Обратная связь
|
Першы Усебеларускі з’езд. Абвяшчэнне і дзейнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Першы ўсебеларускі з’езд і абвяшчэнне Беларускай народнай рэспублікі
Пасля перамогі кастрычніцкай рэвалюцыі Вялікая беларуская рада адхіліла прапанову Аблвыканкамзаха аб сумесным кіраванні Беларуссю і разам з Беларускім абласным камітэтам (БАК), які быў утвораны на Ўсерасійскім сялянскім з’ездзе, пачалі рыхтаваць з’езд для рашэння пытання аб будучым дзяржаўным будаўніцтве і органах улады. Афіцыйна ўсебеларускі кангрэс, на які былі запрошаны 1872 дэлегаты, пачаў працаваць 14 снежня 1917 г. На ім выявіліся тры плыні: незалежнікі (ў асноўным прадстаўнікі ВБР, ЦБВР) выступалі за незалежнасць Беларусі, цэнтр – галоўным чынам дэлегататы ад БАКа, члены БСГ, эсеры – выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе Расійскай федэрацыі, і так званыя асімілятары, якія лічылі найбольш мэтазгодным захаваць існуючае палажэнне Паўночна-Заходняга краю. Дэлегаты выбралі прэзідыум, утварылі раду з’езда, 15 снежня прынялі парадак дня і пасля абмеркавання яго на секцыях вечарам 16 снежня сабраліся на плянарнае паседжанне. З’езд прызнаў цэнтральную ўладу ў Расіі, выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе Расійскай федэрацыі, але не прызнаў мясцовую ўладу Аблвыканкамазаха і пастанавіў “вылучыць са свайго складу орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, якому ўручыць кіраванне Беларуссю аж да склікання Беларускага ўстаноўчага сходу”.
У адказ у ноч з 17 на 18 снежня Аблвыканкамзах распусціў з’езд. На падпольным паседжанні 18 снежня рада з’езда абявіла сябе пастаянна дзейнічаючым органам мясцовай улады - Саветам з’езда, выбрала выканкам Савета і прыняла рашэнне аб скліканні П усебеларускага кангрэса. У студзені 1918 г. Ш Усерасійскі з’езд рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў ухваліў дзеянні Аблвыкакамзаха і СНК Заходняй вобласці, расцаніўшы ўсебеларускі кангрэс як з’езд буржуазных нацыяналістаў, памешчыкаў, якія хацелі рэстаўрыраваць старую ўладу. У гэты час у снежні 1917 – студзені 1918 гг. у Брэсце праходзілі перагаворы аб міры паміж Германіяй і Савецкай Расіяй. Савецкі бок не згадзіўся з цяжкімі ўмовамі міру, прапанаванымі Германіяй, і немцы 18 лютага пачалі наступленне. Дзейнічаючы сумесна з часцямі польскага корпуса Доўбар-Мусніцкага, яны хутка падыйшлі да Мінска. 19 лютага савецкія органы ўлады эвакуіраваліся ў Смаленск і ў гэтых умовах выканкам з’езда аб’явіў сябе мясцовай ўладай. 21 лютага ён прыняў першую статутную грамату і сфарміраваў урад – Народны сакратарыят, але беларускую дзяржаўнасць не абвясціў.
9 сакавіка выйшла 2-я статутная грамата, у якой абвяшчалася Беларуская народная рэспубліка ў этнаграфічных межах рассялення беларусаў. Вызначаліся заканадаўчы орган БНР – Рада і выканаўчы – Народны сакратарыят. Абвяшчалася аб скасаванні прыватнай уласнасці на зямлю, увядзенні васьмігадзіннага рабочага дня. 25 сакавіка была прынята 3-я статутная грамата, у якой дэкларыравалася незалежнасць Беларусі. Беларуская народная рэспубліка абвяшчалася ўжо пасля таго, як па ўмовах Брэсцкага міру паміж Германіяй і Расіяй ад 3 сакавіка 1918 г. 85% Беларусі адыходзілі да Германіі, другімі словамі, у умовах нямецкай акупацыі. Таму абвяшчэнне дяржаўнасці і тым больш яе незалежнасці насіла дэкларатыўны характар, паколькі рэальная ўлада належала нямецкаму камандаванню.
Другая Устаўная грамата змяшчала 8 пунктаў наступнага зместу.
1) Беларусь у рубяжах рассялення і колькаснай перавагі беларускага народу абвяшчаецца Народнай Рэспублікай.
2) Асноўныя законы Беларускай Народнай Рэспублікі зацвердзіць Устаноўчы сойм Беларусі, скліканы на асновах агульнага, роўнага, простага, патаемнага і прапарцыянальнага выбарчага права, не зважаючы на род, народнасць, рэлігію.
3) Да часу, пакуль збярэцца Устаноўчы сойм Беларусі, заканадаўчая ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Радзе Усебеларускага з’езда, дапоўненай прадстаўнікамі нацыянальных меншасцяў Беларусі.
4) Выканаўчая і адміністрацыйная ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Народнаму Сакратарыяту Беларусі, які прызначаецца Радай з’езда і перад ёй трымае адказ.
5) У рубяжах Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчаецца свабода слова, друку, сходаў, забастовак, бязумоўная вольнасць сумлення, незачэпнасць асобы і памяшкання.
6) У рубяжах Беларускай Народнай Рэспублікі ўсе народы маюць права на нацыянальна-персанальную аўтаномію, абвяшчаецца роўнае права ўсіх моў на Беларусі.
7) У рубяжах Беларускай Народнай Рэспублікі права прыватнай уласнасці на зямлю скасоўваецца. Зямля перадаецца без выкупу тым, хто сам на ёй працуе. Лясы, азёры і нетры зямлі абвяшчаюцца ўласнасцю Беларускай Народнай Рэспублікі.
8) У рубяжах БНР ўстанаўліваецца найбольшы 8-гадзінны рабочы дзень.
Т. ч., у другой Устаўной Грамаце быў сфармуляваны ідэал бел. дзяржаўнасці. Беларусь бачылася дэмакратычнай прававой рэспублікай з шырокім спектрам правоў і свабод яе грамадзян.
Аднак, нягледзячы на ў цэлым прагрэсіўны характар, другая Устаўная Грамата была ўсё ж такі кампрамісным дакументам. Беларусь абвяшчалася Народнай Рэспублікай, але нічога не было сказана пра суверэннасць БНР, яе тэрыторыю і адносіны да суседніх дзяржаў.
18 сакавіка 1918 года ў склад Рады БНР былі кааптаваны 6 членаў Віленскай Беларускай Рады, што ўмацавала незалежніцкую плынь. Незалежніцкія настроі ўзмацніліся і тым, што Германія адмовілася прызнаць Устаўную Грамату 9 сакавіка 1918 года і па-ранейшаму разглядала Беларусь як акупіраваную частку Расіі.
У гэтых умовах 25 сакавіка 1918 года Рада БНР прымае трэцюю Устаўную Грамату, якая абвясціла Беларускую Народную Рэспубліку “незалежнаю і вольнаю дзяржаваю”, у якой “самі народы Беларусі ў асобе Устаноўчага Сойму пастановяць аб будучых дзяржаўных сувязях Беларусі”.
Рада БНР таксама аб’явіла аб сваіх намерах перагледзіць умовы Брэсцкага мірнага дагавора ў дачыненні да Беларусі.
Трэцяя Устаўная Грамата вызначыла тэрыторыю абвешчанай незалежнай БНР – усе землі, дзе “жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ” – і ўдакладніла: Магілёўшчыну, беларускія часткі Міншчыны, Гродзеншчыну, Віленшчыну, Смаленшчыну, Чарнігаўшчыну і сумежныя часткі губерняў, заселеныя беларусамі.
У заключэнні трэцяй Устаўной Граматы падцвярджаліся ўсе правы і вольнасці грамадзян БНР, абвешчаныя 9 сакавіка 1918 года, і выказвалася надзея, “што ўсе любячыя волю народы дапамогуць беларускаму народу ў поўнай меры здзейсніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы”.
У абвяшчэнні незалежнасці БНР не было нічога дзіўнага. Поспех вызваленчага руху звычайна завяршаецца і замацоўваецца стварэннем нацыянальнай дзяржавы. Але своеасаблівасць сітуацыі, яе парадаксальнасць заключалася ў тым, што суверэнная БНР была аб’яўлена на тэрыторыі, дзе ўся ўлада належыла нямецкай акупацыйнай адміністрацыі. Магчымасць рэалізацыі абвешчаных нацыянальна-дзяржаўных ідэалаў супярэчыла палітыцы кайзераўскай Германіі ў беларускім пытанні.
20 красавіка 1918 года Рада БНР прымае “Часовы наказ мясцовым беларускім радам”. У Наказе змяшчаліся асноўныя палажэнні, якія тычыліся арганізацыі “палітычных устаноў Беларускай дзяржавы” – сельскіх, валасных, павятовых, местачковых, гарадскіх і губернскіх рад. Шырыня паўнамоцтваў мясцовых рад у значнай меры залежыла ад пазіцыі акупацыйных улад.
У кастрычніку 1918 года Рада зацвердзіла “Статут Беларускае Народнае Рэспублікі”. Згодна з ім урачыста абвяшчалася, што вярхоўная ўлада ў Беларусі належыць беларускаму і іншым народам, якія насяляюць тэрыторыю рэспублікі. Вярхоўная заканадаўчая ўлада здзяйснялася Соймам, абраным на аснове ўсеагульнага, роўнага, тайнага, простага і прапарцыянальнага выбарчага права. Да выбараў Сойму заканадаўчая ўлада павінна належыць Радзе БНР, а вышэйшая выканаўчая ўлада – Народнаму Сакратарыяту.
11 кастрычніка 1918 года Народны Сакратарыят быў перайменаваны ў Раду Народных Міністраў. Яе ўзначаліў Антон Луцкевіч.
Увогуле, поспехі Рады БНР у галіне дзяржаўнага будаўніцтва былі нязначнымі. Таму былі аб’ектыўныя прычыны, таму што Германія падтрымлівала толькі тое, што не закранала яе ўласных інтарэсаў. Яна зрабіла ўсё для таго, каб урад БНР не стварыў нацыянальных узброеных сіл і паліцыю.
Пэўных поспехаў БНР дасягнула толькі ў развіцці асветы і культуры. Паводле розных падлікаў, працавалі ад 150 да 350 беларускіх школ. Падрыхтоўка настаўнікаў вялася ў Свіслачскай гімназіі і Мінскім педінстытуце. У красавіку 1918 года была заснавана Мінская вышэйшая музычная школа, якая неўзабаве пераўтварылася ў Беларускую кансерваторыю. У красавіку 1918 года была створана падрыхтоўчая камісія для адкрыцця Беларускага універсітэта ў Мінску, у якую ўвайшлі М. Доўнар-Запольскі, Я. Карскі і інш. Па ініцыятыве І. Луцкевіча ў 1918 годзе пачала дзейнічаць першая беларуская навуковая ўстанова – Беларускае навуковае таварыства. Выдаваліся беларускія кнігі, часопісы і газеты.
Сярод дзеячаў БНР не было адзінай думкі наконт беларуска-расійскіх сувязяў. Агульным для іх было непрыняцце бальшавіцкай улады. Існавала перакананне ў недаўгавечнасці Савецкай Расіі, таму звязваць з ёй лёс беларускай дзяржаўнасці лічылася рызыкоўным і непатрэбным.
З абвяшчэння незалежнасці БНР пачаўся, па сутнасці, новы этап беларуска-украінскіх узаемаадносін. Украінская Народная Рэспубліка “дэ-факта” прызнала БНР. Міністэрства замежных спраў Украіны адкрыла ў Мінску сваё консульства. Консулы БНР былі ў Кіеве і Адэсе. Аднак урад Украінскай Рады хоць і выказваў сімпатыі маладому беларускаму дзяржаўнаму ўтварэнню, у той жа час хутка пачаў праяўляць захопніцкія тэндэнцыі ў дачыненні да паўднёвых частак Беларусі. Увогуле, нявысветленае пытанне аб межах паміж рэспублікамі істотна ўскладняла беларуска-украінскія ўзаемаадносіны.
У лістападзе 1918 года па даручэнню Антона Луцкевіча Рада БНР правяла перагаворы з Літоўскай Тарыбай. У выніку дасягнутых пагадненняў беларусам было прадстаўлена 25 працэнтаў агульнай колькасці месцаў у Тарыбе і адно месца ў Кабінеце міністраў. Беларуская тэрыторыя набывала статус аўтаномнай адзінкі з беларускай мовай у якасці дзяржаўнай. 1 снежня 1918 года ў літоўскім урадзе было створана Міністэрства беларускіх спраў на чале з Язэпам Варонкам. Пад яго кантроль перайшлі тыя беларускія тэрыторыі, якія Германія па ўмовах Брэсцкага міру перадавала Літве.
28 лістапада 1918 года адбылося апошняе ў тым годзе пасяджэнне Рады БНР у Мінску. На ім была прынята Грамата з заклікам да грамадзян Беларусі гуртавацца вакол БНР і Беларускага ўрада і ствараць па ўсёй Беларусі мясцовыя рады сялянскіх і рабочых дэпутатаў.
Адыход германскіх войск паставіў кіраўніцтва БНР у нялёгкія абставіны. Не маючы ўласных узброеных сіл, Рада не магла замацаваць за сабой уладу. Неаднаразовыя звароты да буйных дзяржаў не мелі станоўчых вынікаў і 3 снежня 1918 года па дамоўленасці з Літоўскай Тарыбай Рада і Урад БНР пераехалі ў Вільню.
Т. ч., спроба нацыянальна-дэмакратычных сіл дасягнуць незалежнасці Беларусі закончылася паражэннем. БНР, як рэальнае дзяржаўнае ўтварэнне, не склалася. Нацыянальнае самавызначэнне патрабуе не толькі дэкларацый, але і мэтанакіраванай дзейнасці па арганізацыі апарата вярхоўнай і мясцовай улады на вызначанай тэрыторыі, канстытуіраванню дзяржавы, выпрацоўцы, прыняццю і рэалізацыі законаў у жыццё, выкананні кантрольных функцый, гарантыі правоў і свабод грамадзян і г. д. Галоўнае, неабходна падтрымка насельніцтвам акта самавызначэння.
БНР жа абвяшчалася ў межах этнаграфічнага рассялення беларусаў, але сваю юрысдыкцыю на гэтай тэрыторыі яна не ажыццяўляла. Не было арміі, паліцыі, адсутнічала фінансавая сістэма, не сфармавалася ўлада на месцах, функцыі вярхоўнага ўрада абмяжоўваліся, у асноўным, прадстаўніцтвам пры акупацыйных уладах, а таксама вырашэннем шэрагу задач у культурна-асветніцкай сферы, мясцовай прамысловасці і гандлі. Весці ж гутарку аб гарантыі правоў і вольнасцей беларускага насельніцтва ва ўмовах акупацыі было наогул немагчыма.
Не ўсё зразумела і ў пытанні міжнароднага прызнання Беларускай Народнай Рэспублікі. Называюць некалькі дзяржаў, якія прызналі БНР: Украіну, Літву, Латвію, Чэхаславакію, Фінляндыю, Балгарыю. Але, як слушна заўважыў вядомы беларускі даследчык-правазанўца В. Круталевіч, ніхто не падае ў пацвярджэнне якую-небудзь крыніцу, не ўказваецца форма юрыдычнага прызнання – прызнанне ўрада ці прызнанне дзяржавы.
Ідэя незалежнасці не змагла рэалізавацца ў рамках БНР.
Прагерманская арыентацыя Рады не знайшла падтрымкі ў беларускага насельніцтва, якое выступіла з пратэстам супраць акупантаў, не спыняючыся нават перад узброенай барацьбой. Ён асабліва ўзмацніўся пасля адпраўкі Радай сумнавядомай тэлеграмы Вільгельму. Акрамя таго, Рада БНР, якая спрабавала правесці ідэю незалежнасці беларускай дзяржавы ў жыццё, не змагла выпрацаваць адзінай стратэгіі і тактыкі паводзін. Як вынік – частая змена курсу, істотнае “паправенне”, змена лідэраў і кабінетаў.
Такім чынам, з прычыны неспрыяльных для БНР знешніх і ўнутраных абставін ідэя нацыянальнай дзяржаўнасці не знайшла рэалізацыі ў форме Беларускай Народнай Рэспублікі.
35. Утварэнне ССРБ і Літоўска-Беларускай ССР
Утварэнне БССР і Літоўска-Беларускай ССР
Пасля лістападаўскай рэвалюцыі 1918 года ў Германіі Савецкая Расія дэнансавала Брэсцкі дагавор. Германскія войскі пачалі адыходзіць з захопленых тэрыторый. 10 снежня быў вызвалены Мінск. Трэба адзначыць, што ў лістападзе-снежні 1918 г. Былі абвешчаны Эстонская ССР, Латвійская ССР, Літоўская ССР і Украінская ССР. Але ў адносінах да беларускіх зямель Усерасійскі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт 23 снежня 1918 г. прыняў рашэнне аб іх уключэнні ў склад расійскай федэрацыі. Супраць выступілі беларускія секцыі пры ЦК РКП(б), Белнацком, які дзейнічаў з студзеня 1918 г. як аддзел Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцей РСФСР і Мінгубрэўком, створаны адразу ж пасля вызвалення Мінска. У выніку 24 снежня Пленум ЦК РКП(б) прыняў пастанову аб утварэнні Беларускай савецкай сацыялістычнай рэспублікі. На нарадзе ў Наркамнацы РСФСР, якая адбылася 27 снежня з удзелам прадстаўнікоў аблвыканкамзаха, Белнацкома, былі вырашаны пытанні аб урадзе БССР, межах рэспублікі, кіруючым партыйным цэнтры. 30 снежня 1918 г. адбылася VI Пайночна-Заходняя абласная канферэнцыя бальшавікоў, дэлегаты якой прадстаўлялі 5 беларускіх губерняў. Канферэнцыя абвясціла сябе 1-м з’ездам Камуністычнай партыі Беларусі і прыняла рэзалюцыю аб абвяшчэнні БССР. У склад рэспублікі павінны былі ўвайсці Мінская, Магілёўская, Смаленская, Віцебская і Гродзенская губерні, дзе пражывалі пераважна беларусы. Быў створаны часовы ўрад рэспублікі, які 1 студзеня 1919 г. апублікаваў маніфест, дзе абвяшчалася аб утварэнні ССРБ, а таксама аб нацыяналізацыі фабрык, заводаў, чыгунак, банкаў, зямлі. 8 студзеня ўрад пераехаў у сталіцу ССРБ – г. Мінск. У студзені прайшлі валасныя, павятовыя, губернскія з’езды Саветаў, на якіх прайшлі выбары дэлегатаў на першы рэспубліканскі з’езд Саветаў.
1 Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх, чырвонаармейскіх дэпутатаў адбыўся 2-3 лютага 1919 г. ў Мінску. На ім была прынята дэкларацыя аб утварэнні ССРБ і ўстанаўленні федэратыўных сувязей паміж Савецкай Беларуссю і РСФСР, Канстытуцыя ССРБ, вызначаны кіруючыя органы ўлады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй вярхоўная ўлада належыла з’езду Саветаў Беларусі, а ў перапынку паміж з’ездамі – Цэнтральнаму Выканаўчаму Камітэту (ЦВК). З’езд вызначыў межы рэспублікі ў складзе Мінскай і Гродзенскай губерняў. Тэрыторыі Віцебскай, Смаленскай і Магілёўскай губерняў згодна з рашэннямі губернскіх з’ездаў адыйшлі да Расіі. Была прынята таксама дзяржаўная сімволіка. У заключэнне з’езд прыняў рашэнне аб аб’яднанні ССРБ і Літоўскай ССР у адну дзяржаву. Аналагічнае рашэнне прыняў неўзабаве і першы з’езд Саветаў Літвы. 27 лютага 1919 г. На сумесным паседжанні ЦВК Беларусі і Літвы былі утвораны ЦВК Літоўска-Беларускай ССР і СНК гэтай дзяржавы. Некалькі пазней, 4 - 6 сакавіка 1919 г. на сумесным з’ездзе была створана аб’яднаная партыйная арганізацыя на чале з ЦК КП (б) Літвы і Беларусі. ЛітБел стваралася ў складзе 5 губерняў: Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай і Сувалкаўскай. Але Літоўска-Беларуская рэспубліка праіснавала нядоўга. Ужо ў сярэдзіне лютага 1919 г. вайну супраць савецкай Расіі пачала Польшча. Паколькі асноўныя сілы Чырвонай арміі былі заняты на Паўднёвым фронце, палякі пачалі хутка прасоўвацца наперад, 17 красавіка яны занялі Вільню, сталіцу ЛітБел. Урад пераехаў у Мінск, але і гэты горад таксама 8 жніўня быў захоплены польскімі войскамі. Лінія фронта стабілізіравалася толькі восенню па рацэ Бярэзіне. Кіраўніцтва Літбела эвакуіравался ў Смаленск, дзе хутка было скасавана, але Літоўска-Беларуская рэспубліка спыніла сваё існаванне ўжо фактычна з лета 1919 г. Калі ж пасля контрнаступлення Чырвонай Арміі на зноў вызваленай тэрыторыі ўрадам РСФСР 2 красавіка 1920 года была прызнана Літоўская рэспубліка, а 12 ліпеня з ёй быў падпісаны мірны дагавор, устаноўлены пагранічныя межы, пры гэтым Вільня з краем былі перададзены Літве, Літоўска-Беларуская рэспубліка перастала існаваць і юрыдычна.
|
|