў асабовым складзе, але пераўзыходзілі яго ў танках, самалётах і няшмат ў артылерыі.

Германскае наступленне пачалося ў 3.15 раніцы 22 чэрвеня 1941 года ўдарамі авіяцыі. Асноўнай мэтай былі савецкія аэрадромы: усяго за першы дзень вайны авіяўдарам ворага, у якіх удзельнічала 1765 бамбардзіроўшчыкаў і 506 знішчальнікаў, падвергнуліся 66 аэрадромаў, дзе знаходзілася 70% авіяцыі прымежных акруг. Па нямецкіх дадзеных, першы ўдар прывёў да знішчэння 890 савецкіх самалётаў (668 на зямлі і 222 ў паветраных баях). Дзеянні савецкай авіяцыі былі разрозненымі, хаця і вельмі актыўнымі. Да вечара 22 чэрвеня страты савецкай авіяцыі дасягнулі 1811 самалётаў (1489 знішчана на зямлі і 322 збіта ў паветраных баях).

Пасля пераходу мяжы ўдарныя групоўкі вермахта пачалі развіваць наступленне ў глыбіню савецкай тэрыторыі. На жаль, заспетыя знянацку, савецкія войскі не мелі магчымасці арганізавана ўступіць у бітву і не змаглі стварыць суцэльнага фронту абароны. Хоць некаторыя савецкія часткі змаглі часова спыніць прасоўванне ворага, агульнае становішча на фронце складалася на карысць вермахта, які захапіў стратэгічную ініцыятыву. Ужо да зыходу 22 чэрвеня германскія войскі прасунуліся ў Прыбалтыцы на 60-80 км, у Беларусі на 40-60 км, на Украіне на 10-20 км. Неарганізаванаму ўступленню савецкіх войскаў у бой спрыяла нечаканасць германскага ўварвання. Невыпадкова ў першыя гадзіны вайны Масква забараніла дзеянні ў адказ на наступленне ворага, і толькі пасля фармальнага аб'яўлення вайны Чырвоная Армія атрымала загад "дзейнічаць па-баявому", а ў 7.15 раніцы была выдадзена дырэктыва № 2, якая ставіла задачу выгнаць ворага з савецкай тэрыторыі. Як адзначала германскае камандаванне, толькі пасля 9 гадзін раніцы дзеянні савецкіх войскаў сталі насіць больш мэтанакіраваны характар.

На цэнтральным напрамку абарону трымалі 10, 3 і 4 арміі. У першы ж дзень вайны 4-я танкавая група Гоппнера прабіла фронт 3-й арміі і ў прарыў уварваўся корпус Манштэйна, да вечара 22 чэрвеня тры дывізіі Чырвонай Арміі былі рассеяны, а пяць іншых панеслі страты да 70% асабовага складу. 14-й мехкорпус у раёне Пружаны – Кобрын быў амаль цалкам знішчаны. Тут загінула каля 14 тыс. савецкіх салдатаў. У ноч з 22 на 23 чэрвеня камандуючы Заходнім фронтам генерал Дз. Паўлаў спрабаваў арганізаваць контрнаступленне, але гэта прывяло да велізарных страт жывой сілы і тэхнікі. 23 і 24 чэрвеня былі знішчаны 6-й і 11-й мехкарпус. Камандаванне фронтам распачало спрабавала затрымаць наступ немцаў у раёне Полацк – Віцебск, але безпаспяхова.

26 чэрвеня 1941 г. нямецкія механізаваныя часткі падышлі да Мінска, войскі 13-й арміі (камандуючы – П. Філатаў) ўтрымлівалі межы горада да 28 чэрвеня. Гераічна біліся войскі 100-й стралковай дывізіі генерал-маёра І.М. Русіянава ў раёне Астрашыцкага гарадка. Падчас гэтых баёў савецкімі абаронцамі ўпершыню былі выкарыстаны супраць нямецкіх танкаў бутэлькі з гаручай сумессю. Але гэта не дапамагло абараніць сталіцу Беларусі. Да вечара 28 чэрвеня нямецкія войскі занялі Мінск. Адыходзячы на ўсход, часткі Чырвонай Арміі вялі цяжкія абарончыя баі.

У сувязі з цяжкім палажэннем, якое склалася на Заходнім кірунку, савецкае камандаванне яшчэ 26 чэрвеня прыняло рашэнне перакінуць у Беларусь войскі 16-й і 19-й армій з Украіны, 70 дывізій з унутраных акруг і з іншых напрамкаў. Усе гэтыя меры патрабавалі часу, а пакуль ажыццяўлялася перадыслакацыя, асобныя савецкія часткі спрабавалі затрымаць прасоўванне германскіх танкавых частак да Дняпра. Да зыходу 9 ліпеня войскі групы армій "Цэнтр" выйшлі на лінію Полацак – Віцебск – Орша – Жлобін, прасунуўшыся на 450-600 км.

З ліпеня 1941 г. савецкае камандаванне зрабіла спробу стварыць новую лінію абароны ўздоўж Заходняй Дзвіны і Дняпра. Тры дні ішлі баі ў Барысаве, 14 ліпеня пад Оршай упершыню былі выкарыстаны рэактыўныя мінамёты “Кацюша” (камандзір батарэі – капітан І. А. Флёраў). Жорсткія баі разгарнуліся ў раёне Бабруйска. З 3 па 28 ліпеня працягвалася гераічная абарона Магілёва. Тут падчас 14-гадзіннага бою на Буйніцкім полі было знішчана 39 танкаў і бронетранспарцёраў ворага. Цяжкія баі 12 – 19 жніўня ішлі за Гомель. Акрамя частак Чырвонай Арміі, у абарону сваёй зямлі ад ворагаў актыўна пачало ўключацца і мясцовае насельніцтва. Для барацьбы з нямецкімі дыверсантамі і парашутыстамі ствараліся знішчальныя атрады. У сярэдзіне ліпеня налічвалася 78 знішчальных батальёнаў. Для дапамогі арміі было арганізавана больш за 200 фарміраванняў народнага апалчэння – туды добраахвотнікамі пайшлі больш за 33 тысяч чалавек.

Аднак два месяцы абарончых баёў не былі дарэмнымі. У гэты час праводзіліся эвакуацыйныя мерапрыемствы. З самага пачатку вайны перад рэспубліканскім партыйным кіраўніцтвам паўстала цяжкая задача – выратаваць насельніцтва, матэрыяльныя каштоўнасці, маёмасць прадпрыемстваў і арганізацый, якія маглі апынуцца ў руках ворага. Ужо 23 чэрвеня былі арганізаваны першыя эвакапункты ў Мінску і Оршы, затым яшчэ ў 24 населеных пунктах. 25 чэрвеня пад кіраўніцтвам Старшыні СНК БССР І. Былінскага была арганізавана Цэнтральная эвакуацыйная камісія БССР. Было эвакуіравана на ўсход 16435 дзяцей з 191 дзіцячай установы, піянерскіх лагераў, дзіцячых дамоў. Усяго з Беларусі ва ўсходнія раёны СССР было эвакуіравана больш 1,5 млн чалавек, вывезена абсталяванне 124 прадпрыемстваў, 5 тыс. трактароў, 674 тыс. галоў жывёлы. Беларускія чыгуначнікі выратавалі амаль увесь рухомы састаў чыгункі, яе кадры. Ва ўсходнія раёны краіны эвакуіраваны калектывы 60 навукова-даследчых інстытутаў і лабараторый, 6 тэатраў, больш 20 вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў.

Нечаканы для вышэйшага кіраўніцтва СССР пачатак вайны патрабаваў увядзення надзвычайных мабілізацыйных і палітычных мер. Была абвешчана мабілізацыя ваеннаабавязаных 1905 – 1918 гг. нараджэння, што дазволіла ў пачатковы перыяд вайны мабілізаваць у армію 5,3 млн. чалавек, з іх у чэрвені – жніўні было мабілізавана больш 500 тыс. жыхароў Беларусі. 23 чэрвеня была створана Стаўка Галоўнага Камандавання, 10 ліпеня 1941 года яна перайменавана ў Стаўку Вярхоўнага Галоўнакамандавання, узначаліў яе народны камісар абароны маршал С.К. Цімашэнка, а 30 чэрвеня створаны Дзяржаўны Камітэт Абароны (ДКА) – надзвычайны орган кіравання, які ўзначаліў І.В. Сталін.

16 ліпеня 1941 года ў Чырвонай Арміі быў адноўлены інстытут ваенных камісараў. На іх ускладаўся абавязак сачыць за палітычным выхаваннем байцоў, кантраляваць выкананне загадаў камандавання, “своечасова сігналізаваць наверх аб нявартых паводзінах камандзіраў”, аб настроях у войску.

Пачаўся пошук вінаватых у правалах і паражэннях. Было арыштавана і аддана пад суд камандаванне Заходняга фронту на чале з генералам Дз.Р. Паўлавым. У жніўні 1941 года быў падпісаны загад Стаўкі № 270, у якім шэраг генералаў і афіцэраў абвінавачваўся ў здрадзе. За адступленне без загада камандзірам пагражаў расстрэл. Сем'і трапіўшых у палон пазбаўляліся матэрыяльнай падтрымкі дзяржавы.

Чырвоная Армія, пачаўшы ў маі 1941 года стратэгічнае засяроджванне войск і разгортванне іх на заходнім тэатры ваенных дзеянняў, якое павінна было завяршыцца да 15 ліпеня, у чэрвені апынулася заспетай знянацку. Савецкія войскі не былі адмабілізаваныя, не мелі разгорнутых тылавых структур і толькі завяршалі стварэнне органаў кіравання. На фронце ад Балтыйскага мора да Карпат з 77 дывізій армій прыкрыцця Чырвонай Арміі ў першыя гадзіны вайны даць адпор ворагу маглі толькі 38 не цалкам адмабілізаваных дывізій, з якіх толькі некаторыя паспелі заняць абсталяваныя пазіцыі на мяжы. Астатнія войскі знаходзіліся альбо ў месцах сталай дыслакацыі, альбо ў лагерах, альбо на маршы. Калі ж улічыць, што сапернік адразу кінуў у наступ 103 дывізіі, то зразумела, што арганізаваны ўступ у бітву і стварэнне суцэльнага фронту Чырвонай Арміяй было вельмі абцяжарана. Апярэдзіўшы савецкія войскі ў стратэгічным' разгортванні, стварыўшы магутныя групоўкі на абраных кірунках галоўнага ўдару, германскае камандаванне стварыла ўмовы для захопу стратэгічнай ініцыятывы і паспяховага правядзення першых наступальных аперацый.

Падводзячы вынікі, неабходна адзначыць, што ў пачатку вайны нямецкія ўзброеныя сілы мелі якасную перавагу. Да лета 1941 г. вермахт быў наймоцным войскам міру, што рабіла яго вельмі сур’ёзным сапернікам. Тым не менш колькасныя суадносіны сіл павінны былі дазволіць Чырвонай Арміі паспяхова процістаяць ворагу. Аднак гэтага не адбылося і тут на першы план выходзіць пытанне аб выкарыстанні наяўных сіл, аб уменні імі правільна распарадзіцца. Менавіта гэтага ўмення і не хапіла савецкаму ваенна-палітычнаму кіраўніцтву, што і прывяло да такога трагічнага пачатку вайны. Адсутнасць у савецкага камандавання выразнай стратэгіі абарончай вайны, дактрына, паводле якой салдат вучылі ваяваць “малай крывёй і на тэрыторыі ворага”, недахопы ў баявой вывучцы войскаў сталі галоўнымі прычынамі, якія прадвызначылі паражэнне Чырвонй Арміі ў пачатку вайны. Гераізм асабовага складу савецкай арміі не мог замяніць выразную і прадуманую сістэму абароны і кіраўніцтва войскамі. Выпраўляць сітуацыю прыйшлося ўжо падчас вайны, і гэтая "навука" савецкіх генералаў воінскаму ўменню каштавала велізарных страт.

Нельга зняць віну і з І. Сталіна і яго генералітэта за тое, што яны не змаглі прадвызначыць галоўны кірунак нямецкага наступлення, чакалі нападу на поўдні, на тэрыторыі Украіны, дзе і сканцэнтравалі іоцную групоўку савецкіх войск.

Усе гэтыя прычыны ў комплексе прывялі да таго, што летам 1941 года Чырвоная Армія не змагла ўтрымаць германскія войскі, і тэрыторыя Беларусі апынулася пад акупацыяй.

44. Акупацыйны рэжым нацыстаў на тэрыторыі Беларусі

Акупацыйны рэжым. Партызанскі і падпольны рух

Згодна з нямецкім генеральным планам “Ост” землі Беларусі і прылеглых тэрыторый павінны быць каланізаваны і ў перспектыве ўвайсці ў тэрыторыю Германіі з карэнным насельніцтвам. Дла гэтага 25 % беларусаў, якіх акупанты лічылі блізкімі да арыйскай расы, планавалася анямечыць, астатніх выселіць або знішчыць. Быў уведзены новы адміністратыўны падзел, парушаўшы тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі. Паўднёвыя яе землі адыходзілі да рэйхскамісарыята “Ўкраіна”, заходняя частка Беларусі ўвайшла ў склад усходняй Прусіі, Віцебская, Магілёўская, амаль уся Гомельская і некаторыя раёны Мінскай і Палескай абласцей уключаліся ў зону так званай “вобласці армейскага тылу” групы армій “Цэнтр”, цэнтральная ж частка рэспублікі, уключаючая 77 раёнаў, была аднесена да генеральнай акругі “Беларусь” рэйхскамісарыята “Остланд”. Вышэйшым органам кіравання на тэрыторыі Беларусі з’яўляўся Генеральны камісарыят, які ўзначальвалі спачатку В. Кубэ, затым К. Готберг. Адміністратыўны апарат ў асноўным складаўся з нямецкіх служачых. У якасці дапаможных мясцовых устаноў акупанты стварылі гарадскія і райнныя ўправы на чале з начальнікамі раёнаў або бургамістрамі гарадоў. На месцах ствараліся воласці на чале з старшынямі, ў вёсках прызначаліся старасты. Работу мясцовых грамадзянскіх органаў улады кантралявалі шэфы – “камісары”, “каменданты”, “зондэрфюрэры” і інш. У кіраўніцтве захопленымі тэрыторыямі акупанты абапіраліся на рэпрэсіўны апарат: пяць ахоўных дывізій, якія дыслацыраваліся на тэрыторыі Беларусі, асобныя карныя так званыя нацыянальныя батальёны, спецыяльныя падраздзяленні – айнзатцкаманды і зондэркаманды, СС, гестапа, а таксама на паліцэйскія фарміраванні. Гітлераўцы таксама імкнуліся выкарыстаць у сваіх мэтах людзей, якія былі нездаволены савецкай уладай або эмігрантаў, якія знаходзіліся да яе ў апазіцыі. Людзей, якія супрацоўнічалі з акупантамі, пазней сталі называць калабарантамі. З ліку гэтых калабарантаў акупанты стваралі нацыяналістычныя арганізацыі: Беларуская народная самапомач (БНС), саюз беларускай моладзі (СБМ), раду даверу, якая затым у 1943 г. была пераўтворана ў Беларускую Цэнтральную раду, Беларуская краёвая абарона (БКА), але ў іх склад была ўцягнута нязначная частка насельніцтва. Стрыжнем акупацыйнага рэжыму стала палітыка генацыда. На Беларусі было створана 260 канцэнтрацыйных лагераў, дзе загінулі 1,4 млн. чал. Толькі ў канцлагеры Трасцянец каля Мінска было знішчана 206 тыс. вязняў. Існавала больш за 100 гета. Адным з найбольш буйных гета знаходзілася ў г. Мінску, там загінула каля 100 тыс. яўрэяў, а ўсяго ў Беларусі гітлераўцы растралялі больш за 700 тыс. беларускіх яўрэяў. Пад выглядам барацьбы з партызанамі фашысты ажыццявілі за гады вайны 140 карных аперацый, у асноўным супраць мірнага насельніцтва. Былі спалены разам з жыхарамі 628 вёсак, а ўсяго за гады акупацыі гітлераўцы знішчылі ў Беларусі больш з 2,2 млн. савецкіх грамадзян і ваеннапалонных.Каля 400 тыс. чалавек, пераважна беларускай моладзі, былі адпраўлены на прымусовую работу ў Германію, трэцяя частка з іх там і загінула. Акупанты пачалі прамое рабаванне захопленых тэрыторый. У Германію было вывезена больш за 90% станочнага і тэхнічнага абсталявання, каля 22 тыс. аўтамашын, трактараў, камбайнаў, вялікая колькасць лесу, жывёлы, прадуктаў харчавання. На астаўшыхся прамысловых прадпрыемствах быў устаноўлены 10-12-гадзінны рабочы дзень у спалучэнні з мізэрным заробкам. За правіннасці, сабатаж адміністрацыя мела права адпраўляць рабочых у канцлагеры. У сельскай мясцовасці гітлераўцы спачатку захавалі калгасы, толькі ўвялі ў іх прымусовую працу. Пазней яны былі перайменованы ў “абшчынныя гаспадаркі”, а з чэрвеня 1943 г акупанты пачалі перадаваць зямлю ў прыватную ўласнасць, але ўвялі нормы абавязковых паставак, якія дасягалі да паловы вырашчанага ўраджаю.

45. Развіццё партызанскага руху і падполля ў Беларусі у гады Вялікай Айчыннай вайны

Ужо з канца чэрвеня 1941 г. на акупіраванай гітлераўцамі тэрыторыі Беларусі пачаўся разгортвацца партызанскі рух. Першыя атрады былі створаны на Палессі. Да канца 1941 г. на Беларусі ужо дзейнічалі каля 500 партызанскіх атрадаў і груп, а колькасцьпартызан дасягнула 12 тыс. чалавек. Пасля разгрому нямецкіх войск пад Масквой партызанскі рух яшчэ больш пашырыўся, набыў арганізаваны характар. У маі 1942 г. быў створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху на чале з першым сакратаром ЦК КП (б)Б П. Панамарэнка, у верасні гэтага ж года – Беларускі штаб партызанскага руху, які ўзначаліў другі сакратар ЦК КП(б)Б П.З.Калінін. У гэты час на базе партызанскіх атрадаў пачалі стварацца брыгады і злучэнні, партызанскія зоны. У 1943 г. партызаны, колькасць якіх дасягнула больш за 120 тыс. чалавек, кантралявалі ўжо да 60% тэрыторыі Беларусі. Да 1944 г. на тэрыторыі Беларусі ўжо дзейнічалі 370 тыс. партызан, якія аб’ядноўваліся ў 1255 атрадаў і 213 брыгад. Яны рабілі засады, ўзрывалі масты, наносілі значны ўрон акупантам. За тры гады барацьбы ў тыле ворага партызаны знішчылі каля паўмільёна гітлераўцаў, пусцілі пад адхон 11150 эшалонаў, разграмілі 948 гарнізонаў, ўзарвалі каля 5 з паловай тысяч мастоў, знішчылі каля 20 тыс. аўтамашын, 305 самалётаў, падбілі або ўзарвалі 1355 танкаў і бронемашын. Найбольш буйнымі па маштабнасці і эфектыўнасці былі тры этапы “рэйкавай вайны”. У час першага этапа, які працягваўся з жніўня да верасня 1943 г, партызаны пусцілі пад адхон 836 варожых эшалонаў, узарвалі 184 чыгуначных масты, пашкодзілі сотні кіламетраў чыгуначнага палатна. У выніку другога этапа, які атрымаў назву “канцэрт” і працягваўся з верасня да лістапада 1943 г., было ўзарвана 90 тыс. чыгуначных рэек, 1041 эшалон, 72 чыгуначных масты. Трэці этап пачаўся 20 чэрвеня 1944 г., напярэдадні аперацыі “Баграціён”. У выніку яго былі паралізаваны важнейшыя чыгуначныя магістралі на тэрыторыі Беларусі, што аблегчыла савецкім войскам вызваленне рэспублікі ад акупантаў. Каля 70 тысяч членаў налічвалі падпольныя арганізацыі, што дзейнічалі на тэрыторыі рэспублікі. Найбольшай эфектыўнасцю дзеянняў вызначыліся падпольшчыкі Мінска, Оршы, Асіповіч і іншых гарадоў Беларусі. Акрамя дыверсій, знішчэння жывой сілы і тэхнікі, партызаны і падпольшчыкі аказвалі вялікую дапамогу савецкаму камандаванню ў зборы разведвальнай інфармацыі, праводзілі агітацыйную работу сярод насельніцтва. Кіравалі партызанскім і падпольным рухам на Беларусі падпольныя абкамы і райкамы партыі, абкамы і райкамы камсамола.

Адным з першых на тэрыторыі Беларусі пачаў дзейнічаць Пінскі партызанскі атрад пад кіраўніцтвам У.3. Каржа. На тэрыторыі Кастрычніцкага раёна Палескай вобласці дзейнічаў атрад «Чырвоны Кастрычнік», якім кіравалі Ц. Бумажкоў і Ф. Паўлоўскі. Ужо 6 жніўня 1941 года ім былі прысвоены званні Герояў Савецкага Саюза – першым сярод партызан! На тэрыторыі Суражскага раёна Віцебскай вобласці ў першыя тыдні вайны пачаў дзейнічаць партызанскі атрад, створаны М. Шмыровым.

Усяго ў ліпені – кастрычніку 1941 года на тэрыторыі Беларусі было створана звыш 430 атрадаў колькасцю каля 8300 чалавек. У цэлым, у СССР да канца 1941 года дзейнічалі каля 2000 партызанскіх атрадаў і груп. Аднак значная частка гэтых партызанскіх фарміраванняў была нежыццяздольнай, яны альбо былі знішчаныя, альбо распаліся да зімы 1941/42 г. Так, на тэрыторыі БССР у канцы 1941 г. дзейнічалі толькі 99 атрадаў.

У пачатковы перыяд вайны партызанскія групы складаліся ў асноўным з камуністаў і камсамольцаў, партыйных дзеячаў, наўмысна пакінутых для арганізацыі барацьбы, а таксама з чырвонаармейцаў, якія апынуліся ў акружэнні. Невялікую частку складалі атрады супрацоўнікаў НКУС і НКДБ (у Беларусі было 14 такіх атрадаў, якія налічвалі 1162 чалавека). Барацьба партызан да вясны 1942 года насіла абасоблены характар, кожная група дзейнічала на свой страх і рызыку. Практычна адсутнічалі сродкі сувязі, не хапала ўзрыўчаткі, узбраення і медыкаментаў, самых неабходных рэчаў. У такіх умовах складана было праводзіць шырокамаштабныя аперацыі, таму партызанам прыходзілася здавольвацца невялікімі дыверсіямі. Яны паступова набывалі вопыт партызанскай барацьбы, наладжвалі сувязі паміж сабой і з насельніцтвам.

Вясной 1942 года сітуацыя стала змяняцца. Нямецкія войскі атрымалі жорсткі адпор пад Масквой, Чырвоная Армія нават паспрабавала перайсці ў контрнаступленне. На акупіраваных тэрыторыях ужо ва ўсёй «прыгажосці» выявіўся нацысцкі рэжым тэрору, рабавання і гвалту. Пачынаўся прымусовы вываз насельніцтва ў Германію. Усё гэта прывяло да масавага прытоку мясцовых жыхароў у партызанскія атрады. Толькі ў Беларусі да жніўня 1942 года яны папоўніліся 23 тысячамі новых байцоў. Да пачатку 1943 года ў шэрагах беларускіх партызан налічвалася каля 56 тыс. чалавек. Адыходзілі ў партызаны не толькі асобныя грамадзяне, але і цэлыя вёскі, як гэта было, напрыклад, у вёсках Міхедавічы Петрыкаўскага раёна, Калінаўка і Кузьмічы Любанскага раёна і інш.

Узмацнілася і ўвага вышэйшага кіраўніцтва СССР да партызанскага і падпольнага руху. Для аказання дапамогі і падрыхтоўкі спецыялістаў у савецкім тыле былі створаны спецшколы: тры ў Маскве ў студзені 1942 года, «Асобы беларускі збор» у г. Мураме ў красавіку гэтага жа года (там было падрыхтавана да верасня 1942 года 15 атрадаў і каля 100 арганізацыйных груп колькасцю 2378 чалавек), Беларуская школа падрыхтоўкі партызанскіх кадраў – у снежні 1942 года (да восені 1943 г. у ёй было падрыхтавана 940 спецыялістаў). Усяго ж за гады вайны ў рознага рода навучальных цэнтрах было падрыхтавана 529 арганізатараў падполля, 265 чалавек каманднага складу, 1146 інструктараў мінна-падрыўной справы, каля 15 тыс. падрыўнікоў, 457 радыстаў, 252 разведчыка, 52 паліграфіста, 12 рэдактараў газет, 23 хімінструктараў, 11 вадалазаў.

Велізарнае значэнне для кансалідацыі і ўзмацнення партызанскага руху мела стварэнне кіруючага цэнтра. 30 мая 1942 года па ўказанню Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання быў арганізаваны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР). Яго ўзначаліў першы сакратар Кампартыі Беларусі П.К. Панамарэнка. 9 верасня 1942 года ствараецца Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР) пад кіраўніцтвам другога сакратара ЦК КП(б)Б П. Калініна. У верасні 1942 года І. Сталін выдаў загад «Аб задачах партызанскага руху», дзе давалася ўказанне аб актывізацыі дзейнасці патрыётаў на акупіраваных тэрыторыях і аб неабходнасці іх цеснай

У 1943 г. ў сувязі з разгромам германскіх войск пад Сталінградам і на Курскай дузе і з прычыны карэннага пералому ў вайне партызанская барацьба яшчэ больш пашыраецца. Да канца 1943 г. ў беларускіх атрадах народных мсціўцаў налічвалася каля 212 тыс. чал. Невялікія калісьці атрады пераўтварыліся ў сапраўдныя ваенныя часткі – палкі, брыгады і злучэнні. Ўсяго за гады вайны ў Беларусі дзейнічала 199 брыгад і 14 палкоў. Камандзірам партызанскіх атрадаў прысвойваліся воінскія званні ад лейтэнантаў да палкоўнікаў, а 10 чалавек атрымалі званні генерал-маёраў.

За кожным атрадам была замацавана зона баявых дзеянняў. У шматлікіх раёнах акупанты былі цалкам выцеснены і там была адноўлена савецкая ўлада. Такія рэгіёны называліся партызанскімі зонамі. Да канца 1943 года пад кантролем партызан знаходзілася больш 60% тэрыторыі Беларусі плошчай 108 тыс. кв. км., а на ўсёй акупіраванай тэрыторыі СССР пад партызанскай уладай апынулася больш за 200 тыс. кв. км. Немцы адчувалі сябе ў адноснай бяспецы толькі ў буйных гарадах з моцнымі гарнізонамі. У тыле ворага партызаны здзяйснялі перыядычныя рэйды, што мела не толькі ваеннае, але і велізарнае прапагандысцкае значэнне.

З ваеннага пункта погляду найбольшае значэнне мела правядзенне партызанамі так званай «рэйкавай вайны» – маштабнай аперацыі па парушэнню камунікацый ворага ў перыяд буйных ваенных акцый Чырвонай Арміі. Першы этап «рэйкавай вайны» праходзіў з 3 жніўня па 15 верасня 1943 года і быў прымеркаваны да Курскай бітвы, другі («Канцэрт») – з 19 верасня па 1 лістапада 1943 года і супаў з наступленнем савецкіх войск і бітвай за Днепр, трэці пачаўся ў чэрвені 1944 года, у перыяд аперацыі «Баграціён». Патрыёты, акрамя разбурэння чыгуначных пуцей, пусцілі пад адхон 2171 цягнік, 6 бронецягнікоў, знішчылі 295 чыгуначных мастоў.

Акрамя партызанскага руху, істотную ролю ў барацьбе з нацыстамі на акупіраваных тэрыторыях адыграла савецкае падполле. Спецыфіка падпольнага руху праяўлялася ў тым, што патрыётам прыходзілася дзейнічаць ва ўмовах вялікай канспірацыі і пад пастаяннай пагрозай быць схопленымі ворагам. У сілу гэтага галоўнымі мэтамі, якія ставіліся перад падполлем, быў збор разведдадзеных і перадача іх у цэнтр, правядзенне дыверсій, арганізацыя сабатажу, вядзенне актыўнай прапаганды з мэтай разлажэння нямецкіх і калабарацыйных частак і падтрымкі баявога духу ў насельніцтва.

Сетка падпольных структур стала ўзнікаць у гарадах і сёлах з першых дзён акупацыі. Яе асновай спачатку быў партыйны і савецкі актыў, пакінуты для гэтых мэтаў. У наступным падполле пашыралася, да яго далучаліся мясцовыя жыхары. Аднак часта падпольныя групы дзейнічалі паасобку, не маючы сувязяў з іншымі патрыятычнымі арганізацыямі, што вяло да паніжэння маштабаў і эфектыўнасці іх дзейнасці.

Адным з найбольш масавых стала Мінскае падполле, у яго дзейнасці за перыяд вайны прыняло ўдзел больш за 9 тыс. чалавек: камуністы, партыйныя работнікі, выкладчыкі ВНУ, лекары, вайскоўцы, працоўныя мінскіх прадпрыемстваў. Ужо да канца 1941 года ў Мінску і наваколлі дзейнічала 50 не звязаных паміж сабой груп колькасцю да 2 тыс. членаў. У лістападзе 1941 года для каардынацыі і аб’яднання іх дзеянняў ствараецца агульнагарадскі кіруючы партыйны цэнтр, на чале якога сталі І. Кавалёў, І. Казінец, У. Жудро, З. Заяц, У. Нічыпараў, Г. Сямёнаў. Мінскае падполле вяло актыўную разведвальна-дыверсійную дзейнасць, членамі арганізацыі было здзейснена звыш 1500 дыверсій. Вялікае значэнне мела знішчэнне фашысцкага кіраўнічага апарата і калабарацыйнага актыву, у тым ліку найболей вядомыя акцыі: забойства патрыёткамі Восіпавай, Мазанік і Траян у верасні 1943 года генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ, знішчэнне рэдактара калабарацыйнай газеты Казлоўскага і шэраг іншых. Важным з’яўлялася і вядзенне агітацыйна-прапагандысцкай дзейнасці, выданне ў акупіраваным Мінску газеты «Звязда», распаўсюджванне лістовак і зводак Саўінфармбюро.

На жаль, адсутнасць вопыту падпольнай барацьбы і канспірацыі прыводзіла да частых правалаў. Мінскае падполле тройчы падвяргалася жорсткаму разгрому з боку акупантаў: увосень 1941 года, вясной і восенню 1942 года. Толькі ў сакавіку 1942 года былі арыштаваны 404 члена падполля, 28 з іх былі пасля жорсткіх катаванняў павешаны, 251 расстраляны. Германскай разведцы ўдалося на доўгія гады запляміць і зганьбіць імя аднаго з першых кіраўнікоў Мінскага падполля І. Кавалёва. Толькі ў апошнія гады даследчыкам удалося зняць з яго абвінавачванні ў здрадзе.

У той жа час на ўсходзе рэспублікі дзейнасць падпольшчыкаў набыла значные маштабы. У Віцебскай вобласці дзейнічала звыш 200 арганізацый і груп, у тым ліку найбольш вядомая – група К. Заслонава на чыгуначным вузле ў Оршы, якая толькі з снежня 1941 года па люты 1942 года падарвала 6 эшалонаў, 170 паравозаў, некалькі складаў з боепрыпасамі, знішчыла больш 400 немцаў. Падпольшчыкі выкарыстоўвалі міны, замаскіраваныя пад вугальныя брыкеты. У наступным на базе гэтай групы быў створаны партызанскі атрад. У г. п. Обаль дзейнічала група пад кіраўніцтвам Е. Зеньковай і 3. Партновай. У Віцебску арганізацыяй барацьбы супраць акупантаў займалася В. Харужая, схопленая затым нацыстамі і пасля катаванняў па-зверску забітая імі. Пасмяротна В.З. Харужай прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

На станцыі Асіповічы падпольшчыку Ф. Крыловічу ўдалося ажыццявіць найбуйнейшую дыверсію другой сусветнай вайны. У ноч з 29 на 30 ліпеня 1943 года з дапамогай усяго двух магнітных мін было знішчана 4 эшалона з гаручым (31 цыстэрна), боепрыпасамі (63 вагоны) і найноўшымі нямецкімі танкамі «Тыгр». Пажар на станцыі доўжыўся 10 гадзін, аб гэтай дыверсіі давялі да ведама асабіста Гітлера.

Усяго жа на тэрыторыі Беларусі ў сетцы падполля знаходзілася больш 70 тыс. чалавек, а ў цэлым па СССР – 220 тыс. Іх уклад у перамогу над нацызмам цяжка пераацаніць.

Акрамя савецкіх партызан, на тэрыторыі БССР, акупіраванай немцамі, разгарнулі дзейнасць фарміраванні польскай Арміі Краёвай і украінскай арганізацыі АУН-УПА (Арганізацыя украінскіх нацыяналістаў – Украінская паўстанцкая армія).

Армія Краёва была створана 14 лютага 1942 года на базе Саюза ўзброенай барацьбы, што дзейнічаў са студзеня 1940 года. Гэтая арганізацыя падпарадкоўвалася польскаму эмігранцкаму ўраду Сікорскага ў Лондане. Да лета 1941 года польскія атрады прытрымліваліся стратэгіі «двух ворагаў» і адначасова вялі барацьбу як з Германіяй, так і з Савецкім Саюзам, спрабуючы сарваць у Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне мерапрыемствы новай улады. У 1939 – 1940 гг. органы НКУС і НКДБ раскрылі дзейнасць 109 польскіх падпольных груп і выслалі з Заходняй Беларусі каля 120 тыс. жыхароў па падазрэнню ў сувязях з імі.

Аднак пасля нападу Германіі на СССР сітуацыя змянілася і 14 жніўня 1941 года была падпісана савецка-польская ваенная дамова аб сумесных дзеяннях супраць немцаў. Армія Краёва была строга заканспірыраванай арганізацыяй, якая складалася выключна з палякаў. У цэлым яна налічвала каля 250 – 300 тыс. чалавек. У Беларусі да 1944 года яе атрады дзейнічалі на Навагрудчыне (23 тыс.), у Віленскай акрузе (9 тыс.), Палескай акрузе (4 тыс.), а таксама на Валыні, куды адносіўся раён Брэста.

Палякі спрабавалі заняць пасты ў мясцовай адміністрацыі і паліцыі, ішлі на супрацоўніцтва з немцамі, выцясняючы пры гэтым беларускіх нацыянальных дзеячаў. Беларускае насельніцтва не падтрымлівала акаўцаў, бо тыя часта звярталіся да тэрору супраць беларусаў, амаль не аказваючы супраціву немцам.

Афіцыйна Армія Краёва была распушчана 19 студзеня 1945 года, аднак яе асобныя фарміраванні працягвалі сваю дыверсійную дзейнасць на тэрыторыі СССР да 1953 г.

У Беларусі складаны вузел супярэчнасцяў завязаўся на Палессі, перададзеным у склад рэйхскамісарыята «Украіна». Тут адначасова дзейнічалі і ўкраінскія нацыяналісты, і Армія Краёва, і савецкія партызаны. Як і Армія Краёва, аунаўцы ажыццяўлялі тэрор супраць мірнага беларускага насельніцтва. Ён не скончыўся і пасля вызвалення Беларусі ад акупантаў. У 1944 – 1946 гг. украінскія нацыяналісты ажыццявілі ў Беларусі 2384 дыверсіі і тэрактаў, забілі 1012 чалавек. Толькі ў 1946 годзе органы НКУС ліквідзіравалі апошнія банды.

Такім чынам, барацьба з нацызмам, якая з першых дзён вайны разгарнулася на тэрыторыі СССР і Беларусі, з'яўлялася складанай з’явай. Аднак патрыятычныя сілы атрымалі пераканаўчую перамогу.

46. Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Заканчэнне Вялікай Айчыннай вайны






ТОП 5 статей:
Экономическая сущность инвестиций - Экономическая сущность инвестиций – долгосрочные вложения экономических ресурсов сроком более 1 года для получения прибыли путем...
Тема: Федеральный закон от 26.07.2006 N 135-ФЗ - На основании изучения ФЗ № 135, дайте максимально короткое определение следующих понятий с указанием статей и пунктов закона...
Сущность, функции и виды управления в телекоммуникациях - Цели достигаются с помощью различных принципов, функций и методов социально-экономического менеджмента...
Схема построения базисных индексов - Индекс (лат. INDEX – указатель, показатель) - относительная величина, показывающая, во сколько раз уровень изучаемого явления...
Тема 11. Международное космическое право - Правовой режим космического пространства и небесных тел. Принципы деятельности государств по исследованию...



©2015- 2024 pdnr.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.