Обратная связь
|
Аперацыя «Баграціён». Вызваленне тэрыторыі БССР Вызваленне тэрыторыі Беларусі пачалося у выніку наступлення Чырвонай Арміі пасля перамогі пад Курскам. У час бітвы за Днепр (жнівень-снежань 1943 г.) 23 верасня 1943 года быў вызвалены першы раённы цэнтр Беларусі Камарын, пры правядзенні Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 26 лістапада – першы абласны цэнтр Гомель. Падчас Гарадокцкай аперацыі (13 – 31 снежня 1943 г.) быў вызвалены Гарадок і створаны ўмовы для наступлення ў віцебскім кірунку. З 8 студзеня па 8 лютага 1944 года праводзілася Калінкавіцка – Мазырская аперацыя, у выніку былі вызвалены гэтыя населеныя пункты, а савецкія войскі адкінулі немцаў да ракі Пціч і ў раён Петрыкава. Нарэшце, з 21 па 26 лютага 1944 года была праведзена Рагачоўска – Жлобінская аперацыя па вызваленню дадзеных гарадоў. Такім чынам, быў створаны плацдарм для разгрому германскіх войск, якія ўваходзілі ў групу армій «Цэнтр».
Беларусь была апошняй мяжой для нямецкіх захопнікаў. Яе страта адзначала ўступленне савецкіх войск на тэрыторыю Еўропы і самой Германіі, таму тут была створаная магутная лінія абароны, названая «Фатэрлянд» («Радзіма»). Кожны прыфрантавы горад быў пераўтвораны ў крэпасць. Жыхары былі выселены, а за магутнымі ўмацаваннямі засяродзіліся нямецкія гарнізоны. Кожны камендант такой крэпасці даваў асабіста Гітлеру падпіску, што будзе абараняць горад да канца. Група армій «Цэнтр» налічвала 1,2 млн. салдат і афіцэраў, 9500 гармат і мінамётаў, 900 танкаў, 1400 самалётаў.
Савецкае камандаванне таксама разумела ўсю важнасць і складанасць наступальнай аперацыі на тэрыторыі Беларусі. Быў распрацаваны план пад кодавай назвай «Баграціён». У яго ажыццяўленні павінны былі прыняць удзел чатыры франты: 1-ы Беларускі пад камандаваннем генерала арміі К. Ракасоўскага, 2-і Беларускі (камандуючы генерал-палкоўнік Г. Захараў), 3-і Беларускі (камандуючы генерал-палкоўнік І. Чарняхоўскі), 1-ы Прыбалтыйскі (камандуючы генерал арміі І. Баграмян). Каардынавалі іх дзейнасць Маршалы Савецкага Саюза Г. Жукаў і А. Васілеўскі. У склад савецкай групіроўкі ўваходзілі 2,4 млн. салдат і афіцэраў, больш 36 тыс. гармат і мінамётаў, 5200 танкаў, 5300 самалётаў. Такім чынам, па суадносінах сіл была дасягнута шматкратная перавага Чырвонай Арміі.
Беларуская стратэгічная наступальная аперацыя праходзіла ў два этапы. На першым этапе (23 чэрвеня – 4 ліпеня) былі праведзены Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская, Полацкая і Мінская аперацыі. Савецкія войскі акружылі і знішчылі групіроўкі ворага пад Віцебскам, Бабруйскам і Мінскам. Найбольш буйным стаў Мінскі “кацёл”, дзе ў палон трапіла 105 тыс. салдат і афіцэраў вермахта. З іх ліку 57 тыс. былі адпраўлены ў Маскву, дзе 17 ліпеня 1944 года адбыўся своеасаблівы «парад ганьбы» – палонных немцаў правялі па Садовым кальцы. Дэманстратыўна ззаду ехалі палівальныя машыны, якія змывалі бруд, пакінуты слядамі заваёўнікаў.
26 чэрвеня быў вызвалены Віцебск, 27 чэрвеня – Орша, 28 – Магілёў, 29 – Бабруйск. 3 ліпеня савецкія войскі вызвалілі сталіцу БССР г. Мінск. Першым у горад уварваўся на сваім танку экіпаж малодшага лейтэнанта Дз. Фролікава з брыгады палкоўніка А. Лосіка.
Другі этап аперацыі «Баграціён» праходзіў з 5 ліпеня па 29 жніўня 1944 года. У гэты перыяд савецкія войскі ажыццявілі Шаўляйскую, Вільнюскую, Каўнаскую, Беластоцкую і Люблін-Брэсцкую аперацыі. 28 ліпеня 1944 года быў вызвалены апошні беларускі горад – Брэст. Падчас другога этапу пачалося вызваленне Літвы і Латвіі, Чырвоная Армія перайшла мяжу і ўступіла на тэрыторыю Польшчы, адкінуўшы немцаў да сярэдняга цячэння р. Вісла. Група армій «Цэнтр» была разгромлена і спыніла сваё існаванне. 17 дывізій і 3 брыгады ворага былі цалкам знішчаны, а 50 дывізій страцілі звыш паловы свайго асабовага складу.
Велізарную дапамогу ў перыяд правядзення аперацыі «Баграціён» Чырвоная Армія атрымала ад партызан, падпольшчыкаў і насельніцтва БССР. Па заданню Стаўкі і БШПР 20 чэрвеня 1944 года быў пачаты трэці этап рэйкавай вайны. Партызаны атакавалі чыгуначныя камунікацыі на ўсім працягу ад лініі фронту да дзяржаўнай мяжы СССР. Было ўзарвана больш 60 тыс. рэек, партызаны і падпольшчыкі дабылі і перадалі Чырвонай Арміі звесткі аб 1800 варожых гарнізонах.
Насельніцтва і антыфашысты-патрыёты аказвалі дапамогу пры пераправах савецкіх войск праз водныя перашкоды, аднаўляючы ў найкароткія тэрміны разбураныя масты, наладжваючы праходы праз багністую мясцовасць і г. д.
Насельніцтва вызваленых тэрыторый, у тым ліку і партызаны, мабілізоўвалася ў Чырвоную Армію. Усяго з тэрыторыі БССР пасля вызвалення было накіравана на ваенную службу звыш 600 тыс. чалавек, у тым ліку 180 тыс. партызан.
Акупацыя прынесла Беларусі велізарныя страты. Прамыя матэрыяльныя страты склалі не меней 75 млрд. руб. (у цэнах па стану на 1941 г.), гэта значыць, больш паловы нацыянальнага скарбу. Было разбурана і спалена 209 гарадоў і раённых цэнтраў (з 270), 9200 вёсак, знішчана 100465 прадпрыемстваў, разрабавана маёмасць больш за 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасаў, 316 МТС. Нацысты знішчылі 421 тыс. дамоў, усе электрастанцыі, вывезлі ў Германію 90% станочнага абсталявання, каля 18,5 тыс. аўтамашын, 9 тыс. трактароў. Летам 1944 годы ў Беларусі засталося толькі 39 % перадваеннай колькасці каней, 31 % буйной рагатай жывёлы, усяго 11 % пагалоў’я свінняў, 22 % авечак і коз. Былі знішчаныя практычна ўсе школы, установы культуры (клубы, бібліятэкі), медустановы. Было разрабавана 5425 музеяў. Найболей цяжкімі сталі дэмаграфічныя страты: па розных дадзеных, загінула ад 2,2 да 3 млн. чалавек (з амаль 10 млн. даваеннага насельніцтва БССР), каля 400 тыс. было вывезена ў якасці остарбайтэраў.
Разам з тым, на тэрыторыі Беларусі разгарнуўся масавы партызанскі рух, які прынёс значную шкоду акупацыйным войскам нацысцкай Германіі.
Аперацыя «Баграціён» па вызваленню Беларусі з’яўляецца прыкладам ваеннага мастацтва і ўваходзіць у лік найважных наступальных аперацый не толькі Вялікай Айчыннай вайны, але і другой сусветнай вайны.
47. Аднаўленне і развіццё народнай гаспадаркі БССР у 1944-1954 гг на міжнароднай арэне.
Пасля другой сусветнай вайны ў міжнародных адносінах пачалі праяўляцца наступныя тэндэнцыі:
а) Германія і яе саюзнікі страцілі свае пазіцыі ў сусветнай палітыцы. На роль сусветнага лідэра ўсё актыўней пачалі прэтэндаваць ЗША. За гады вайны ЗША сканцэнтравалі больш за тры чацвёртых залатога запасу свету і 60% сусветнай прамысловай прадукцыі. Іх людскія страты за гады вайны склалі толькі сотую частку ад страт, якія панёс Савецкі Саюз, затое валавы нацыянальны прадукт павялічыўся за гэты час у два разы. Авалодванне ядзернай зброяй дазваляла США дзейнічаць з пазіцыі сілы.
З другога боку, нягледзячы на вялікія страты ў вайне, другой звышдзяржавай станавіўся СССР. Яго аўтарытэт як пераможцы нацыстскай дзяржавы значна вырас у свеце. Савецкі Саюз меў самую магутную на той час армію. Ён таксама значна ўзмацніў свае пазіцыі ў Еўропе за кошт утварэння шэрагу прасавецкіх краін. Пачалася барацьба за сусветнае лідэрства паміж гэтымі звышдзяржавамі.
б) На аснове Ялцінска-Патсдамскай сістэмы міжнародных адносін пачалася перабудова свету. Гэта адносілася як да змен у геапалітычным уплыве розных краін ў цэлым, так і канкрэтна ў тэрытарыяльных зменах. Гэта закранула і Беларусь, дзе Беластоцкая вобласць і некалькі раёнаў Брэсцкай вобласці былі перададзены Польшчы.
в) Змянілася і палітычная сітуацыя. Да вайны толькі СССР быў сацыялістычнай краінай. Пасля вайны пры ваеннай, фінансавай, дыпламатычнай падтрымцы СССР на шлях сацыялізму сталі Албанія, Балгарыя, Венгрыя, Польша, Румынія, Чэхаславакія, Югаславія, ГДР – усяго 8 краін. Пазней на шлях сацыялізму пры падтрымцы СССР сталі Паўночная Карэя, Кітай, В’етнам. Усяго ў краінах прасавецкага блока пражывала трэцяя частка насельніцтва свету. Яны атрымалі назву “сусветная сістэма сацыялізму”. Еўрапейскія прасавецкія краіны для кардынацыі эканамічнай палітыкі стварылі ў 1949 годзе Савет эканамічнай узаемадапамогі, а для кардынацыі ваенных дзеянняў у 1955 годзе – Арганізацыю Варшаўскага дагавора.
Ім супрацьстаялі заходнія капіталістычныя краіны на чале з ЗША. У 1949 годзе яны аб’ядналіся ў ваенны саюз – Арганізацыю Паўночнаатлантычнага дагавора (НАТА). Пачалося ваеннае, эканамічнае, ідэалагічнае супрацьстаянне дзвюх сістэм, якое атрымала назву “халодная вайна”. Пачатак яе быў пакладзены ў 1946 годзе, калі ў г. Фултане ў прыстутнасці прэзідэнта ЗША Г. Трумэна былы прэм’ер-міністр Англіі У. Чэрчыль адкрыта абвінаваціў СССР у захопе і ізаляцыі Усходняй Еўропы і заклікаў да “крыжовага паходу” супраць СССР. Годам пазней, у сакавіку 1947 года прэзідэнт ЗША Г. Трумэн сфармуліраваў праграму падтрымкі “свабодных народаў” і стрымлівання камунізму. Яна заключалася ў тым, што ЗША бралі на сябе права прама або ўскосна ўмешвацца ва ўнутраныя справы дзяржаў, дзе яны бачылі пагрозу камунізму. Пачалася гонка ўзбраенняў, паміж краінамі дзвюх сістэм паўстала “жалезная заслона”. “Халодная вайна” ў 1950 – 1960 гг. не раз пагражала перайсці ў “гарачую” і свет балансаваў на грані новай сусветнай вайны. Не трэба забываць, што ўжо ў снежні 1945 года быў падрыхтаваны план Пентагона аб нанясенні ядзернага ўдара па тэрыторыі СССР. У адказ СССР у 1949 годзе таксама выпрабаваў атамную бомбу і гэта стала моцным фактарам стрымлівання праціўніка.
г) Узмацнілася эканамічная інтэграцыя сярод краін Заходняй Еўропы. Каб павысіць свой уплыў у Еўропе, ЗША пачалі правядзенне ў жыццё “плана Маршала”. Ён заключаўся ў выдзяленні еўрапейскім краінам каля 17 млрд. долараў для аднаўлення эканомікі, але пры умове выканання пэўных палітычных патрабаванняў. Гэты план прынялі 18 еўрапейскіх краін. Для практычнай рэалізацыі плана (размеркавання дапамогі) ў 1948 годзе была створана Арганізацыя Еўрапейскага Эканамічнага Супрацоўніцтва (АЕЭС). 5 мая 1949 года ў Лондане 10 краін стварылі Савет Еўропы, а яшчэ пазней, у 1957 годзе 6 заходнееўрапейскіх дзяржаў стварылі Еўрапейскае эканамічнае супольніцтва (ЕЭС) , унутры якога былі зняты ўсе мытныя бар’еры.
д) Каланіяльныя дзяржавы Францыя і Англія выйшлі з вайны аслабленымі. Гэта, а таксама падтрымка СССР на міжнародным узроўні прывялі да паступовага распаду каланіяльнай сістэмы. Першымі ў 1940-1950-я гг. атрымалі незалежнасць Інданэзія, В’етнам, Індыя, якая падзялілася на дзве дзяржавы – Індыйскі Саюз і Пакістан, у Афрыцы – Лівія, Егіпет, Туніс, Марокка, Судан, Гана, Гвінея. Пазней, у 1960-я гг. яшчэ 17 дзяржаў Афрыкі атрымалі незалежнасць. У выніку да 1961 года незалежнымі сталі каля 40 дзяржаў з насельніцтвам 1,5 млрд. чалавек.
Пасля другой сусветнай вайны змяніўся міжнародны статус і БССР. Згодна з прынятым Вярхоўным Саветам СССР 1 лютага 1944 года Законам БССР атрымала магчымасць непасрэдна ўступаць у дыпламатычныя адносіны з іншымі краінамі. У сакавіку 1944 года быў створаны народны камісарыят замежных спраў БССР, які ў 1946 годзе быў рэарганізаваны ў адпаведнае Міністэрства. 27 красавіка 1945 года рэспубліка разам з іншымі краінамі выступіла ў якасці стваральніцы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. 26 чэрвеня 1945 года міністр замежных спраў Беларусі К. Кісялёў ад імя ўрада БССР падпісаў Статут ААН. Удзел у рабоце ААН даў магчымасць БССР, па першае, выкарыстоўваць яе трыбуну для выступленняў з рознымі ініцыятывамі, напрыклад, “Аб выдачы і пакаранні ваенных злачынцаў” і інш.; па другое, больш актыўна ўдзельнічаць у міжнародных арганізацыях, у тым ліку такіх уплывовых, як Сусветны Савет міру, ЮНЭСКА (арганізацыя па пытаннях адукацыі, навукі і культуры), Магатэ (Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі і інш.); па – трэцяе, удзельнічаць у падрыхтоўцы і прыняцці канвенцый (за першае пасляваеннае дзсяцігоддзе БССР падпісала больш за 30 міжнародных дагавораў, канвенцый па розных пытаннях); па-чацвёртае, выкарыстоўваць ААН для рашэння ўнутраных праблем. Напрыклад, праз ААН Беларусь атрымала значную матэрыяльную дапамогу як краіна, якая найбольш пацярпела ў гады фашысцкай акупацыі. Безумоўна, у пасляваенны час Беларусь ішла ў русле знешняй палітыкі СССР у цэлым, але, тым не менш, адмаўляць самастойныя дзеянні БССР на міжнароднай арэне таксама нельга.
У другой палове 1950-х гг. пасля пашырэння правоў саюзных рэспублік у БССР з’явіліся больш шырокія магчымасці для міжнароднага супрацоўніцтва. Дакладнай праявай гэтага стала адкрыццё ў 1958 годзе прадстаўніцтва БССР пры ААН. У наступныя гады Беларусь паслядоўна выступала за забарону ядзернай зброі, яе выпрабаванняў, патрабавала ўсеагульнага і поўнага раззбраення, знішчэння хімічнай зброі. Пры ўдзеле БССР ААН прыняла такія важныя рашэнні, як Дэкларацыя аб наданні незалежнасці каланіяльным краінам і народам, Дагаворы аб абмежаваннях выпрабаваннў ядзернай зброі і інш. У цэлым да сярэдзіны 1980-х гг. БССР падпісала больш за 160 міжнародных дагавораў і пагадненняў, у 1974 – 1975 гг. яна выбіралася пастаянным членам Савета бяспекі ААН, неаднаразова яе прадстаўнікі ўваходзілі ў склад Эканамічнага і Сацыяльнага Саветаў ААН.
Акрамя ААН, другім важным напрамкам удзелу БССР ў міжнародным жыцці ў пасляваенныя гады стала развіццё гандлёва-эканамічных зносін з заходнімі краінамі. Гэтаму спрыяла і геапалітычнае становішча Беларусі. Яна знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад Захаду; тут маецца развітая сетка аўтадарог і чыгунак; на тэрыторыі Беларусі дзейнічаў шэраг прадпрыемстваў агульнасаюзнага падпарадакавання, якія выпускалі высокаякасную прадукцыю. Вялікім попытам у Еўропе карысталася і карыстаецца прадукцыя такіх прадпрыемстваў, як МАЗ, МТЗ, Гомсельмаш, станкабудаўнічых заводаў Мінска, Віцебска і інш. Ужо ў 1950-я гг. на экспарт пастаўлялася прадукцыя 120 прадпрыемстваў рэспублікі. У 1952 годзе ў Мінску было створана аддзяленне Усесаюзнай гандлёвай палаты, якое ў 1972 годзе было пераўтворана ў Гандлёва-прамысловую палату БССР. Рэспубліка такім чынам атрымала магчымасць удзельнічаць у міжнародных кірмашах, праводзіць такія кірмашы ў сябе. Толькі ў 1960-я гг. у Мінску было праведзена звыш за 30 міжнародных выстаў.
У 1950– 1980-я гг. 80% гандлёва-эканамічных сувязяў БССР прыпадалі на краіны сацыялістычнага лагера, на долю капіталістычных краін у 1970 – 1980 гг. прыпадала 20,2% экспартных паставак. У той жа час у БССР шырока выкарыстоўваліся тэхнічыя вырабы з развітых капіталістычных краін.
Значнае месца ў супрацоўніцтве Беларусі з замежнымі краінамі ў пасляваенныя гады займалі культурныя сувязі. З 1958 годзе пачало дзейнічаць Беларускае таварыства сяброўства і культурных сувязяў з замежнымі краінамі, да 1970 года былі створаны да 100 падобных мясцовых таварыстваў, якія падтрымлівалі сувязі з 400 арганізацыямі амаль 70 краін свету. Але прыярытэт аддаваўся перш за ўсё краінам сацыялістычнага лагера. Шырыліся кантакты па лініі створанага ў 1958 годзе Камітэта маладзёжных арганізацый рэспублікі, прафсаюзаў.
Прадуктыўнай формай развіцця міжнародных культурных зносін з’яўлялася супрацоўніцтва ў галіне літаратуры. За 1946 – 1985 гг. за мяжой выйшлі ў свет 342 творы 55 беларускіх пісьменнікаў. За гэты ж час колькасць перакладзеных кніг замежнай літаратуры склала каля 500 выданняў агульным тыражом звыш 4 млн. экзэмпляраў.
Адным з важных накірункаў пашырэння культурных сувязяў стала таксама супрацоўніцтва ў галіне адукацыі. У гэтым плане побач з іншымі вядучымі ВНУ рэспублікі значнае месца займаў і займае політэхнічны інстытут, цяпер БНТУ. Падрыхтоўка замежных спецыялістаў ў БПІ пачалася з 1960 года. У 1965 годзе колькасць замежных студэнтаў ў БПІ дасягнула 100 чалавек, а ў 1980-я гг. ў БПІ ужо кожны год пачыналі вучобу да 1000 замежных студэнтаў, а ўсяго па рэспубліцы – да 10 тысяч. Праўда, пасля распаду СССР іх колькасць пачала скарачацца.
Т. чынам, у 1950-1980-я гг. значна пашырыліся міжнародныя сувязі БССР, больш разнастайнымі сталі іх формы і змест, хаця самастойнасць БССР была абмежавана рамкамі Савецкага Саюза і агульнасаюзнай палітыкай.
48. Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР ва ўмовах “адлігі”. Спробы рэфармавання эканомікі ў другой палове 50-х – першай палове 60-х гг. XX ст.
Другая сусветная вайна мела цяжкія наступствы для Беларусі. Захопнікі разбурылі і спалілі 209 гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, 9200 вёсак. Загінула каля 3 млн. чалавек. Агульныя матэрыяльныя страты склалі прыкладна 35 рэспубліканскіх гадавых бюджэтаў. Па агульнаму ўзроўню эканомікі Беларусь была адкінута да 1928 года, а па асобных паказчыках – да 1913 года.
Аднаўленне народнай гаспадаркі і сацыяльнай сферы пачалося адразу ж пасля вызвалення рэспублікі ад фашысцкіх захопнікаў – з восені 1943 года і працягвалася да 1955 года, калі быў дасягнуты перадваенны ўзровень эканомікі ва ўсіх галінах прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Вялікую дапамогу ў гэтым аказаў саюзны ўрад. У Беларусь былі накіраваны рэпарацыйныя кампенсацыі ў памеры 1,5 млрд. долараў, з саюзнага бюджэта было выдзелены толькі ў 1944 – 1945 гг. каля 1,7 млрд. рублёў. За гэты ж час рэспубліка атрымала абсталяванне для 60 заводаў, каля 6 тысяч трактараў, грузавых аўтамашын і камбайнаў, 158 тыс кароў. Сюды ішлі эшалоны з будаўнічымі матэрыяламі, тэхнікай, насеннем, жывёлай. Але, тым не менш, асноўны цяжар аднаўлення гаспадаркі лёг на людзей. У першыя дні вайны і адразу ж пасля вызвалення 1 млн. 300 тыс. чалавек былі прызваны ў армію, 380 тыс. жыхароў Беларусі ў гады акупацыі дэпартаваны ў Германію, каля 1,5 мільёна эвакуіраваліся на Усход. Пасля вайны востра адчуваўся недахоп рабочай сілы. Напрыклад, у Віцебску на момант вызвалення засталося толькі 400 жыхароў, таму працу на некаторых прадпрыемствах пачыналі 5 – 10 чалавек.
У такіх складаных умовах з дапамогай іншых народаў СССР ужо да сярэдзіны 1945 года працоўныя Беларусі аднавілі каля 8 тыс. прамысловых прадпрыемстваў, гэта значыць, каля чвэрці даваеннай колькасці, больш 10 тыс. км чыгунак. Выпрацоўка электраэнергіі дасягнула да канца 1945 года 46,4% даваеннай. Але ў 1945 годзе было выраблена прамысловай прадукцыі толькі 20% ў параўнанні з 1940 годам. Пасяўныя плошчы ў сельскай гаспадарцы складалі толькі 75% даваеннага ўзроўню, адпаведна на 30% быў ніжэйшым збор зерня, у два разы – бульбы.
У верасні 1946 г. быў прыняты чацвёрты пяцігадовы план, які ставіў мэтай да канца пяцігодкі дасягнуць даваеннага ўзроўню эканомікі. Выдзеленыя аб’ёмы капіталаўкладанняў раўняліся тром перадваенным пяцігодкам.
У прамысловасці ставілася задача не толькі дасягнуць даваенны узровень, але і зрабіць структурную перабудову. Больш увагі стала надавацца цяжкай прамысловасці, у тым ліку стварэнню новых для Беларусі галін: аўтамабілебудаванню, трактарабудаванню, выпуску гідратурбін і інш. Дзякуючы працоўнаму гераізму, за гады пяцігодкі былі пабудаваны трактарны і аўтамабільны заводы, мотавелазавод, тонкасуконны камбінат, Віцебскі дывановы камбінат і іншыя буйныя прадпрыемствы. У выніку ў 1950 годзе аб’ём прамысловай прадукцыі ў рэспубліцы перавысіў даваенны на 15%. На наступную пяцігодку перад прамысловасцю ставіліся яшчэ большыя задачы, меркавалася павялічыць аб’ём валавай прамысловасці на 80%. Капіталаўкладанні планіравалася павялічыць у параўнанні з папярэдняй пяцігодкай у 1,5 разы. На самой справе за 1951 – 1955 гг. валавы аб’ём прамысловасці павялічыўся больш чым у 2 разы. Былі пабудаваны 150 буйных прамысловых прадпрыемстваў і больш за 200 дробных. Сярод іх Мінскі падшыпнікавы і гадзіннікавы заводы, радыёзавод, завод ацяпляльнага абсталявання, камвольны камбінат, Аршанскі завод швейных машын, Віцебская шоўкапрадзільная фабрыка і інш.
Больш складаным было становішча ў сельскай гаспадарцы. У вёсках засталіся галоўным чынам жанчыны, старыя і дзеці. Нягледзячы на дапамогу сельскагаспадарчай тэхнікай, жывёлай, у калгасах востра не хапала цяглавай сілы. У першую пасляваенную вясну калгаснікі ўручную ўскапалі 150 тысяч гектараў зямлі. З-за недахопа ўгнаенняў ураджаі былі вельмі нізкімі: 5 – 7 цэнтнераў з гектара збожжа і 50 – 70 цэнтнераў бульбы. Сур’ёзнай дапамогай вёсцы ў аднаўленні сельскай гаспадаркі стала шэфства працоўных гарадоў. Дзякуючы самаадданай працы сельскіх працаўнікоў да 1950 года пагалоў’е жывёлы былі даведзены да 94 – 96% ад даваеннага ўзроўню, але планы пяцігодкі па вытворчасці асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі не былі выкананы. Тым не менш, у снежні 1947 года была адменена картачная сістэма на харчовыя і прамысловыя тавары.
У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе хуткімі тэмпамі ішло жыллёвае будаўніцтва. Ужо ў 1946 – 1950 гг. было пабудавана жыллё для 2 млн. чалавек. Гэта быў значны крок, калі ўлічыць памеры разбурэнняў у Беларусі. Але жыллёвая праблема заставалася вострай.
Адставанне прамысловасці ад навукова-тэхнічнага прагрэса, маруднае развіццё сельскай гаспадаркі, мноства праблем у сацыяльнай сферы патрабавалі правядзення сацыяльна-эканамічных рэформ. Яны пачаліся з 1953 года, пасля смерці І.В. Сталіна. У верасні 1953 года першым сакратаром ЦК КПСС быў выбраны М.С. Хрушчоў. У краіне быў абвешчаны курс на дэмакратызацыю. Ужо ў 1953 – 1956 гг. былі пашыраны правы саюзных рэспублік. Гэта праявілася ў пашырэнні заканадаўчых правоў, рашэнні пытанняў, звязаных з адміністратыўным падзелам, у большай самастойнасці ў планаванні, у кіраванні прамысловасцю. 850 прадпрыемстваў саюзнага падпарадкавання былі перададзены БССР. У выніку удзельная вага прадукцыі, выпушчанай заводамі і фабрыкамі рэспубліканскага падпарадкавання, узрасла на адну чацвёртую частку і дасягнула 82% ў 1956 годзе. Некалькі павысілася роля Саветаў, актывізіравалася дзейнасць пастаянных камісій, яны атрымалі права кантролю за дзейнасцю прадпрыемстваў і ўстаноў, якія знаходзіліся на іх тэрыторыі. У лютым 1956 года на ХХ з’ездзе КПСС быў асуджаны культ асобы І. Сталіна. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, у час даклада ў зале некалькі чалавек страцілі прытомнасць, настолькі нечаканым было ўсё гэта, і такое вялікае ўражанне было ад пачутага. Пачалася рэабілітацыя рэпрэсіраваных у папярэднія гады. Усяго ў СССР у 1956 – 1961 гг было рэабілітавана каля 700 тыс. рэпрэсіраваных, у тым ліку 29 тыс. у Беларусі. Быў значна зменшаны цэнзурны кантроль у літаратуры.
У эканоміцы ў другой палове 1950-х гг. быў узяты курс на больш актыўнае ўключэнне прадпрыемстваў рэспублікі ў навукова-тэхнічны прагрэс і пераарыентацыю прамысловасці на выпуск тавараў народнага спажывання. У другой палове 1950 – пачатку 1960-х гг. характэрнай асаблівасцю развіцця прамысловасці ў Беларусі стала апераджальнае развіццё новых неметалаёмкіх галін – прыборабудавання і электронікі. Былі пабудаваны Мінскі і Баранавіцкі заводы аўтаматычных ліній, завод вылічальных машын, Полацкі нафтаперапрацоўчы завод, Гомельскі завод вымеральных прыбораў, Беларускі аўтазавод у Жодзіна і інш. Аднаўляліся і мадэрнізіраваліся асноўныя вытворчыя фонды, старая тэхніка замянялася новай. У выніку ў 1960 годзе агульны аб’ём прамысловай прадукцыі ў БССР павялічыўся ў параўнанні з 1940 годам у 4,2 разы. Але паступова ўсё выразней пачала праяўляцца супярэчлівасць паміж дасягнутым узроўнем развіцця вытворчасці і старымі метадамі і формамі кіравання. У 1957 годзе была зроблена няўдалая спроба замяніць галіновую сістэму кіравання прамысловасцю праз міністэрствы на тэрытарыяльную. Мэтай яе было прыблізіць кіраванне непасрэдна да прадпрыемстваў. У Беларусі замест 9 міністэрстваў быў створаны адзін орган кіравання – Савет народнай гаспадаркі БССР, які падпарадкоўваўся Савету Міністраў рэспублікі. На справе наблізіць кіраўніцтва да вытворчасці не ўдалося, затое адбыўся разрыў гаспадарчых сувязей і адносін.
Значныя меры былі ажыццяўлены ў галіне сельскай гаспадаркі. Яны былі вызначаны вераснёўскім (1953 г.) Пленумам ЦК КПСС і заключаліся ў наступным. Павышана матэрыяльная зацікаўленнасць калгаснікаў, ажыццяўлены перавод на грашовую аплату працы. У 2 – 3 разы былі павышаны закупачныя цэны на прадукты сельскай гаспадаркі, значна павялічаны інвестыцыі ў сельскую гаспадарку, пашырана гаспадарчая самастойнасць калгасаў. Падатак з калгаснікаў быў зніжаны ў 2 разы, а з 1958 года ён быў наогул адменены. У 1957 годзе МТС былі рэарганізаваны ў РТС, а тэхніка прададзена калгасам. Адначасова з калгасаў былі спісаны запазычанасці МТС за мінулыя гады. Праводзілася вялікая работа па меліярацыі балот: да 1960 года меліяратыўная сетка ўжо ахоплівала 500 тыс. гектараў, прычым яе абслугоўванне дзяржава ўзяла на сябе. Адмоўным у гэтай справе стала парушэнне экалогіі Беларускага Палесся.
Прынятыя меры некалькі палепшылі становішча ў сельскай гаспадарцы, але ў цэлым харчовая праблема не была вырашана. З нагоды гэтага кіраўніцтва краіны вырашыла пашырыць пасяўныя плошчы за кошт асваення цалінных і залежных зямель. На працягу 1954 – 1956 гг. было ўзарана 36 млн. гектараў цалінных зямель, што склала 30% усіх сельскагаспадарчых угоддзяў. На асваенне цаліны паехалі і 60 тысяч жыхароў Беларусі. Яны заснавалі ў Казахстане 24 саўгасы. У першыя гады гэта давала плённыя вынікі: доля цаліннага збожжа складала да паловы ўсяго валавага збору зерня, але затым глебы спустошыліся і ўраджаі сталі нізкімі. Тады М.С. Хрушчоў прыняў валюнтарысцкае рашэнне аб паўсюдным распаўсюджванні пасеваў кукурузы, у тым ліку і за кошт скарачэння вытворчасці іншых сельскагаспадарчых культур. У гэтым ён памылкова бачыў універсальны сродак вырашэння харчовай праблемы. Пашырэнне пасеваў кукурузы сапраўды дазволіла павялічыць кармавую базу для жывёлагадоўлі, але, з іншага боку, прывяло да дэфіцыту іншых прадуктаў раслінаводства, перш за ўсё, хлеба.
Паступова паляпшалася медыцынскае абслугоўванне людзей.
Такім чынам, у другой палове 1950-х гадоў канчаткова завяршыўся этап аднаўлення разбуранай вайной народнай гаспадаркі, што ў лепшы бок абвергла самыя аптымістычныя прагнозы заходніх эканамістаў і палітолагаў. Пры гэтым прамысловасць Беларусі была не проста адноўлена, а, па сутнасці, створана па-новаму. З’явіліся новыя, сугучныя навукова-тэхнічнаму прагрэсу, галіны. Заводы і фабрыкі былі забяспечаны сучаснай тэхнікай. Гэта ператварыла Беларусь у індустрыяльную дзяржаву з адносна дынамічным узроўнем развіцця. Але, з другога боку, непаваротлівасць цэнтралізаванай сістэмы кіравання і недастатковая стымуляцыя працы тармазілі аператыўнае ўкараненне ў вытворчасць навейшых дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэса. Акрамя таго, БССР, якая не мела ў дастатковай меры сваёй сыравіны і энерганосьбітаў, трапляла ва ўсё большую эканамічную залежнасць ад цэнтра, паступова ператваралася ў своеасаблівы зборачны цэх. Спробы рэформ 1960-х гадоў насілі палавінчаты характар, яны праводзіліся зверху і не былі падмацаваны матэрыяльнымі стымуламі, а таму не знайшлі адпаведнага водгуку ў масах. днаўленне і развіццё народнай гаспадаркі Беларусі.
|
|