Пиши Дома Нужные Работы

Обратная связь

Сацыяльна эканамічнае развіццё беларускіх зямель у першай палове XIX стагоддзя

У канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ ст. галоўнымі ўласнікамі капіталаў у Беларусі былі памешчыкі. Яны імкнуліся пашыраць свае даходы, таму стваралі у сваіх маёнтках розныя прамысловыя прадпрыемствы. Вотчынная прамысловасць выкарыстоўвала практычна бясплатную сыравіну і дармавую рабочую сілу прыгонных сялян і ў гэтых адносінах мела вялізарныя перавагі над прадпрыемствамі, што належылі купцам і мяшчанам. Апошнія павінны былі аплачваць зямельныя ўчасткі, сыравіну і рабочую сілу. Грошай для гэтага ў іх не было.

Тым не менш, у гэтыя часы ў Беларусі пачынаецца прамысловая рэвалюцыя: на змену ручной працы пачынае прыходзіць машынная вытворчасць. У 20-х гг. ХІХ ст. у маёнтках памешчыка Пуслоўскага ў м. Хомску Кобрынскага павета і м. Косава Слонімскага павета ўзнікаюць першыя суконныя фабрыкі, на якіх побач з прымусовай працай прыгонных сялян пачала выкарыстоўвацца кваліфікаваная праца наёмных рабочых, якія абслугоўвалі машыны. Паступова пачынаюць фарміравацца два асноўныя класы капіталістычнага грамадства: буржуазія і пралетарыят. Гэтаму спрыяла і праведзенае ў 1852 годзе абмежаванне правоў цэхавых арганізацый у гарадах і мястэчках. Прадстаўнікі некаторых прафесій: цесляры, вознікі, чарнарабочыя – маглі не запісвацца ў цэхі. Адмянялася выключнае права цэхаў на вытворчасць пэўнай прадукцыі. Членам цэхаў дазвалялася наймацца на фабрыкі і заводы. Такім чынам, з бяднейшых рамеснікаў пачаў фарміравацца пралетарыят.

Беларуская буржуазія была эканамічна слабай. Яна магла займацца толькі дробнакапіталістычнай, пераважна рамеснай, вытворчасцю (прадпрыемствамі, на якіх працавала ад 5 да 16 чалавек). Такім чынам, у прамысловасці Беларусі перапляталіся два сацыяльна-эканамічныя ўклады – феадальны і капіталістычны.



Да сярэдзіны ХІХ ст. істотную ролю ў таварна-грашовым абарачэнні адыгрывалі кірмашы. У гэты час іх ў Беларусі налічвалася каля 270. Буйнейшымі сярод іх былі Асвейскі, Бешанковіцкі, Зэльвенскі, Кантрактавы, Любецкі і Траецкі. Аднак кірмашовы гандаль к сярэдзіне ХІХ ст. пачынае саступаць месца гандлю ў крамах і магазінах.

Значную ролю у гандлі адыгрывалі купцы. Яны скуплялі на кірмашах і ў памешчыцкіх маёнтках сельскагаспадарчую і прамысловую прадукцыю, лясныя тавары, дастаўлялі іх на прыстані і ў гарады, вывозілі ў іншыя краіны. Купцы арандавалі памешчыцкія прадпрыемствы, заключалі падрады на будаўніцтва дарог і каналаў, пастаўку войску прадуктаў, фуражу, сукна, дроў. Тым не менш, асноўнымі пастаўшчыкамі прадукцыі на ўнутраны і знешні рынак былі памешчыкі.

Эканамічнаму росту беларускіх гарадоў перашкаджала падаткавая палітыка ўрада. Агульная колькасць падаткаў і павіннасцей, якія спаганяліся з гараджан на карысць дзяржавы, дасягала 40. Гэта адмоўна адбівалася на працэсе накаплення капіталаў, неабходных дя развіцця прамысловасці і гандлю, звужала пакупныя магчымасці насельніцтва. У выніку даходы гарадоў Беларусі былі надзвычай нізкімі.

Акрамя гарадоў у Беларусі было шмат мястэчак. Колькасць мястэчак з канца ХVІІІ – да сярэдзіны ХІХ стст. значна павялічылася – з 287 па 383. Пераважная большасць іх належыла памешчыкам, астатнія – казне. Памешчыкі былі зацікаўлены ў пераводзе сваіх вёсак у разрад мястэчак, што давала ім магчымасць засноўваць корчмы. У вёсках гэта забаранялася

Пераважная большасць памешчыкаў Беларусі ў канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ стст. не вяла ўласнай гаспадаркі. Амаль уся ворыўная зямля знаходзілася ў карыстанні прыгонных сялян, якія плацілі памешчыкам чынш. Але рост попыту на сельскагаспадарчую прадукцыю ў Заходняй Еўропе і ў гарадах Расіі выклікаў пашырэнне ўласнай памешчыцкай гаспадаркі. Калі на момант падзелаў Рэчы Паспалітай толькі 17% памешчыцкіх гаспадарак былі арганізаваны як фальваркі, то на момант адмены прыгоннага права такіх гаспадарак было звыш 75%.

Памешчыкі стваралі фальваркі за кошт скарачэння сялянскіх надзелаў. Для апрацоўкі фальваркавых зямель яны пераводзілі сялян з аброка на паншчыну.

Ад высокіх памераў паншчыны і іншых падаткаў сялянскія гаспадаркі прыходзілі ў заняпад. Разам з імі прыходзілі у заняпад і памешчыцкія гаспадаркі, якія апрацоўваліся прыладамі працы і коньмі селяніна. Прыгонныя сяляне працавалі неякасна, выкарыстоўвалі прылады працы і метады апрацоўкі глебы, якія захоўваліся яшчэ з часоў Кіеўскай Русі (двухзубая саха і трохполле). Такім чынам да 1840-х гадоў крызіс прыгонніцкай сістэмы стаў відавочным.

Каб неяк змягчыць крызісныя з’явы, царскім урадам былі праведзены рэформы, якія распрацаваў міністр дзяржаўных маёмасцей граф П.Д. Кісялёў. Яны праводзіліся з 1839 па 1845 гг. Рэформы закранулі толькі дзяржаўных сялян. Іх перасталі здаваць у арэнду, ліквідавалі дзяржаўныя фальваркі, а іх землі перадалі сялянам у арэнду, беззямельных сялян надзялілі чатырма дзесяцінамі зямлі кожнага. Казённых сялян перавялі на чынш і дазволілі запісвацца ў іншыя саслоўі.

У 1844 г. ўрад пачаў пашыраць рэформы П.Д. Кісялёва на памешчыцкую веску. Пачалося складанне інвентароў з мэтай упарадкавання сялянскіх павіннасцей і прывядзення іх у адпаведнасць з надзеламі, якімі карысталіся сяляне. Аднак рэформа правалілася. Ёю былі не задаволены ні сяляне, ні памешчыкі. Першыя – таму, што памеры павіннасцей практычна не зніжаліся, а другія – таму, што страчвалі магчымасці безкантрольна павышаць іх.

Між тым у краіне складвалася рэвалюцыйная сітуацыя, сталі частымі масавыя ўцёкі сялян ад памешчыкаў Сяляне вялікімі групамі, да 10 000 чалавек, пакідалі панскія маёнткі і ішлі на будаўніцтва чыгункі ці на асваенне паўднёвых стэпаў, паверыўшы чуткам аб царскіх маніфестах, якія абяцалі за гэта вызваленне ад прыгону. За 1858 – 1860 гг. у беларускіх губернях былі зафіксаваны 42 сялянскіх выступленні, 11 з якіх падаўлены з дапамогай войска. Усё гэта сведчыла аб тым, што феадальна-прыгонніцкая сістэма зжыла сябе, а адмена прыгоннага права стала аб’ектыўнай неабходнасцю

Працэс разлажэння феадальных адносін закрануў І прамысловасць беларускіх зямель. Павялічылася колькасць мануфактур, у тым ліку і з прымяненнем наёмнай працы. Станоўчае значэнне на развіццё прамысловасці і гандлю аказала ўключэнне Беларусі ў агульнарасійскі рынак і будаўніцтва шляхоў зносін: трактаў, а таксама каналаў, што злучылі басейны Чорнага і Балтыйскага мораў: Агінскага, Бярэзінскага, Днепра-Бугскага. У цэлым прамысловасць Беларусі першай паловы ХIX стагоддзя насіла ў асноўным дробнатаварны характар. У 1860 г. з агульнай колькасці 4020 прамысловых прадпрыемстваў 3860 уяўлялі сабой дробныя майстэрні з колькасцю рабочых да 16 чалавек, прычым пераважалі яшчэ прыгонныя мануфактуры. Але з 50-х гадоў пачаўся хуткі рост капіталістычных мануфактур, узбуйненне майстэрань і пашырэнне прымянення ў іх наёмнай працы. Менавіта ў 30-я гады ХIX стагоддзя пачалі ўзнікаць першыя фабрыкі і заводы: суконныя прадпрыемствы ў мястэчку Хомск і Косава на Гродзеншчыне, мукамольны завод у Магілёве і інш. Усяго ў Беларусі ў 1860 г. налічвалася 1641 прамысловых прадпрыемствы з пераважна наёмнай працай. Прадукцыя фабрычных прадпрыемстваў ужо пераўзыходзіла мануфактурную, хаця фабрык і рабочых было менш у 3-4 разы.

З развіццём капіталістычных адносін звязаны і рост гарадоў. За паўстагоддзе колькасць гарадскога насельніцтва павялічылася ў 4 разы: з 80 да 320 тыс. Адпаведна пашыраўся і гандаль.

24. Культура беларускіх губерняў у складзе Расійскай імперыі ў канцы XVIII – пач. XX стст.

Культура Беларусі першай паловы ХIX стагоддзя

Да пач.ХIX ст. на беларускіх землях, далучаных да Расійскай імперыі, захоўвалася старая сістэма навучання – школы пры розных рэлігійных арганізацыях і навучальныя ўстановы былой Адукацыйнай камісіі. У выніку праведзенай ў Расіі ў 1802 г. рэформы адукацыі Беларусь увайшла ў Віленскую навучальную акругу, цэнтрам якой стаў адкрыты ў 1803 г. на базе Галоўнай Літоўскай школы Віленскі універсітэт. За кароткі час ён стаў буйнейшай у Расіі вышэйшай навучальнай установай. Дзейнічалі 4 факультэты: маральна-палітычных навук, літаратуры і вольных мастацтваў, фізіка-матэматычны і медыцынскі, а таксама медыцынская, ветэрынарная, агранамічная школы, абсерваторыя, батанічны сад, некалькі музеяў, друкарня. Сярэдняе і ніжэйшае звенні адукацыі таксама былі прыведзены ў адпаведнасць з расійскай сістэмай: сямікласныя гімназіі ў губернскіх гарадах, павятовыя чатырохкласныя для дзяцей мяшчан і купцоў і прыходскія вучылішчы для ніжэйшых саслоўяў. Езуіцкія калегіумы захавалі сваю аўтаномію і перайшлі пад кіраўніцтва Полацкай езуіцкай акадэміі, якая была заснавана на базе калегіума і праіснавала з 1812 па 1820 гг. Дзейнічалі таксама шматлікія яўрэйскія рэлігійныя навучальныя установы. Працавалі таксама 20 школ з бясплатным навучаннем (ланкастэрскія). У навучанні ў пачатку ХIX ст. прадаўжала панаваць польская мова. Некаторыя змены ў сістэме навучання адбыліся ў 30-50-я гг. ХIX ст. Пасля паўстання 1830-1831 гг. быў закрыты Віленскі універсітэт, як “расаднік вольнадумства”, замест яго ў Вільні былі створаны медыка-хірургічная і духоўная рымска-каталічная акадэміі.

Навучальныя установы Беларусі былі падзелены паміж Кіеўскай і Пецярбургскай навучальнымі акругамі. Школы пачалі пераводзіцца на рускую мову навучання. Але быў зроблены крок да пашырэння пачатковай адукацыі, у гэты час адкрыліся больш за 100 школ для сялянскіх дзяцей. Пачалі дзейнічаць прыватныя навучальныя установы закрытага тыпу-пансіёны. Узмацнілася цікавасць і да прафесійнай адукацыі, пры гімназіях адкрываліся прафесійныя школы або класы. У 1840 г. на базе земляробчай школы быў адкрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут, які праіснаваў да 60-х г. ХIX ст. У цэлым жа, нягледзячы на пэўныя зрухі, напярэдадні 1861 г. навучаннем была ахоплена невялікая частка насельніцтва Беларусі – 16,5 % тыс. чал., або 0,5 %.

У перш. пал. ХIX ст. быў пакладзены пачатак развіццю беларусазнаўства. Першымі крокамі ў гэтым напрамку сталі працы расійскіх вучоных І.Ляпёхіна і В. Севяргіна, якія ў пачатку стагоддзя зрабілі навуковыя экспедыцыі на далучаныя да Расіі землі. Этнаграфічныя і гістарычныя даследванні заходніх губерняў Расіі рабілі прафесары Віленскага ўніверсітэта І. Даніловіч, М. Баброўскі.

Да сярэдзіны ХIX ст. актывізавалася краязнаўчая дзейнасць мясцовых даследчыкаў. Менавіта ў гэты час выходзіць рад этнаграфічных прац Я. Чачота, Я. Тышкевіча, П. Шпілеўскага, І. Насовіча і інш. Па ініцыятыве Яўстафія Тышкевіча ў Вільні ў 1855 г. быў заснаваны першы музей старажытнасцей. Беларусазнаўства развівалася ў неспрыяльных умовах паланізацыі і русіфікацыі, але тым не менш унесла значны ўклад у развіццё беларускай нацыянальнай самасвядомасці і фарміраванне беларускай нацыі. Найбагацейшы фальклор, які знайшоў сваё адлюстраванне і ў першых працах беларускіх этнографаў, з’явіўся асновай духоўнага нацыянальна-культурнага адраджэння беларусаў, якое пачалося ў першай трэці ХIX ст. Менавіта з ім звязана і адраджэнне літаратурнай беларускай мовы. Прыкрываясь лацініцай ці кірыліцай, беларуская мова загучала ў такіх выдатных народных творах, як “Гутаркі”, і асабліва ў паэмах “Тарас на Парнасе” і “Энеіда навыварат”.

У першай палове ХIX ст. пачала адраджацца беларуская літаратура. Ля яе вытокаў стаяць Ян Чачот ( “Вясковыя песні з-над Нёмана і Дзвіны”), Ян Баршчэўскі ( “Шляхціч Завальня або Беларусь ў фантастычных апавяданнях”), В. Дунін-Марцынкевіч ( “Сялянка”, “Вечарніцы”, “Пінская шляхта”). З іменем Дуніна –Марцынкевіча звязана і стварэнне першай нацыянальнай тэатральнай трупы. 9 лютага 1852 г. у час прэм’еры камічнай оперы “Сялянка”(аўтар лібрэтта В. Дунін-Марцынкевіч, кампазітары С. Манюшка, К. Кжыжаноўскі) са сцэны Мінскага тэатра упершыню загучалі беларускія песні, гаворкі, прымаўкі.

Значную ролю ў развіцці беларускага выяўленчага мастацтва адыграў Віленскі ўніверсітэт, дзе было аддзяленне жывапісу. Менавіта там атрымалі адукацыю выдатныя беларускія мастакі В. Ваньковіч, І. Хруцкі і іншыя. У цэлым для выяўленчага мастацтва першай паловы ХIX ст. характэрны рысы класіцызму, рамантызму і паступовы пераход да рэалізму. З сюжэтнага пункту погляду характэрны аперажальнае развіццё партрэтнага жанру і пейзажа.

Выдатным мастаком быў В. Ваньковіч, які працаваў пераважна ў партрэтным жанры. У стылі рамантызма выкананы вядомы партрэт паэта А. Міцкевіча на гары Аю-Даг. І. Хруцкі на беларускай глебе развіў лепшыя традыцыі рускага партрэтнага жанру. Але ён найбольш вядомы як майстар нацюрморта. Я. Дамель спалучаў у сваёй творчасці элементы класіцызму, рамантызму і рэалізму. Гэта знайшло адлюстраванне ў шэрагу гістарычных палотнаў “Смерць Глінскага ў няволі”, “Вызваленне Касцюшкі з цямніцы”, “Адступленне французаў праз Вільню ў 1812 г.” і інш. Заснавальнікам беларускага рэалістычнага пейзажа лічыцца В. Дмахоўскі. Вядомасць яму прынеслі палотны “Радзіма”, “Возера Свіцязь”, “Заход сонца” і інш.

У архітэктуры першай паловы ХIX стагоддзя таксама галоўным накірункам стаў класіцызм. У цэлым жа ў гэты перыяд адчуваўся ўплыў еўрапейскай, рускай культур, але ў той жа час усё больш рэльефна вызначаюцца асаблівасці беларускай нацыянальнай культуры.






ТОП 5 статей:
Экономическая сущность инвестиций - Экономическая сущность инвестиций – долгосрочные вложения экономических ресурсов сроком более 1 года для получения прибыли путем...
Тема: Федеральный закон от 26.07.2006 N 135-ФЗ - На основании изучения ФЗ № 135, дайте максимально короткое определение следующих понятий с указанием статей и пунктов закона...
Сущность, функции и виды управления в телекоммуникациях - Цели достигаются с помощью различных принципов, функций и методов социально-экономического менеджмента...
Схема построения базисных индексов - Индекс (лат. INDEX – указатель, показатель) - относительная величина, показывающая, во сколько раз уровень изучаемого явления...
Тема 11. Международное космическое право - Правовой режим космического пространства и небесных тел. Принципы деятельности государств по исследованию...



©2015- 2024 pdnr.ru Все права принадлежат авторам размещенных материалов.